Навука і тэхналогіі54

Эстонія: як выглядае моцная лічбавая нацыя ХХІ стагоддзя

Павел Буча — малады беларускі прадпрымальнік, які сумесна з партнёрамі мае прыбытковы бізнэс у сферы будаўнічых паслуг. Першы час яны ажыццяўлялі дзейнасць выключна на беларускім рынку, але потым вырашылі папрацаваць у ЕС.

Павел Буча ацаніў, якая перавага — працаваць у лічбавай дзяржаве.

«Мы вырашылі пашырыцца і паспрабаваць сябе на заходніх рынках. Першае, што прыйшло нам у галаву, — краіны Балтыі. Першапачаткова праз пасярэднікаў мы стварылі фірму ў Эстоніі. З-за пасярэднікаў гэта быў працяглы і дарагі працэс. Але потым мы даведаліся, што маглі ўсё зрабіць значна прасцей і хутчэй: пры дапамозе эстонскага электроннага рэзідэнцтва. Дастаткова толькі зрабіць эстонскую ID-картку, і любую фірму можна адкрыць за некалькі дзясяткаў хвілін, а падаткі аплачваць у некалькі клікаў. Таксама ўсе кантракты можна падпісваць у электронным выглядзе! Гэта рэальна эканоміць нервы, грошы і час», — распавядае Павел.

Пакуль Беларусь толькі збіраецца будаваць IT-краіну і робіць першыя кволыя крокі ў тым, каб перавесці адміністрацыйныя паслугі ў лічбавы фармат, Эстонія, адная з самых маленькіх былых савецкіх рэспублік, ужо стала сапраўднай лічбавай нацыяй і першай у свеце рэалізавала канцэпцыю «электроннага рэзідэнцтва».

Атрымаць даведку, заплаціць штрафы і падаткі, прагаласаваць на выбарах, мець імгненны доступ да медыцынскай выпіскі са станам здароўя — далёка не поўны пералік таго, што эстонцы могуць рабіць праз камп’ютар ці смартфон ужо цяпер. Больш за тое, некаторыя паслугі (адкрыццё эстонскай фірмы, падпісанне кантрактаў з эстонскімі фірмамі, аплата падаткаў у некалькі клікаў) даступныя нават для нерэзідэнтаў, у тым ліку беларусаў.

«Наша Ніва» на прыкладзе Эстоніі паказвае, як выглядае самая перадавая ў свеце дзяржаўная сістэма аказання адміністрацыйных паслуг і як працуе «электроннае рэзідэнцтва».

Самае складанае тут — атрымаць саму ID-картку. Пасля таго, як чыноўнікі ўхваляць вашу заяву, вы становіцеся «электронным рэзідэнтам» Эстоніі. Гэты статус не дае вам аўтаматычнае права жыць у Эстоніі, але «электронны рэзідэнт» можа спакойна весці гаспадарчую дзейнасць на тэрыторыі Эстоніі і нават карыстацца некаторымі сэрвісамі, даступнымі для грамадзян Эстоніі.

Дарэчы, 99% дзяржаўных паслуг даступныя праз электронны партал, таму эстонцы ўжо забыліся, як выглядаюць папяровыя бланкі.

Разам з ID-карткай карыстальнікі сістэмы атрымліваюць спецыяльны рыдар, які падключае картку да камп’ютара.

Грамадзяне Эстоніі і электронныя рэзідэнты ўсю сваю дзейнасць могуць ажыццяўляць праз два асноўныя парталы:

  1. www.rik.ee — партал для рэгістрацыі бізнэсу. Тут можна, напрыклад, адкрыць ці закрыць фірму, аформіць чалавека на працу і г.д.
  2. www.eesti.ee — адзіны партал для дзяржаўных паслуг. Пералічыць усё проста немагчыма — тут можна атрымаць абсалютна любую дзяржаўную паслугу. І ўсё ў некалькі клікаў. Поўны пералік можна пабачыць на старонцы https://www.eesti.ee/rus/uslugi/grazhdanin

Як Эстонія прыйшла да такога «лічбавага раю»?

Калі краіна ў 1990 годзе аднавіла незалежнасць, Эстонія паўстала перад дылемай: што рабіць далей? Маленькая краіна з насельніцтвам у 1,4 млн не мела фактычна нічога, акрамя выхаду ў мора і моцнай волі. Праз амаль поўную адсутнасць усялякіх рэсурсаў краіна вырашыла зрабіць стаўку на камп’ютарызацыю.

Гэта быў сур’ёзны і асэнсаваны стратэгічны выбар — і краіна не прагадала.

Ужо ў 1997 годзе кожная эстонская школа мела камп’ютары з доступам у інтэрнэт. У гэтым жа годзе грамадзяне атрымалі магчымасць атрымліваць некаторыя адміністрацыйныя паслугі праз інтэрнэт.

У 2000 годзе запрацавала сістэма электроннай аплаты падаткаў. Цяпер, каб заплаціць падаткі, эстонцу патрабуецца ў сярэднім 3—5 хвілін вольнага часу. Больш за 95% падатковых дэкларацый у Эстоніі запаўняюцца ў электронным выглядзе.

