У Слуцку жанчыну аштрафавалі за пакінутыя каля сметніцы добрае адзенне і лінолеум. Людзі не вытрымалі, даведаўшыся пра гэта
Сюжэт пра случчанку Ірыну, якую прыцягнулі да адказнасці за вынесеныя да кантэйнераў рэчы, справакаваў эмацыйную рэакцыю.

Случчанка Ірына вынесла да смеццевых бакаў два пакеты з ношаным, непатрэбным ёй больш, але добрым адзеннем і рулон лінолеума ў надзеі, што рэчы спатрэбяцца іншым. Аднак гэты ўчынак трапіў у аб’ектыў камеры відэаназірання: жанчыну выклікалі ў ЖЭС і склалі пратакол за пакіданне буйнагабарытнага смецця не там, дзе трэба. Цяпер ёй пагражае штраф да 1350 рублёў.
Сваёй гісторыяй Ірына падзялілася на ютуб-канале «Слуцк ТВ», пасля чаго на яе звярнулі ўвагу аўтары тыкток-акаўнта «Беларусьфакты». Калі арыгінальнае відэа за 12 дзён набрала сціплыя 1,5 тысячы праглядаў, то ролік у тыктоку за суткі паглядзелі больш за 3,4 мільёна разоў, пакінуўшы амаль 4300 каментароў.
Абсалютным лідарам па водгуках (больш за 86 тысяч лайкаў) стала іранічная рэпліка:
«Самы небяспечны злачынца злоўлены, краіна можа спаць спакойна».

Другая па папулярнасці рэпліка:
«Ужо не ведаюць, як з людзей грошы адабраць».

Не менш падтрымкі знайшоў і заклік:
«Людзі, што з вамі?!!!! Махляроў лавіце! Дзяўчына сваім пакетам магла рэальна камусьці дапамагчы».

У каментарах людзі шчыра не разумеюць логікі:
«Хто гэта прыдумляе?»

Многія з горкай іроніяй заўважаюць:
«Штраф за дабрыню! Казала мне бабуля: не хочаш зла — не рабі дабра», «Нельга ў РБ рабіць дабро, сабе горш зробіш…»

Карыстальнікі масава адзначаюць, што такі спосаб пазбаўляцца ад непатрэбных, але прыдатных рэчаў — звыклая практыка:
«Божа, якое трызненне, чалавек хацеў добрую справу зрабіць»; «Поўнае трызненне, я заўсёды пакідаю адзенне»; «Першы раз такое чую, што нельга. Гэта дапамога нішчымным, хіба гэта дрэнна?»; «Першы раз такое чую. У нас у двары ўсе так робяць».

Каментатары ахвотна дзеляцца ўласным досведам:
«Чаму гэта забаронена? Я са сметніка так сцягнуў мікрахвалеўку, 3 працоўныя кінескопавыя тэлевізары, 2 камп’ютары, пасудамыйку і чайнік з невялікімі паломкамі».
«МІНСК… 2 паверх кватэры, назіраю: дзяўчына паставіла 2 велізарныя пакеты з адзеннем… Падышлі бабулі і маладая жанчына, перагледзелі абодва пакеты, падзялілі пароўну і забралі дадому… Калі адзенне добрае, навошта кідаць у кантэйнер? У Германіі ды ў краінах еўрапейскіх ставяць пакеты з адзеннем. Патрэбнае забяруць… У чым віна дзяўчыны?»

Пры гэтым беларусы звяртаюць увагу на адсутнасць адпаведнай інфраструктуры:
«Цікава, а дзе ў нас ставяць кантэйнеры для буйнагабарытнага смецця? Ніводнага не бачыла», «Чаму ў нас няма кантэйнераў для адзення, як у іншых краінах?!»

Паводзіны прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай гаспадаркі выклікалі ў людзей асобную хвалю эмоцый.
«Усё нармальна? З глузду з’ехалі? Дзяўчына добрую справу зрабіла», — заўважае нехта.

«Добрая справа — паставілі камеры каля сметнікаў: можна лёгка стварыць бачнасць актыўнай працы, не падымаючыся з крэсла…», — дадае яшчэ адзін карыстальнік.

Беларусы прапануюць:
«А можа, іх аштрафаваць за адсутнасць патрэбных кантэйнераў?»
«Дык няхай ставяць кантэйнеры Чырвонага Крыжа ці яшчэ якіх арганізацый паболей, а не адзін кантэйнер на горад».
«А чаму ЖЭСы не караюць за невыкананне сваіх непасрэдных абавязкаў? Напрыклад, калі ў шматпавярховіках своечасова не прыбіраюць пад’ездаў, а на некаторых падворках і прылеглых тэрыторыях доўгі час валяецца смецце і яго не прыбіраюць, бо бракуе дворнікаў і г.д. А, я забыўся, гэта ж іншае».

Ёсць і больш эмацыйныя запісы:
«Абсурд творыцца ў краіне з усімі гэтымі забаронамі!!! У Расіі вучымся татальнаму тэрору?? Заўтра будзеце рэгістраваць курэй і трусоў??? Сабак і катоў ужо палічылі…… Дэпутаты!, вы ж былі звычайнымі людзьмі, а цяпер што робіцца ў вас у галовах??? Забыліся, як жыве звычайны народ??? Уключыце хоць рэшткі сумлення!!!!!!»

Зрэшты, сярод тысяч абураных каментароў знаходзяцца і адзінокія галасы прыхільнікаў цвёрдага парадку:
«Мяркуючы па каментарах, у краіне ладу ніколі не будзе».

Цяпер чытаюць
У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі
У Чэхіі палякі збілі паляка, прыняўшы яго за ўкраінца з-за шапкі ў колерах Верхняй Сілезіі. Хлопец ехаў у велапрабег дзеля хворай на рак цяжарнай партнёркі
«Час, які патрабуе надзвычайнай асцярожнасці». Польскі вундэркінд, які стаў галоўным навукоўцам OpenAI, патлумачыў, чаму менавіта зараз ШІ можа вырвацца з-пад кантролю
Каментары