Навука і тэхналогіі

«Гэтае «вынаходніцтва» гадоў 20 на складзе праляжала!» Што паказвалі Лукашэнку на нарадзе па мікраэлектроніцы

Цягам гадзіны кіраўніцтва краіны разважала пра нанатэхналогіі, але пры гэтым разглядала схемы, запаяныя на абы-якія правады, спаленыя кандэнсатары і разліты па платах прыпой…

Сёння Аляксандру Лукашэнку дэманстравалі перадавыя айчынныя напрацоўкі ў сферы мікраэлектронікі — гэтаму нават прысвяцілі спецыяльную нараду. Візуальны матэрыял калейдаскопам мяняўся перад афіцыйнымі асобамі. Тады як тлумачэнні, перасыпаныя тэрміналогіяй, павінны былі запэўніць, што санкцыі ў сферы высокіх тэхналогій краіне абыякавыя.

Аднак варта было больш дэталёва разгледзець скрыншоты «прарыўных напрацовак», як людзей, звязаных з гэтай галіной, накрыла істэрыка.

Фота тут і далей: тг-канал пула Лукашэнкі

«Дастаткова глянуць на фота платы з некалькімі кандэнсатарамі, каб схапіцца за галаву. Які дэвайс не згадай, яна туды ні ў пяць, ні ў дзесяць. Нават калі гэта макет пэўнай прылады, то прыкладны сэнс элементу-наватвору і туды не прыдумаць»,

— адзначаюць суразмоўцы, дасведчаныя ў сферы мікраэлектронікі.

І дадаюць, што падобныя платы распрацоўваліся ў лепшым выпадку напачатку стагоддзя, дзесьці ў 2003-м. Можа, менавіта таму яе стан сёння такі безнадзейны: функцыяналу няма, схема запаяная на абы-якія правады, кандэнсатары спаленыя, а па самой плаце ўсюды разліты прыпой…

«Людзі кпяць, маўляў, нешта падобнае рабілі апошнім разам у шостым класе. І, ведаеце, гэта недалёка ад ісціны. Як мінімум па часе. Бо калі ўважліва прыглядзецца да фота, лёгка пабачыць нумар мікрасхемы, які напісаны асадкай.

У сучаснасці ж ідэнтыфікацыя зусім іншая як па тэхналогіі, так і па афармленні, — распавядаюць суразмоўцы. — Такое адчуванне, што дадзенае «вынаходніцтва» некалі даўно для кагосьці індывідуальна распрацавалі, але патрэбы яно так і не займела. З-за чаго 20 гадоў на складзе і праляжала».

Дарэчы, крытыку прафесіяналаў выклікалі не толькі дробязі, але і сама сутнасць нарады разам з фарматам правядзення. Бо недасведчанаму чалавеку нюансы мікраэлектронікі не патлумачыць. Тым больш на прыкладах нейкіх сур'ёзных распрацовак.

«Максімум, што ты можаш атрымаць, — эстэтычнае задавальненне ад колераў ды форм, — аднагалосна сцвярджаюць дасведчаныя людзі. — Калі б не фота з дыёднымі мікрасборкамі, якія ўжо процьму год «Інтэграл» вырабляе, то ўвесь стэнд можна было б назваць «пастановай», а нараду — «перформансам».

Не дадае вістоў палітычным сцверджанням і рэальная вага беларускай прадукцыі на сусветным рынку. Слова «канкурэнтаздольнасць» выклікае сумныя ўсмешкі.

«Ведаеце мем «усё вельмі дрэнна»? Вось гэта пра айчынную мікраэлектроніку. Запытайце ў практыкаў, хто мінімум гадоў 15 працуе ў сферы, колькі разоў за гэты час яны сустракаліся з беларускай «начынкай» у дэвайсах? Дай бог, каб хаця б аднойчы такое спатканне адбылося!»

Суразмоўцы тлумачаць: наладзіць вытворчасць усёй высокадакладнай прадукцыі ў адной краіне немагчыма. Таму амерыканскія напрацоўкі нават унутры аднаго корпуса суседнічаюць з кітайскімі, а акаляе іх які-небудзь карэйскі элемент.

«Мы ж з развалам уласных вытворчасцяў — на «Інтэграле» палова цахоў ужо не адпавядае прызначэнням — адсталі ад сусвету. Нават калі аб'яднаць высілкі з Расіяй, стаць з лідарамі вытворчасці ў адзін шэраг не ўдасца. Хутчэй вернемся ў часы, калі на кітайскія маніторы клеілі этыкеткі «Інтэграла».

А што да санкцый у сферы мікраэлектронікі — ці адчуваюцца яны? Бо Лукашэнка ўслед за Пуціным намякае: калі нечага хапаць не будзе, падгледзім ды «пазычым» на Захадзе альбо Усходзе.

«Бравада дый толькі! — настойваюць суразмоўцы. — Сёння нават ідэі скрасці немажліва. Тыя ж кітайцы зараз супыняюць адгрузку ўласнай вытворчасці на тэрыторыю Расіі ды Беларусі, бо ў аснове іх тэхналогій ляжаць запатэнтаваныя амерыканскія ідэі. І калі нарушыць правілы на карысць нашай дзяржавы, можна самім вельмі моцна пацярпець.

Мікраэлектроніка — сфера, дзе завязаныя інтарэсы вельмі многіх краін. І рызыкаваць вытворчасцю, прыбыткам альбо рынкамі ніхто наўпрост не будзе. Тым больш калі партнёр усё яшчэ падпісвае платы асадкай».

Каментары

Цяпер чытаюць

Хто той неадэкватны беларус, які ляснуў дзіцятка галавой аб падлогу ў маскоўскім Шарамеццеве7

Хто той неадэкватны беларус, які ляснуў дзіцятка галавой аб падлогу ў маскоўскім Шарамеццеве

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус напаў на хлопчыка ў маскоўскім аэрапорце. Дзіця ў коме24

11-гадовы школьнік гуляўся з порахам у бабулі і атрымаў моцныя апёкі галавы1

Вядомую мінскую трэнерку па танцах асудзілі за палітыку4

Тур абяцае кампрамат на тых, хто праз тыкток скардзіцца на ўлады28

Ва Украіне загінуў 42-гадовы выкладчык Полацкага ўніверсітэта, які пайшоў ваяваць за Расію36

Вызвалены з турмы ў Беларусі грамадзянін Латвіі: За тры гады страціў 26 кілаграмаў і цалкам пасівеў12

Маладыя беларусы набылі дом за 42 рублі і пераробліваюць яго ў здымачную пляцоўку3

У Азербайджане выкладчыка асудзілі на 15 гадоў за перапіску з армянамі2

«Людзі ідуць у мячэці, а не лечаць псіхічныя хваробы». Беларускі псіхіятр расказаў аб працы ва Узбекістане і ў Польшчы17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто той неадэкватны беларус, які ляснуў дзіцятка галавой аб падлогу ў маскоўскім Шарамеццеве7

Хто той неадэкватны беларус, які ляснуў дзіцятка галавой аб падлогу ў маскоўскім Шарамеццеве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць