Свет77

Новы лідар Сірыі расказаў, якім будзе лад у краіне, калі пройдуць выбары і якія будуць адносіны з Расіяй

Новы лідар Сірыі Ахмед аль-Шараа паабяцаў правесці выбары ў краіне на працягу чатырох гадоў, а таксама заявіў аб намеры распусціць сваю ўзброеную групоўку «Хаят Тахрыр аш-Шам» (ХТШ).

Ахмед аль-Шараа. Фота: Arda Kucukkaya / Anadolu via Getty Images

ХТШ да гэтага часу фармальна забаронена як тэрарыстычная арганізацыя ў многіх краінах, у тым ліку ў ЗША і ў Расіі. Менавіта гэты рух узначаліў ваенныя дзеянні, якія прывялі да звяржэння прэзідэнта Сірыі Башара Асада.

Масква была найбліжэйшым саюзнікам Асада, які на працягу многіх гадоў заставаўся ва ўладзе шмат у чым дзякуючы падтрымцы расійскай арміі, якая наносіла ўдары па паўстанцах і сірыйскіх гарадах. У Сірыі знаходзяцца расійскія вайсковыя базы, і калі паўстанцкія сілы захоплівалі Дамаск, Асад збег менавіта ў Расію — пры дапамозе войска РФ.

Як піша Бі-Бі-Сі, цяпер новы ўрад пад кіраўніцтвам аль-Шараа ўступіў у перамовы з Масквой і не патрабуе неадкладнага вываду ўсіх расійскіх сіл.

«Расія — важная краіна і лічыцца другой па моцы ў свеце», — сказаў аль-Шараа ў інтэрв'ю саудаўскаму дзяржаўнаму тэлеканалу Al Arabiya (цытата па агенцтве AFP). Сірыйскі лідар дадаў, што Расію і Сірыю звязваюць агульныя стратэгічныя інтарэсы.

«Уся сірыйская зброя мае расійскае паходжанне, і шматлікімі электрастанцыямі кіруюць расійскія эксперты. Мы не хочам, каб Расія сыходзіла з Сірыі так, як хочуць некаторыя», — заявіў аль-Шараа.

У нядзелю міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў сказаў у інтэрв'ю дзяржаўнаму агенцтву «РИА Новости», што лёс расійскіх баз мог бы стаць прадметам перагавораў з новымі ўладамі Сірыі.

«Гаворка ідзе не толькі аб захаванні нашых баз або апорных пунктаў, але і аб умовах іх функцыянавання, зместу і забеспячэння, узаемадзеяння з мясцовым бокам», — заявіў Лаўроў аб будучых перамовах.

Выбары, канстытуцыя і роспуск ХТШ

Лідар ХТШ, які ў мінулым быў вядомы як Абу Махамед аль-Джулані, але адмовіўся ад гэтай падпольнай мянушкі, упершыню пасля прыходу да ўлады сказаў, калі ў Сірыі могуць адбыцца выбары.

«Выбарчы працэс можа заняць чатыры гады», — выказаў меркаванне лідар краіны, растлумачыўшы, што для арганізацыі галасавання яшчэ неабходна аднавіць юрыдычную сістэму і правесці паўнацэнны перапіс насельніцтва Сірыі.

Аль-Шараа таксама сказаў, што стварэнне новай канстытуцыі краіны можа заняць да трох гадоў, а для значнага паляпшэння працы дзяржаўных інстытутаў новым уладам спатрэбіцца каля года.

Па словах аль-Шараа, яго групоўка будзе распушчана на будучай канферэнцыі, дзе пачнецца дыялог паміж рознымі часткамі сірыйскага грамадства. Ён не ўдакладніў, што менавіта гэта значыць і як будзе адбывацца роспуск.

ХТШ раней была звязана з «Ісламскай дзяржавай» і «Аль-Каідай», якія многія краіны свету лічаць тэрарыстычнымі арганізацыямі. Аднак зараз узброены рух на чале з аль-Шараа разарваў з імі сувязі і заяўляе аб намеры забяспечыць правы меншасцяў і прытрымлівацца ўмеранай ідэалогіі.

