БЕЛ Ł РУС

Мінчук паказаў, як разам з суседзямі прывёў у парадак пад’езд

25.10.2026 / 18:25

Арына Жураўская

Колькі ж патрацілі?

Дзмітрый распавёў у Threads, што некалькі гадоў не быў у Мінску. А калі прыехаў да бацькоў, вельмі ўразіўся домам: «Пад’езд выглядаў як уваход у свінарнік. І гэта ў цэнтры горада, пасля капрамонту». 

Разам з суседзямі мужчына навёў парадак у пад’ездзе. Яны набылі фарбу, зрабілі металічную таблічку па сваім макеце, замянілі непрыгожыя налепкі, адмылі парапет і дзверы ад грыбку і падцёкаў. 

Каштавала гэта агулам 70 даляраў. Цікава, што большую частку сумы — 40 даляраў — каштавала стылёвая шыльдачка з алюмінію (замаўляў яе мужчына ў Швецыі — прыйшла праз тыдзень). 

Першапачаткова Дзмітрый думаў прыклеіць новую шыльду паверх старой на вадкія цвікі, але спужаўся, што ўзімку яна можа ўпасці. А свідраваць самастойна не адважыўся. Пайшоў у ЖЭС узгадняць змены, але там людзям было ўсё роўна: «Цётка ўнутры: «Нічога ўзгадняць не трэба. Прыносьце хоць касмічны карабель, усё павесім». Павесіў шыльдачку майстар ужо праз гадзіну. 

За дзень галінка набрала больш за 100 тысяч праглядаў і 3,5 тысяч падабаек. А ў каментарах высветлілася, што напраўду шмат хто з беларусаў не чакае цудаў ад ЖЭСа і робіць рамонт у пад’ездах самастойна.

Адзін з каментатараў палічыў допіс за знак, што і яму надышоў час заняцца прывядзеннем у парадак пад’езду.

Нехта жартаваў, што ЖЭС аналагічныя працы ацаніў бы на 7 тысяч даляраў. Але шмат хто і абураўся тым, што людзі вымушаны рабіць тое, на што рэгулярна пералічваюць грошы. 

Чытайце таксама:

Як законна пазбавіцца ад небяспечнага дрэва ў двары і не атрымаць штраф

У Баранавічах праблема: людзі і жывёлы пакідаюць фекаліі ў пад’ездах і ліфтах, а камунальнікі за імі адмаўляюцца прыбіраць

У Слуцку жанчыну аштрафавалі за пакінутыя каля сметніцы добрае адзенне і лінолеум. Людзі не вытрымалі, даведаўшыся пра гэта

Каментары да артыкула