Здароўе

Ці сапраўды стрэс робіць нас тоўстымі? Пяць міфаў пра гармон стрэсу картызол

У сацыяльных сетках картызол вінавацяць ва ўсіх магчымых бедах. Ім тлумачаць лішні тлушч на жываце, бессань, трывожнасць, высокі ціск і пастаянную стомленасць. Інфлюэнсеры раяць «ачышчаць арганізм ад картызолу», адмаўляцца ад кавы раніцай і асцерагацца кардыятрэніровак. Але навукоўцы сцвярджаюць: большая частка такіх тэзісаў — моцнае спрашчэнне. Насамрэч без гэтага рэчыва чалавек проста не змог бы жыць.

Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia

Картызол — гэта гармон, які выпрацоўваецца ў кары наднырачнікаў і дапамагае арганізму спраўляцца з нагрузкамі. Асабліва актыўна ён выдзяляецца ў фазе стрэсу. Менавіта дзякуючы яму цела хутка мабілізуе энергію, каб рэагаваць на небяспеку або складаную сітуацыю.

Кіраўнік стрэс-амбулаторыі і псіхатэрапеўтычнага цэнтра Фрайбургскага ўніверсітэта Маркус Хайнрыхс, з якім паразмаўлялі журналісты Tagesspiegel, адзначае: картызол неабходны для выжывання і сам па сабе не з’яўляецца шкодным.

Праблемы пачынаюцца толькі тады, калі яго канцэнтрацыя застаецца занадта высокай працяглы час — напрыклад, пры хранічным напружанні або выгаранні. Тым, хто лічыць, што пакутуе ад пастаянна парушанага ўзроўню картызолу, варта звярнуцца да эндакрынолага.

Але ці можа ён быць крытычным для астатніх? І што насамрэч стаіць за самымі папулярнымі сцверджаннямі пра гэты гармон?

1. Кава на пусты страўнік раніцай — гэта шкодна

Адзін з самых папулярных міфаў тычыцца ранішняга напою нашча. Многія блогеры сцвярджаюць, што кафеін у пачатку дня рэзка парушае прыродны рытм картызолу, пік якога і так прыпадае на ранішнія гадзіны. Яны раяць пачакаць паўтары гадзіны, пакуль узровень гармону пачне зніжацца, і толькі тады піць каву.

Аднак навуковы погляд на гэтую праблему больш супакойлівы: для чалавека, які прызвычаіўся да свайго ранішняга рытуалу, адзін-два кубкі кавы не робяць істотнага ўплыву на дзённую крывую картызолу. Арганізм адаптуецца да звычак, і складанасці могуць узнікнуць хіба што ў людзей з адчувальным страўнікам. Нашмат больш шкодным эксперты лічаць спажыванне кафеіну ў другой палове дня, што сапраўды можа зашкодзіць якаснаму адпачынку ўвечары.

2. Кардыятрэніроўкі занадта перагружаюць арганізм

Не менш папулярная ідэя, што нібыта кардыятрэніроўкі шкодныя, бо выклікаюць рост картызолу і нават знішчаюць цягліцы. Але і тут усё значна складаней. Падчас інтэнсіўных нагрузак узровень гармону сапраўды павышаецца, бо арганізму патрэбна хуткая энергія. У экстрэмальных сітуацыях, напрыклад падчас марафону, цела можа нават выкарыстоўваць мышачны бялок як паліва.

Аднак пры звычайных трэніроўках сярэдняй інтэнсіўнасці картызол вяртаецца да нормы ўжо праз 45—60 хвілін пасля занятку. Больш за тое, рэгулярны бег або іншы аэробны спорт зніжаюць базавы ўзровень гэтага рэчыва і робяць арганізм больш устойлівым да нервовых нагрузак. Навукоўцы лічаць гэты доўгатэрміновы эфект значна важнейшым за кароткія гарманальныя скачкі падчас самой фізічнай актыўнасці.

3. Стрэс вінаваты ў тлушчы на жываце

Асобная тэма — сувязь картызолу і тлушчавых адкладаў. Менавіта тут у сацсетках асабліва любяць простыя тлумачэнні: маўляў, стрэс аўтаматычна робіць чалавека тоўстым. Пэўная сувязь сапраўды існуе. Пры рэдкім сіндроме Кушынга, калі ўзровень картызолу паталагічна высокі, у пацыента сапраўды назапашваецца тлушч у вобласці жывата. Акрамя таго, у складаныя перыяды многія людзі пачынаюць больш цягнуцца да салодкай або тлустай ежы.