Як перадае блізкаўсходні аглядальнік Бі-бі-сі, запрашэнні на сірыйскую канферэнцыю былі адпраўленыя розным палітыкам і прадстаўнікам суполак краіны, а таксама грамадзянскай супольнасці, у тым ліку актывістам, якія адстойваюць правы жанчын.

Канферэнцыя стане першай магчымасцю праверыць, ці сапраўды новыя ўлады Сірыі маюць намер выканаць свае абяцанні па аб'яднанні Сірыі.

ХТШ стварыў новы пераходны ўрад Сірыі выключна са сваіх прадстаўнікоў, і некаторыя пачалі крытыкаваць яе за тое, што ў кабінет не патрапілі прадстаўнікі іншых фракцый. У адказ на гэтую крытыку аль-Шараа сказаў, што прызначыў толькі асноўных чальцоў урада і не мае намеру каго-небудзь дыскрымінаваць.

Насельніцтва Сірыі складаецца з мноства этнічных і рэлігійных груп, у тым ліку курдаў, армян, асірыйцаў, хрысціян, друзаў, алавітаў-шыітаў і арабаў-сунітаў. Апошнія складаюць большасць у краіне.

У інтэрв'ю Al Arabiya аль-Шараа таксама паабяцаў, што рэгіянальныя сілы на чале з курдамі стануць часткай нацыянальнай сірыйскай арміі. «Зброя павінна быць толькі ў руках дзяржавы. Мы будзем вітаць любога, хто ўзброены і мае дастатковую кваліфікацыю, каб далучыцца да Міністэрства абароны», — сказаў ён.

Тым часам, паводле звестак Сірыйскага цэнтра маніторынгу за выкананнем правоў чалавека (SOHR), які базуецца ў Брытаніі, за апошні тыдзень у Сірыі былі арыштаваныя каля 300 чалавек, якіх падазраюць у цесных сувязях з рэжымам Асада.

У ліку затрыманых даносчыкі, байцы праўрадавых фармаванняў і былыя вайскоўцы, паведамляе SOHR. Паводле звестак арганізацыі, гэтыя арышты адбываліся «пры садзейнічанні мясцовага насельніцтва».

Каментары7

  • Сябар
    30.12.2024
    Ад Рэд. - дзякуй, выправілі
  • Изя
    30.12.2024
    Беларус, знаю я одну страну(назовем ее условно РБ) где не подготовив народ быстренько сляпали конституцию,быстренько всенародно избрали президента и живут с ним долго и счастливо! И да,ентый президент ни разу не чей вассал!
  • Ніякага шампанскага
    30.12.2024
    за апошні тыдзень у Сірыі былі арыштаваныя каля 300 чалавек, якіх падазраюць у цесных сувязях з рэжымам Асада.

    У ліку затрыманых даносчыкі, байцы праўрадавых фармаванняў і былыя вайскоўцы, паведамляе SOHR. Паводле звестак арганізацыі, гэтыя арышты адбываліся «пры садзейнічанні мясцовага насельніцтва».//

    Вось, што трэба рабіць пасля звяржэння дыктатуры. А не "піць шампанскае", як некаторыя пішуць.

Цяпер чытаюць

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць

Усе навіны →
Усе навіны

Следчы камітэт палохае наступствамі за святкаванне Дня Волі14

Атакаваная газавымяральная станцыя «Суджа» ў Курскай вобласці7

Каралеву бурлеску ўсёй Масквы збілі 8 сакавіка проста падчас выступу4

У 45 гадоў памёр начальнік з Ленінскага РАУС Магілёва12

Чаму мы ўлюбляемся? Навукоўцы абвяргаюць стэрэатыпы16

185 гадоў таму нарадзіўся Францішак Багушэвіч — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры2

У Беларусі ствараюць «адукацыйны хаб не горшы за Гарвард». Што гэта будзе?8

Сяброўка Веры Паляковай-Макей спрабуе прадаць элітны салон прыгажосці больш чым за мільён даляраў23

Трамп ліквідаваў міністэрства адукацыі ЗША67

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць