БЕЛ Ł РУС

Зборнай Сенегала вярнулі Кубак Афрыкі, заваяваны амаль год таму

24.11.2026 / 20:27

Nashaniva.com

Спартыўны арбітражны суд (CAS) вярнуў футбольнай зборнай Сенегала тытул пераможцы Кубка афрыканскіх нацый 2025 года, адмяніўшы рашэнне пра тэхнічнае паражэнне ад Марока. Такім чынам, мараканская каманда страціла тытул, які ёй раней прысудзілі пасля апеляцыі.

Галкіпер зборнай Сенегала Эдуар Мяндзі з Кубкам афрыканскіх нацый. Фота: Federico Pestellini/Eurasia Sport Images/Getty Images

Спрэчка ўзнікла вакол фінальнага матчу турніру, які прайшоў у студзені 2026 года. Асноўны час сустрэчы завяршыўся з лікам 0:0. У дадатковы час сенегальцы забілі гол, але арбітр Жан-Жак Нгамба Ндала яго не залічыў, зафіксаваўшы парушэнне правіл. Пасля гэтага ён прызначыў пенальці ў вароты Сенегала.

У знак пратэсту галоўны трэнер сенегальцаў Пап Т'яў вывеў каманду з поля. Аднак па ініцыятыве нападніка Садзьё Манэ футбалісты вярнуліся і працягнулі гульню. Мараканскі паўабаронца Браім Дыяс не рэалізаваў пенальці, а затым сенегалец Пап Гее забіў адзіны гол у матчы. Сенегал перамог з лікам 1:0.

Федэрацыя футбола Марока абскардзіла вынік сустрэчы, сцвярджаючы, што сыход сенегальцаў з поля быў парушэннем рэгламенту турніру. На думку мараканскага боку, суддзя павінен быў датэрмінова спыніць матч, але гэтага не зрабіў. Афрыканская канфедэрацыя футбола пагадзілася з гэтымі аргументамі, прысудзіла Сенегалу тэхнічнае паражэнне з лікам 0:3 і абвясціла Марока пераможцам Кубка Афрыкі.

Сенегальская федэрацыя падала апеляцыю ў CAS. Яна спасылалася на дактрыну гульнявога поля (field of play), паводле якой рашэнне арбітра аднавіць матч пасля вяртання каманды на поле не падлягае перагляду.

У выніку CAS адмяніў рашэнне афрыканскай канфедэрацыі і вярнуў тытул Сенегалу. Для гэтай зборнай гэта другая перамога ў Кубку афрыканскіх нацый: упершыню яна выйграла турнір у 2021 годзе. Марока станавілася чэмпіёнам Афрыкі ў 1976 годзе.

Чытайце таксама:

Капітан зборнай Марока адмовіўся ад трафею Кубка Афрыкі паcля парады маці

Скандал у футболе: праз два месяцы ў Сенегала забралі тытул пераможцы Кубка Афрыкі

Зборная Сенегала стала чэмпіёнам Афрыкі па футболе, перамогшы ў скандальным фінале

Каментары да артыкула