У цэнтры Мінска адрэстаўравалі дом, пабудаваны для турэмшчыкаў Валадаркі
У цэнтры Мінска завяршылі капітальны рамонт дома на вуліцы Валадарскага, 4, які пабудавалі ў 1904 годзе для супрацоўнікаў размешчанай побач турмы. Будынак рыхтуюць да ўводу ў эксплуатацыю, піша Blizko.by.
Фота: t.me/minskstroybelarus
Падчас рамонту будынку, як сцвярджаецца, вярнулі гістарычнае аблічча. На фасадзе дэмантавалі элементы, якія не адпавядалі першапачатковаму выгляду, у тым ліку казырок і кандыцыянеры. На месцы старога балкона зрабілі новы, аднавілі ляпніну, дэкаратыўныя цягі паміж першым і другім паверхамі, а таксама пашкоджаныя ўчасткі тынкоўкі. Акрамя таго, у доме ўсталявалі сучасны фальцавы дах з новай кроквеннай сістэмай.
Будаўнікі таксама замянілі абсталяванне цеплавога пункта, інжынерныя камунікацыі ў падпольных каналах, сеткі газазабеспячэння, электрашчыткі і вокны ў месцах агульнага карыстання. У кватэрах праклалі новыя трубы водазабеспячэння і каналізацыі.
Фота: t.me/minskstroybelarus
Паколькі будынак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, усе работы праводзіліся пад навуковым кіраўніцтвам.
Дом на вуліцы Валадарскага ўзвялі на мяжы XIX і XX стагоддзяў для супрацоўнікаў турмы, якая знаходзілася па суседстве. На першым паверсе знаходзілася чатырохпакаёвая кватэра начальніка ўстановы Іосіфа Адольфавіча Воляна і тры пяціпакаёвыя кватэры. У адной з іх жыў яго памочнік.
Фота: t.me/minskstroybelarus
На другім паверсе былі дзве двухпакаёвыя кватэры: адну займала памочніца начальніка турмы, другую — турэмны наглядчык. Таксама там размяшчаліся пяціпакаёвая кватэра памочніка справавода турэмнай інспекцыі, кватэра турэмнага службоўца і трохпакаёвая кватэра памочніка начальніка турмы.
Чытайце таксама:
У Нясвіжы з буйной зніжкай прадалі двухпавярховы гістарычны асабняк
Палац Горватаў у Нароўлі працягвае аднаўляцца. Дах цалкам адрэстаўраваны