Грамадства4040

Крык душы Бяспалава пра Ціханоўскага: Ён ператвараецца ў Лукашэнку 2.0, гэта траянскі конь

«Спецслужбы зразумелі, што гэта будзе траянскі конь». Сяргей Бяспалаў, былы прэс-сакратар Сяргея Ціханоўскага, расказвае «Нашай Ніве» пра працу з ім: ад планаў зняць фільм для Netflix да абвінавачванняў, мацюкоў і шантажу.

Фота: Czarek Sokolowski / AP

Увечары 29 лістапада Бяспалаў апублікаваў у фэйсбуку пост, дзе расказаў пра цяжкасці супрацы з Ціханоўскім. Ён патлумачыў «Нашай Ніве», як рашыўся на тую публікацыю, а таксама падзяліўся падрабязнасцямі гісторыі.

Сяргей Бяспалаў: Адчуваў сябе дрэнна, калі Сяргей [Ціханоўскі] мне стаў пісаць і шантажаваць, тады мяне проста круціла. А калі ён пазней пазваніў і пачаў на мяне бруд ліць — маўляў, мразота, п***р — тады я сябе адчуваў вельмі пагана. Маўляў, навошта я ў гэта ўсё ўвязаўся?

Узяў сабе час гэта ўсё пераасэнсаваць і пазней напісаў той пост. Калі я гэта пісаў, у мяне было два варыянты: або схаваць увесь гэты бруд пад дыван і маўчаць, або расказаць праўду. Я выбраў другі варыянт.

«Непрымальна так сябе паводзіць з людзьмі»

«Наша Ніва»: Як вы пазнаёміліся з Сяргеем Ціханоўскім?

СБ: У Беларускім доме [у Варшаве]. Пабачыў, што ў яго складана з арганізацыяй [мерапрыемстваў], і напісаў Аляксандру Кабанаву, таксама звязаўся з уладальнікам дома Алесем Зарамбюком. Напісаў — маўляў, Сярога выйшаў, трэба арганізаваць сустрэчу з блогерамі і СМІ. На той сустрэчы мы і пабачыліся.

«НН»: Якое яна пакінула ўражанне?

СБ: Дваякае. Я бачыў, што Сярога — харызматычны чалавек, але пры гэтым ён пачаў тады неяк націскаць: маўляў, давайце створым нейкую суполку, я буду вам даваць інфармацыю, а вы будзеце яе публікаваць.

Сяргей Бяспалаў

«НН»: Былі для вас у той час нейкія чырвоныя сцягі ў яго паводзінах?

СБ: У яго заўжды былі нейкія хамскія паводзіны. Ён так ставіцца да людзей, што для яго нармальна выкарыстаць чалавека і выкінуць. Напрыклад, ён казаў, што трэба шукаць СММ-шчыцу, але іх мусіць быць шмат, бо, маўляў, пагуляем з адной-другой і выкінем іх. Я тады яшчэ падумаў — стаўленне да людзей як да бруду.

Я дапамог яму знайсці аператара. Праз два тыдні той аператар мне сказаў, што не можа больш працаваць з Ціханоўскім: казаў, што гэта проста шалёны чалавек, ён не ведае, чаго хоча, з ім цяжка працаваць і ён палівае ўсіх брудам. 

У той момант ён яшчэ не мацюкаўся, але цяпер ён ужо пераключаецца на мацюкі. Я думаў, што ён будзе неяк развівацца і знаходзіць з людзьмі супольны кантакт, але ён эвалюцыянуе з часу выхаду ў горшы стан. Па сутнасці ён ператвараецца ў Лукашэнку 2.0.

«НН»: У чым яшчэ гэта выражаецца?

СБ: Ён не хоча нікога слухаць. Ты яму нешта кажаш, ён табе — заткніся, я не хачу з табой размаўляць! А праз 10 хвілін задае нейкае пытанне… Ён так шмат з кім размаўляе, не толькі са мной, і мне здаецца, непрымальна так сябе паводзіць з людзьмі.

«НН»: Як развівалася ваша з ім супраца?

СБ: Яна праходзіла збольшага на адлегласці. Я не так шмат з ім сустракаўся ў рэальным жыцці, і ўсе гэтыя сустрэчы былі вельмі дзіўныя — у Беларускім доме і калі ён вярнуўся з Амерыкі. Мы з ім у асноўным размаўлялі праз сігнал. Ён мог пазваніць мне а трэцяй гадзіне ночы — маўляў, здарова, я ў Амерыцы, рабі тое і тое, трэба сайт абнаўляць. Нейкія дзіўныя парады.

Фота: LookByMedia

Хаця я быў прэс-сакратаром, мае функцыі ўвесь час змяняліся. Я мог і сайтам займацца, і паехаць па фартухі, калі ён гатаваў катлеты на мерапрыемствах.

«У мяне адчуванне, што яго выкарыстоўваюць у сваіх мэтах — што Пракоп’еў, што іншыя людзі»

«НН»: Вы кажаце, Ціханоўскі выкарыстоўвае людзей у сваіх мэтах. Якія ў яго мэты?

СБ: Яго мэты — тое, што для яго карысна ў пэўны момант. Зараз гэта ЗША, ён хоча вучыць англійскую і сустракацца з Трампам. Яму трэба грошы, бо Амерыка — гэта нятанная краіна: наколькі мне вядома, толькі за кватэру ў Лос-Анджэлесе трэба плаціць $2500.

Яго мэты змяняліся ўвесь час. Былі ідэя зрабіць пяць медыяканалаў, рабіць фільмы для Netflix, я ўжо ўсё не памятаю. 

Цяпер для яго важны амерыканскі кейс. Ён бачыць, што там ёсць грошы, там можна будаваць сябе як палітыка. У Еўропе ўсе нішы занятыя, ёсць і Латушка, і Ціханоўская, і ён разумее, што ён тут ніяк не ўторкнецца. А вось у Амерыцы нібыта ёсць абшары для працы, плюс там ніхто з беларусаў не працуе. А яшчэ там ёсць рускія.

Не разумею, хто яго там цяпер больш успрымае ўсур’ёз. Размаўляў з некаторымі [беларускімі] дыяспарамі, яны ў ім таксама расчараваныя. І ён казаў, што расіяне яму данацяць болей.

«НН»: Удакладніце пра фільм для Netflix — што гэта за гісторыя?

СБ: У пачатку нашай працы быў момант, калі ён сказаў —

маўляў, пішы ў Netflix, каб яны здымалі фільм пра мяне. Збіраўся купляць камеры, замаўляць абсталяванне, а праз тыдзень нібыта пра ўсё гэта забыў.

Фота: Marek Antoni Iwanczuk / NurPhoto via Getty Images

Пазней вырашыў здымаць фільмы пра дыяспары — маўляў, я буду ездзіць з аўтобусам, як ездзіў у Беларусі, будзем падымаць дыяспары. А потым: «Не, гэта фігня, я буду ездзіць па палітыках і ў прамым эфіры размаўляць з Макронам, Каяй Калас і іншымі». А пазней вырашыў, што трэба ехаць у Амерыку і размаўляць з Трампам.

«НН»: Што адбываецца з Ціханоўскім, на ваш погляд?

СБ: Думаю, тут шмат чаго разам. Турма яго не адпускае, бо ён заўжды прачынаецца а 5‑й гадзіне, як і ў турме. У дадатак у яго застаўся той жа характар, што і быў раней. А яшчэ ён шукае сябе і не можа знайсці, спрабуе брацца за розныя рэчы. Я лічу, яму трэба было б трошкі разабрацца, паразмаўляць з людзьмі, але ён не хоча нікога слухаць. Гэта яго праблема, такая самая праблема і ў Лукашэнкі.

Ён шмат чаго дагэтуль не ведае, што адбылося за апошнія пяць гадоў, не ведае, напрыклад, што адбывалася з Сахашчыкам. Але кажа, што Пракоп’еў любіць Беларусь.

«НН»: Як яго прэс-сакратар вы бачылі ўзровень увагі да яго — напрыклад, колькасць гледачоў на стрымах, колькасць людзей на сустрэчах. Якая там была дынаміка за гэтыя месяцы?

СБ: Дынаміка зніжаецца, цікаўнасць да яго знікае. На ўсіх апошніх сустрэчах ён кажа адно і тое ж — што ён не паціснуў руку Лукашэнку і як было цяжка ў турме. Гэта добрая гісторыя, і ён добра яе распавядае, бо хаця б не чытае з паперкі. Гэта не тое, што яму дае Пракоп’еў ці яго новая каманда.