У 2001 годзе ў Эстоніі з’явілася адзіная дэцэнтралізаваная база даных X-Road.

Праз яе абсалютна любы грамадзянін можа атрымаць інфармацыю пра іншага грамадзяніна, але толькі пры адной умове: інтарэс павінен быць абгрунтаваны, а звесткі — не датычыць прыватнага жыцця і здароўя. Напрыклад, журналіст піша артыкул і хоча даведацца, якая машына ў мясцовага чыноўніка — калі ласка. Грамадская арганізацыя хоча паглядзець, адкуль у суддзі грошы на паездку на Мальдывы, — не праблема.

Праўда, чалавек, чые даныя вы адсочваеце, можа бачыць, хто, як і калі цікавіўся яго данымі.

Фактычна, Эстонія здолела пабудаваць канцэпцыю «празрыстага грамадства», дзе ўзаемная празрыстасць з’яўляецца не праблемай, а, наадварот, гарантыяй абароны грамадства.

У 2001 годзе ў Эстоніі таксама з’явіліся ID-карты, якія дазваляюць грамадзянам краіны атрымліваць усе дзяржаўныя паслугі, ажыццяўляць банкаўскія аперацыі, падпісваць дакументы і нават атрымліваць медыцынскі рэцэпт на лекі. Чакаецца, што ў Беларусі ID-карты з’явяцца толькі ў 2019 годзе, але далёка не факт, што ўладальнікі беларускіх ID-карт будуць мець такія ж магчымасці, як грамадзяне Эстоніі.

У 2005 годзе, калі беларуская ўлада пераймяноўвала праспекты сталіцы, Ксенія Сітнік выйграла дзіцячае «Еўрабачанне», а беларуская апазіцыя вырашала, хто будзе адзіным кандыдатам, Эстонія стала першай краінай у свеце, якая прапанавала сваім грамадзянам прагаласаваць на нацыянальных выбарах праз інтэрнэт. Эстонская сістэма электроннага галасавання дазваляе прагаласаваць усяго за 3 хвіліны і ў прынцыпе выключае любыя магчымыя фальсіфікацыі.

У 2007 годзе Эстонія пачала выкарыстоўваць IT для забеспячэння публічнай бяспекі. Службы бяспекі выйшлі на абсалютна новы ўзровень працы. Напрыклад, у 93% выпадкаў хуткая дапамога адказвае на тэлефанаванне не пазней за 10 секунд, а

дарожнай паліцыі забаронена спыняць аўтамабілістаў для тэхнічных праверак, паколькі ўся інфармацыя знаходзіцца на бартавых камп’ютарах.

Пакуль Нацбанк Беларусі толькі стварыў інфармацыйную сетку па тэхналогіі блокчэйн, Эстонія пачала эксперыменты з гэтай тэхналогіяй яшчэ ў 2008 годзе, калі яна толькі з’явілася. Цяпер балтыйская краіна з’яўляецца сусветным лідарам у тэхналогіі блокчэйн, а напрацоўкамі эстонскіх праграмістаў карыстаюцца ў NATO, інстытутах ЕС і нават у Міністэрстве абароны ЗША.

Таксама ў 2008 годзе эстонскія пацыенты атрымалі анлайн-доступ да ўсіх сваіх даных пра здароўе. Цяпер 95% даных, якія генеруюцца ў эстонскіх шпіталях і паліклініках, — у лічбавым фармаце. Кожны жыхар Эстоніі мае электронны запіс, які ўтрымлівае спіс усіх медычных паказанняў, аналізаў, рэцэптаў, флюараграфію і гэтак далей. Прасцей працуецца і лекарам — у любы момант яны могуць прагледзець электронны запіс стану здароўя пацыента.

Пісьменнікі-фантасты ў сваіх антыўтопіях палохалі нас тым, што калі дзяржава атрымае доступ да тэхналогій і зможа кантраляваць дзейнасць кожнага чалавека, грамадзяне стануць паднявольнымі, дзяржавы стануць цалкам таталітарнымі і дэмакратыя апынецца пад пагрозай знікнення. Але

прыклад Эстоніі сведчыць: у добрых руках тэхналогіі, наадварот, робяць грамадства ўзаемна празрыстым, бяспечным, а дэмакратыя ўзмацняецца, што робіць чалавека больш вольным, а дзяржаўны апарат —эфектыўным.

Прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд.

Справядліва заўважыла прэзідэнт Эстоніі Керсці Кальюлайд у сваім артыкуле для выдання The Telegraph: «Нашы грамадзяне будуць жыць у глабальным і лічбавым свеце. Калі мы гэтага не зробім — дзяржава проста спарахнее».

Прыклад Эстоніі яскрава сведчыць нам пра тое, на што здольная нават невялікая краіна, але з вялікімі ідэямі і моцнай воляй.

І мы, беларусы, у сваю чаргу павінны пераасэнсаваць тое, што маем зараз, а таксама адказаць на два простыя пытанні: якой мы бачым нашу краіну ў будучыні і якое наша месца ў свеце?

Каментары54

«Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча8

«Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць