Расія нанесла ўдар па Краматорску, як мінімум чацвёра загінулых
Кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Вадзім Філашкін паведаміў, што ў выніку аднаго з удараў загінулі трое супрацоўнікаў цеплазабеспячальнай арганізацыі, якія правяралі гатоўнасць сеткі да ацяпляльнага сезона. Яшчэ шэсць чалавек атрымалі раненні.
Фота: t.me/VadymFilashkin
Пашкоджанні атрымалі як мінімум 15 шматкватэрных дамоў, дзве навучальныя ўстановы, адміністрацыйны і гаспадарчы будынкі, а таксама два аўтамабілі.
Вадзім Філашкін заклікаў жыхароў Краматорска не адкладваць эвакуацыю.
«Сёння заставацца ў горадзе — значыць штодня рызыкаваць жыццём», — напісаў ён.
Акрамя таго, як мінімум дзевяць чалавек пацярпелі ў выніку атакі на Харкаў. Разбураны жылы дом, пашкоджаныя вытворчы будынак цывільнага прадпрыемства, шматпавярховы і прыватныя жылыя дамы, гаспадарчыя пабудовы і легкавыя аўтамабілі.
У Кіеве ў выніку атакі беспілотнікаў на энергетычныя аб’екты часткова знікла электрычнасць у Шаўчэнкаўскім, Святошынскім, Саламянскім і Пячэрскім раёнах. Пацярпелі 12 чалавек. Пашкоджаныя жылы дом, медыцынская ўстанова, прадпрыемства грамадскага харчавання, сталічны рынак і аўтамабілі.
Чытайце таксама:
Расія зноў атакавала Інстытут кардыялогіі ў Кіеве
Расіяне ўдарылі па трасе Кіеў — Адэса. Загінулі тры чалавекі
Расіяне ўдарылі па парку ў Харкаўскай вобласці. Пяцёра загінулых, у тым ліку немаўля ў вазку