«НН»: То-бок у Сяргея ўжо сабраная новая каманда ў ЗША?

СБ: Я б не сказаў, што гэта менавіта каманда. У мяне адчуванне, што яго выкарыстоўваюць у сваіх мэтах — што Пракоп’еў, што іншыя людзі. Нехта мо сапраўды бачыць у ім патэнцыял. Але я думаю, што трэба з ім больш папрацаваць, і калі ён пакажа свой характар, яны зробяць свае высновы. Хаця, магчыма, у Пракоп’ева на яго доўгія планы.

У маёй апошняй размове з ім (Ціханоўскім. — «НН») ён пачаў шмат каго называць мразотамі. Кажу яму: «Слухай, у цябе так шмат мразотаў. А ты не думаеш, што і Пракоп’еў будзе мразотай?» Адказаў: «Пакуль ён мне плаціць грошы і мяне слухае, то пакуль не, а далей, магчыма, і будзе».

«Пракоп’еў яму аплаціў квіткі да Амерыкі, даў недзе 5 тысяч даляраў, і Сярога падумаў — ну клас»

«НН»: Як у Сяргея змянялася стаўленне да Офіса Ціханоўскай?

СБ: Спачатку яно было добрае. Ён казаў, што яны малайцы, шмат робяць — маўляў, усё трымаецца на Свеце. А пасля падзей у Нью-Ёрку я зразумеў, што ён будзе з імі ваяваць і гэта толькі пачатак. 

Думаю, тут важную ролю сыграў Пракоп’еў. Мне гэта нагадвае адзін з эпізодаў «Зорных войнаў», дзе быў такі сенатар Палпацін, які стаяў над Люкам Скайуокерам і расказваў яму, што ўсё дрэнна. Таму Ціханоўскі цяпер ваюе з Офісам, і я думаю, што гэта надоўга.

«НН»: Ён гатовы ваяваць супраць уласнай жонкі?

СБ: Я пытаўся ў яго пра гэта. Ён адказаў: «Не, я не ваюю, у нас з жонкай каханне». Гэта баяры дрэнныя — Франак [Вячорка], Дзяніс [Кучынскі] і іншыя. Кажу яму: «Ты ж разумееш, што калі ты ідзеш супраць каманды, ты ідзеш і супраць Святланы?» Ён адказаў, што яны на ім зарабілі палітычны капітал — маўляў, ён пакутаваў, на ім зарабілі той капітал і цяпер хочуць яго зрабіць нейкім цыркавым мядзведзем. Ён хоча быць галоўным, а не проста талісманам і джэнтльменам, хоча кіраваць.

Фота: прэс-служба Офіса Ціханоўскай

«НН»: Адкуль першапачаткова ўзнікла ідэя, што Сяргею трэба ехаць у ЗША?

СБ: Ён загарэўся, сказаў, што там уся моц, і вырашыў паехаць у разведку. Плюс, калі ён яшчэ быў у турме, недзе ў 2021‑м годзе ён прасіў свайго сябра пайсці да варажбіткі. І яна наваражыла, што ён (Ціханоўскі. — «НН») будзе сядзець у турме яшчэ 3‑4 гады, а потым будзе жыць у ЗША. 

Таксама ён удзячны Трампу за тое, што Трамп яго вызваліў, і лічыць сябе трампістам. Пазней яму і Пракоп’еў дакажа, што ён рэспубліканец, трампіст, і ён у гэта паверыць.

«НН»: Калі ў жыцці Сяргея з’явіўся Пракоп’еў?

СБ: Тады, калі Пракоп’еў выйшаў у эфір «Еўрарадыё». Тады ён казаў, што ведае, як дапамагчы Сяргею, што Сяргею трэба ісці да амерыканскіх палітыкаў. І яму спадабалася тое, што кажа Пракоп’еў. Яму ўвогуле падабаецца ліслівасць, і Пракоп’еў гэтым скарыстаўся.

Яны звязаліся, я і сам ім з гэтым дапамагаў. Пракоп’еў мне казаў — маўляў, няхай Сярога прыязджае, мы яго навучым англійскай, будзем баксіраваць тры дні, потым тры дні адпачываць. Нейкія дзіўныя рэчы. Сярогу таксама спадабалася, што Пракоп’еў казаў яму — ён мусіць быць незалежны. Я таксама трымаўся такой думкі, але ж не трэба пры гэтым гасіць сваю жонку і гасіць Офіс.

