БЕЛ Ł РУС

Праз больш чым 30 гадоў адсутнасці ў Беларусі зноў заўважылі прыкметы жыцця хахулі

23.10.2026 / 23:07

Nashaniva.com

У Беларусі знайшлі прыкметы таго, што на яе тэрыторыі жыве руская хахуля — від, які з 1990‑х гадоў лічыўся ў краіне зніклым. Сляды жывёлін выявілі ў пойменных вадаёмах ракі Сож у Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Пра гэта паведаміў навукова-практычны цэнтр біярэсурсаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, піша выданне «Смартпрэс».

Хахуля. Здымак ілюстрацыйны. Фота: sev-in.ru

Даследаванне праводзіла вядучая навуковая супрацоўніца цэнтра Ірына Крышчук разам са спецыялістамі па хахулі Марыяй і Аляксандрам Ануфрэнямі з Окскага біясфернага запаведніка ў Расіі.

Саміх жывёлін навукоўцы не бачылі, але знайшлі характэрныя сляды іх жыццядзейнасці: норы з падводнымі ўваходамі і ракавіны прэснаводных малюскаў, раскрытыя асаблівым чынам.

«Разнастайнасць тыпаў сховішчаў у спалучэнні са стабільнай кармавой базай сведчыць пра захаванне невялікіх лакальных папуляцый гэтага віду ў абследаваных пойменных вадаёмах ракі Сож», — расказала Крышчук.

Хахуля — сваячка крата, якая існуе на Зямлі каля васьмі мільёнаў гадоў. Большую частку часу яна праводзіць пад зямлёй і пад вадой, таму ўбачыць яе ў прыродзе вельмі складана. Арыентавацца ў навакольным асяроддзі і знаходзіць ежу жывёліне дапамагаюць адчувальны хабаток і вібрысы.

У Беларусі колькасць хахулі рэзка скарацілася яшчэ да сярэдзіны XX стагоддзя. У 1981 годзе від уключылі ў першае выданне нацыянальнай Чырвонай кнігі. Аднак у другое выданне, якое выйшла ў 1993 годзе, яго ўжо не ўнеслі, бо на той час хахуля лічылася ў краіне зніклай.

Цяпер навукоўцы маюць намер працягнуць пошукі месцаў, дзе жыве гэта жывёла. Жыхароў басейна Сожа просяць паведамляць спецыялістам пра магчымыя прыкметы яе прысутнасці. Сярод іх — падводныя хады каля нор, характэрныя сляды лап і месцы кармлення з рэшткамі ракавін малюскаў.

Хахуля належыць да відаў, якім пагражае знікненне, і не толькі ў Беларусі, а ўвогуле. Асноўны арэал яе жыцця — тэрыторыя еўрапейскай часткі Расіі ў басейнах Дона, Волгі, Урала і вярхоўяў Дняпра. Але і там на працягу XX стагоддзя яе колькасць няўхільна скарачалася праз змяненне пойменных экасістэм, меліярацыю, гібель у рыбалоўных сетках і распаўсюджванне амерыканскай норкі.

У Беларусі ў 1950‑х гадах рабілі спробы аднавіць папуляцыю хахулі ў пойме таго ж Сожа.

Чытайце таксама:

Хахулін лёс

Чырванакніжны журавель гуляў у Мінску каля школы

За апошнія 14 гадоў мядзведзяў у Беларусі стала ў 10 разоў больш

У Мінску заўважаюць незвычайных птушак. Ці патрэбная ім дапамога людзей?

Каментары да артыкула