Рабіць вагоны для мінскага метро зноў хочуць даручыць «Штадлеру»
Завод «Штадлер Мінск» зноў можа пачаць пастаўляць вагоны для Мінскага метрапалітэна. Пра гэта заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава падчас наведвання прадпрыемства, піша БелТА.
Фота: БелТА
Паводле слоў чыноўніцы, у «Штадлера» ёсць усе неабходныя кампетэнцыі для вытворчасці вагонаў метро. Магчымасці іншага прадпрыемства — «Белкамунмаш» — таксама вывучалі, але высветлілася, што пакуль яно не валодае адпаведнымі тэхналогіямі і навыкамі. Качанава нагадала, што раней «Штадлер» ужо пастаўляў вагоны для сталічнай падземкі.
Наталля Качанава высока ацаніла тэхналагічны ўзровень завода і якасць яго прадукцыі, у тым ліку трамваяў і вагонаў. Паводле яе слоў, прадпрыемства мае добры партфель заказаў і працуе на экспарт. У прыватнасці, цяпер яно выконвае заказ для Казахстана.
Фота: БелТА
У канцы кастрычніка Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў працу «Штадлера», заявіўшы, што прадпрыемства не дае чаканых вынікаў. Паводле яго слоў, абяцанні ўласнікаў стварыць беларускі цягнік да стадыі вытворчасці не былі рэалізаваныя, а вытворчыя магутнасці завода загружаныя далёка не цалкам. Ён даручыў Камітэту дзяржаўнага кантролю праверыць сітуацыю і ацаніць ролю Беларускай чыгункі як спажыўца прадукцыі завода.
Кампанія Stadler працуе ў Беларусі з 2014 года. Пасля ўвядзення санкцый у 2022‑м вытворчасць цягніковых саставаў на заводзе ў Фаніпалі спынілася. Швейцарская кампанія па-ранейшаму валодае ўсімі акцыямі беларускага прадпрыемства і падтрымлівае яго, разлічваючы аднавіць працу пасля зняцця санкцый. У 2024 годзе беларускія ўлады паведамлялі пра магчымасць прыходу на завод расійскіх інвестараў, але пра канкрэтныя крокі ў гэтым кірунку пакуль не паведамлялася.
Чытайце таксама:
У карпарацыі Stadler расказалі, якая сітуацыя з яе заводам у Беларусі
«Штадлер» не мае намеру прадаваць завод у Фаніпалі. Хоць беларускія чыноўнікі сцвярджалі іншае
Якія вагоны паставяць у мінскае метро замест штадлераўскіх ФОТА