Пасля таго інтэрв’ю на «Еўрарадыё» Сярога падумаў, што Пракоп’еў класны чувак, трэба да яго ехаць. Пракоп’еў яму аплаціў квіткі да Амерыкі, даў недзе 5 тысяч даляраў, і Сярога падумаў — ну клас.

«НН»: Як вы адрэагавалі на публічны канфлікт Ціханоўскага з жонкай у Нью-Ёрку?

СБ: Мяне там не было, праз розніцу ў часе я пабачыў відэа толькі раніцай. Паглядзеў, здзівіўся. Гэта не паважны ўчынак джэнтльмена, які паважае сваю жонку, але я падумаў, што для хейтараў гэта будзе знак — у апазіцыі людзі не праплочаныя, яны маюць сваё меркаванне. Хаця ўсё роўна знайшліся тыя, хто вырашыў, што гэта пастанова.

«НН»: І потым была гісторыя з візай, каб наведаць Брытанію для ўручэння прэміі.

СБ: Гэта было мо яшчэ да Нью-Ёрка. Мне напісаў супрацоўнік Офіса і сказаў, што трэба хутка зрабіць візу, расказаў, што трэба зрабіць. 19 верасня я запоўніў тую анкету, Сяргей заплаціў [за візу]. Так, Офіс не надта дапамагаў, але яны расказалі пра візу і пра тое, як яе атрымаць. Заставалася толькі дачакацца даты, каб здаць адбіткі пальцаў, там былі вольныя даты недзе з 26 верасня і да канца кастрычніка.

Ён тады прыехаў у Варшаву толькі на два дні, каб трапіць на канферэнцыю, а пазней паляцеў у ЗША. Ён проста не займаўся візай, для яго амерыканскі кейс быў важнейшы. А пазней ён успомніў, што заплаціў грошы і трэба займацца візай.

«НН»: Чаму гэтай гісторыя стала для вас апошняй кропляй?

СБ: Бо я ніколі не любіў шантаж, не любіў заказныя лісты.

10 лістапада ён паклікаў мяне ў Штаты на мерапрыемства, набыў квіткі (у фэйсбуку Сяргей Бяспалаў тлумачыў, што квіткі былі набытыя на грошы, якія Ціханоўскі быў яму вінны. — «НН»). А ўжо 17 лістапада ён мне з іншага акаўнта кідае тэкст пра гісторыю з візай ад майго імя: «Не магу глядзець, як Сяргея [Ціханоўскага] зноў робяць вінаватым…».

Я яму напісаў, што не буду гэта посціць: гэта прамая атака [на Офіс], я так не хачу. Скідваю яму іншы пост, дзе называю гэтую гісторыю памылкай у камунікацыі. Ён мне піша, што не трэба баяцца, а я адказваю — не хачу лезці ў гэтае лайно.

Здаецца, закрылі тэму. Але потым ён мне піша, што гатовы ануляваць абодва квіткі, калі я не апублікую той пост. Я напісаў яму, што гэта непрыстойна, а ён адказвае: «Я табе больш не давяраю. Вадзім сказаў, што ты можаш яму пазваніць, і ён табе новыя набудзе, а гэтыя я праз пару гадзін анулюю. Тэкст у цябе ёсць».

Пісаў мне, калі прайшло 40 хвілін, паўтары гадзіны. Піша: «Я пачакаў дзве гадзіны і хачу даведацца тваё рашэнне». І потым званок, дзе ён мяне палівае брудам. Усё можна вытрымаць, але такое, мне здаецца, цярпець нельга. Я проста адчуў, што ён мяне хоча выкарыстаць, зліць і згадзіць маю рэпутацыю.

«НН»: Для вас гэта гісторыя пра Сяргея ў асабістай камунікацыі ці пра Сяргея як палітыка, актывіста?

СБ: Я не лічу яго палітыкам. Ён прыдумаў, што ён палітык, але палітыкі так не камунікуюць з людзьмі. Лічу, што палітыкі павінны размаўляць і спрабаваць дамаўляцца, а не паліваць брудам і спрабаваць выкарыстаць.