Але Хайнрыхс падкрэслівае: галоўная прычына набору вагі ўсё ж не сам картызол, а лішак калорый і недахоп руху. Паводле даследаванняў, многія людзі моцна недаацэньваюць колькасць ежы, якую спажываюць штодня, часам нават на 30—50 адсоткаў. Таму спробы звесці праблему лішняй вагі выключна да «гармону стрэсу» выглядаюць неабгрунтаванымі.

4. Такія сродкі, як ашвагандха, дапамагаюць знізіць стрэс

У апошнія гады вялікую папулярнасць набылі розныя дабаўкі для «зніжэння картызолу», асабліва раслінны прэпарат ашвагандха. Яму прыпісваюць здольнасць суцішаць трывожнасць, паляпшаць сон і дапамагаць пры нагрузках.

І тут, па словах Хайнрыхса, навукоўцы сапраўды знаходзяць пэўныя пацверджанні эфекту. Аднак эксперт нагадвае: усё залежыць ад дазіроўкі, бо могуць узнікнуць і пабочныя з’явы. Нямецкі Федэральны інстытут ацэнкі рызык нават папярэджваў пра зафіксаваныя выпадкі пашкоджання печані пасля прыёму ашвагандхі.

Таму лепш не захапляцца самалячэннем і спачатку звяртаць увагу на больш бяспечныя спосабы расслаблення — прагулкі, дыхальныя практыкаванні або паўнавартасны адпачынак.

5. Святло экранаў псуе якасць сну

Яшчэ адзін распаўсюджаны страх датычыцца экранаў смартфонаў і сіняга святла. Лічыцца, што яно вечарам павышае картызол і парушае сон. Насамрэч механізм крыху іншы. Увечары ўзровень гэтага гармону натуральна падае, а арганізм пачынае выпрацоўваць мелатанін — гармон сну.

Сіняе святло можа тармазіць гэты працэс, нібыта паведамляючы мозгу, што яшчэ дзень. Але спецыяліст падкрэслівае: праблема не толькі ў выпраменьванні, а і ў саміх раздражняльніках — навінах, відэа, электроннай пошце.

Калі чалавек доўга глядзіць у яркі экран перад сном, нервовая сістэма застаецца ўзбуджанай, і заснуць становіцца цяжэй. Асабліва гэта тычыцца тых, хто ўжо мае праблемы з засынаннем. Таму ўвечары лепш адкласці гаджэт і выбраць больш спакойны занятак — напрыклад, чытанне кнігі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Жанчыны ў ахове і браняваны картэж. Як Украіна арганізавала бяспеку візіту Ціханоўскай у Кіеў5

Жанчыны ў ахове і браняваны картэж. Як Украіна арганізавала бяспеку візіту Ціханоўскай у Кіеў

Усе навіны →
Усе навіны

Як выглядае новая банкнота 200 рублёў1

Ціханоўская і Зяленскі правялі ў Кіеве перамовы за закрытымі дзвярыма1

Першая энцыкліка папы Льва XIV: ШІ не павінен стаць Вавілонскай вежай8

Ціханоўская і Зяленскі сустрэліся ў Кіеве24

Зяленскі ў прысутнасці Ціханоўскай патроліў Лукашэнку ВІДЭА5

Амерыканская баскетбалістка Доніка Косбі пакінула мінскі клуб пасля агляду на мяжы і допыту4

Калеснікава: Я ніколі не кажу пра ваенныя санкцыі. Але існуе спартыўны трэк, памежныя пытанні, медыцына — усё што заўгодна65

Лукашэнка заклікаў Малдову «не рэзаць пупавіну» і не губляць ранейшых партнёраў10

Дзмітрый Лукашэнка падпісаны на экстрэмісцкі паблік у інстаграме20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жанчыны ў ахове і браняваны картэж. Як Украіна арганізавала бяспеку візіту Ціханоўскай у Кіеў5

Жанчыны ў ахове і браняваны картэж. Як Украіна арганізавала бяспеку візіту Ціханоўскай у Кіеў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць