«Страціў сына ў пажары і знік сам». Шукаюць беларуса, які знік амаль 40 гадоў таму
Днямі ў сацсетках з'явілася незвычайная арыенціроўка: шукаюць Мікалая Ярашэвіча, які знік у канцы лета 1989 года. Гэта значыць, амаль 40 гадоў таму.

Як расказала Onliner каардынатарка пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» Юлія Коўган, заяву ў міліцыю падала родная сястра мужчыны Раіса. Журналісты звязаліся з жанчынай і даведаліся, якая гісторыя стаіць за гэтым пошукам.
«Пайшоў на працу і не вярнуўся»
У 1989 годзе сям'я Мікалая Ярашэвіча жыла ў Чэрвені — невялікім горадзе прыкладна за 60 кіламетраў ад сталіцы. Мужчыну было 26 гадоў. Ён быў жанаты і працаваў на мясцовай базе, але на якой менавіта, сваякі не памятаюць.
Незадоўга да знікнення ў сям'і адбылася трагедыя: падчас пажару загінуў маленькі сын Мікалая. Жывой засталася толькі дачка.
— Жылі яны дрэнна, увесь час сварыліся, — узгадвае сястра Мікалая Раіса. — Можа, ён таму і сышоў… Не ведаю.
Перад знікненнем Мікалай зайшоў да маці на працу і папрасіў грошай на партфель для дачкі: набліжалася 1 верасня. Пасля гэтага мама больш ніколі яго не бачыла.
Паводле слоў Раісы, Мікалай знік у канцы жніўня 1989 года. У той дзень ён, як звычайна, пайшоў на працу. Праўда, чамусьці ўзяў з сабой пашпарт і вайсковы білет. Працоўны дзень скончыўся, але дадому мужчына ўжо не вярнуўся. Пазней родныя даведаліся, што на момант знікнення яго жонка была цяжарная трэцім дзіцем.
«Коля — адзіны, каму я была патрэбна»
Спачатку блізкія спрабавалі знайсці Мікалая самастойна: распытвалі знаёмых і сяброў. Нехта казаў, што бачыў яго на аўтавакзале і што мужчына нібыта купіў білет і з'ехаў.

— Але мы так і не змаглі зразумець, ці быў гэта менавіта Коля і куды ён мог накіравацца. Тады мама звярнулася ў міліцыю, і брата абвясцілі ў вышук. Але яго так і не знайшлі. У 2012 годзе мы нават ездзілі ў мінскі філіял праграмы «Чакай мяне», аднак гэта таксама нічога не дало, — кажа Раіса.
— Чаму праз столькі гадоў вы вырашылі аднавіць пошукі брата?
— Коля быў адзіным чалавекам, якому я была патрэбна, — усхвалявана кажа Раіса. — У мяне з нараджэння ДЦП, і ў шэсць гадоў мама аддала мяне ў інтэрнат. Там я пражыла да дзявятага класа. Мяне наведваў толькі Коля — ён быў старэйшы ўсяго на два гады. Мама і тата ніколі не прыязджалі, і мне было вельмі крыўдна. Дадому мяне забіралі толькі на зімовыя і летнія канікулы, і заўсёды па мяне прыязджаў мой брацік. Я правяла з ім усё дзяцінства і вельмі яму ўдзячная. Здавалася, маму цікавіла толькі малодшая сястра — яна была здаровай. А з мяне які быў сэнс? Таму мне так хочацца знайсці Колю: ён быў самым блізкім чалавекам.
Паводле слоў Раісы, праз некалькі гадоў Мікалая прызналі без вестак адсутным. Пазней яго жонка выйшла замуж другі раз.
— Яшчэ ў падлеткавым узросце я даведалася, што наш бацька раней быў жанаты і ў яго ёсць сын у Алтайскім краі. Атрымліваецца, мой зводны брат. Пазней ён прыязджаў да нас у Чэрвень, але з часам мы страцілі сувязь. А літаральна месяц таму, у кастрычніку, ён сам мяне знайшоў, і цяпер мы размаўляем кожны дзень. Ён таксама падаваў заяву на вышук Колі ў Расіі. Але ніхто не адгукнуўся.
Цяпер Раіса спадзяецца, што праз столькі гадоў новыя пошукі дапамогуць даведацца, што адбылося з братам, а магчыма, і пабачыцца з ім.

Калі вам ці вашым знаёмым што-небудзь вядома пра лёс Мікалая Ярашэвіча (19.01.1963 года нараджэння), які знік у 1989 годзе, пошукава-выратавальны атрад «Анёл» просіць паведаміць пра гэта па тэлефонах атрада: 7733 (гарачая лінія, актуальна для ўсіх аператараў сотавай сувязі), +375 33 666-60-33, +375 29 270— 77‑33 або 102.
Прыкметы Мікалая на момант знікнення: рост 175—180 сантыметраў, карыя вочы, цёмныя валасы. З асаблівых прыкмет — татуіроўка з годам нараджэння («1963») на фаланзе пальца і літара «К» на запясці.
«Чалавек можа знайсціся і праз гады»
Юлія Коўган перакананая, што шукаць зніклага варта нават праз шмат гадоў. У архіве пошукава-выратавальнага атрада «Анёл» ёсць гісторыі са шчаслівым канцом.
— У 2019 годзе валанцёры знайшлі мінчука Дзмітрыя Шулінскага. Узімку 2001‑га ён паехаў на заробкі ва ўкраінскі Днепрапятроўск і знік. Пра гэтую гісторыю пісаў Onliner, — згадвае Юлія.
Паводле яе слоў, знайсці мужчыну дапамаглі арыенціроўкі, якія атрад распаўсюдзіў у сацсетках. Іх перадрукавалі мясцовыя СМІ, і Дзмітрыя пазнала знаёмая, з якой ён тады жыў. Жанчына звязалася з «Анёлам» і паведаміла, што з ім усё ў парадку.
— Чаму ён не выходзіў на сувязь з блізкімі?
— У іх, наколькі памятаю, былі складаныя адносіны. Але родныя хаця б даведаліся, што сын жывы і з ім усё добра.
Каментары