Гэта яго асабістая гісторыя, і ён, на жаль, такі чалавек. Магчыма, у Маскве, дзе ён працаваў у прадакшне, так размаўляць нармальна, але мы жывем у беларускай бурбалцы, і тут гэта ненармальна. Гэта трэба спыняць, мне не патрэбны другі Лукашэнка. Бо навошта тады гэта ўсё?

«НН»: Вы назвалі свой пост пра гэтую гісторыю «Сорамна і балюча». Падсумоўваючы — за што вам цяпер сорамна і чаму балюча?

СБ: Сорамна, што я падтрымаў такога чалавека, і балюча, што ён аказаўся такім чалавекам. Для мяне гэта было нечакана. Я думаў, што можна было гэта выправіць, калі папрацаваць з гэтым чалавекам, але ў маім выпадку гэтага не адбылося.

На жаль, Лукашэнка і яго спецслужбы мелі рацыю, калі яго выпусцілі, пралічылі на некалькі крокаў наперад. За пяць гадоў яны яго, відаць, добра вывучылі і зразумелі, што гэта будзе траянскі конь. Мне сорамна, што я ў гэта ўцягнуўся, і балюча, што ў мяне не атрымалася яго накіраваць на правільны бок.

«НН»: Калі вы называеце яго траянскім канём, маеце на ўвазе, што ён здольны раскалоць апазіцыю?

СБ: Так. Напэўна, гэта не апошні яго крок, у руках Вадзіма Пракоп’ева ён будзе і далей спрабаваць нахіліць Офіс, плюс у яго варожасць да ўсіх беларускіх СМІ, ён чытае толькі амерыканцаў. Гэта вайна супраць усіх беларускіх дэмсілаў, бо Пракоп’еў яму ўбіў у галаву, што ўсе беларускія СМІ — гэта «Інфапойнт», а беларускія дэмсілы — гэта ні аб чым, нейкія людзі на ланцужку ў Франака. І далей будзе яшчэ горш.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары40

  • ...
    01.12.2025
    «Пракоп’еў яму аплаціў квіткі да Амерыкі, даў недзе 5 тысяч даляраў, і Сярога падумаў - ну клас»

    Неплохой инвестор.
  • Далібог
    01.12.2025
    Як жа гэта прыемна чытаць - як алей на душу! Ціханоўскі толькі трошкі часнычком прыпудрыў гранташалман, як адразу нячысцікі павыскоквалі галасіць.
    Хлопцы-падлансбергіснікі, асінавага колу вам не пазбегнуць: рыхтуйце пакаянні перад беларускім народам за змарнаваныя жыцці, скамуніжджаныя грошы і забруджанае паветра вашым ядлівым лухтагонствам з плянамі і лідаркамі-чалінямі!
  • 3% у міня
    01.12.2025
    Нужна была запісаць на целефон і даць паслушаць всемЯ.

Цяпер чытаюць

Крык душы Бяспалава пра Ціханоўскага: Ён ператвараецца ў Лукашэнку 2.0, гэта траянскі конь40

Крык душы Бяспалава пра Ціханоўскага: Ён ператвараецца ў Лукашэнку 2.0, гэта траянскі конь

Усе навіны →
Усе навіны

Віленскі аэрапорт не працаваў увесь вечар і ўсю ноч2

Псіхіятр папярэдзіў пра рэальную небяспеку фенібуту29

БелАЗ будуе суперсучасны медцэнтр ФОТЫ2

Дзяржсакратар ЗША пракаментаваў вынікі перамоў у Фларыдзе5

У Новай Баравой суседзі выклікаюць ДАІ 450 разоў на месяц. Як так?2

Што з дэфіцытам медыкаў? Спыталі ў дактароў8

Танкер, які перавозіў расійскую нафту, тоне ля берагоў Сенегала4

У сутыкненні з ЗША Венесуэла засталася практычна без падтрымкі Кітая і Расіі3

Касцюгова цяпер піша прамовы Ціханоўскаму? Яна патлумачыла15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Крык душы Бяспалава пра Ціханоўскага: Ён ператвараецца ў Лукашэнку 2.0, гэта траянскі конь40

Крык душы Бяспалава пра Ціханоўскага: Ён ператвараецца ў Лукашэнку 2.0, гэта траянскі конь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць