Ежа

У Беларусі з'явілася сырнае марожанае з журавінавым пюрэ. Як на смак?

Негалосным хітом сярод самых незвычайных прадуктаў лета 2025 года стала сырнае марожанае ад Слуцкага сыраробнага камбіната пад брэндам «Ясь Белавус». Хтосьці яго абажаў, а хтосьці цярпець не мог, але свае прамяні славы прадукт атрымаў напоўніцу. У канцы ўжо сёлетняга мая брэнд прэзентаваў новы прадукт — тое самае марожанае з сырам, але ўжо ў кантэйнеры і з журавінавым сіропам. Супрацоўнікі выдання Blizko.by яго пакаштавалі, ацанілі і падзяліліся ўражаннямі.

Знайсці навінку можа быць цяжка, бо пакуль яна даступная не ва ўсіх крамах. Пакуль яе можна купіць толькі ў Мінску і Магілёве, але вытворцы абяцаюць прывезці марожанае ў іншыя гарады і гандлёвыя пункты Беларусі. Журналісты знайшлі марожанае ў ProStore на праспекце Дзяржынскага, 126 па 6,42 рубля (400 грамаў).

Упакоўка аформленая ў выглядзе кавалка жоўтага сыру з глянцавымі дзірачкамі. На ім нанесеная назва прадукту, выява ягад журавін і варыянт сервіроўкі. Каб пазбавіць спажыўца непрыемных сюрпрызаў у выглядзе «чаканне — рэальнасць», побач змешчаная пазнака, што прадукт унутры можа адрознівацца ад выявы на ўпакоўцы.

Забаўна, што на ўпакоўцы ёсць заклееная QR-кодам марка, дзе ўсё адно чытаецца надпіс: «Шчаслівага Новага года!», а ў ніжняй частцы ёсць малюнкі ялінак. Усё гэта відавочна намякае на тое, што прадукт планавалі выпусціць да зімовых святаў, але не склалася.

На адвароце, як і на вечку ўпакоўкі, напісаны склад. Пярэдні бок не падмануў — у марожаным цэлых два віды малака: звычайнае і згушчанае. Таксама ёсць цукар, масла і розныя кансерванты. А вось сыру ў ласунку няма ў звыклым выглядзе — яго замяняюць сырны парашок і смакавая дабаўка. Начынка ўяўляе сабой сумесь журавінавага і яблычнага пюрэ, цукру і крухмалу тапіёкі.

Харчовая каштоўнасць у 100 грамах прадукту наступная: 3,15 грама бялкоў, 11,4 грама тлушчаў, 22,9 грама вугляводаў, сахарозы — 14,8 грама. Энергетычная каштоўнасць — 208 кілакалорый.

У кантэйнеры марожанае ўмоўна падзелена на два кругі, палітыя журавінавым пюрэ. Колер марожанага ярка-жоўты, з невялікім адценнем аранжавага ўсярэдзіне.

Наогул, спалучэнне сыру і ягад нельга назваць занадта нестандартным — у многіх рэстаранах і кавярнях сырныя стравы падаюць з ягадным варэннем або джэмам, таму нельга сказаць, што гэта арыгінальная беларуская задумка. Але, з іншага боку, гэта вялікі плюс, бо спалучэнне не выкліча негатыўных рэакцый у страўніку, паколькі праверана часам і мноствам гурманаў.

Праўда, гледзячы на порцыю, назваць журавіны начынкай можна з вялікай цяжкасцю, таму што пюрэ ёсць толькі на верхнім і самым ніжнім пластах марожанага. Для параўнання, у іншых марожаных з сіропам часцей за ўсё іх змешваюць у пэўнай прапорцыі, але пры гэтым няма недахопу ў начынцы ні ў сярэдзіне порцыі, ні ў пачатку ці ў канцы.

Але што наконт смаку? Рэдакцыя Blizko.by прадэгуставала навінку і выказала свае ўражанні:

— На смак марожанае вельмі малочнае, нават супермалочнае. Пюрэ з журавін — тыповыя перацёртыя ягады з цукрам, такое звычайна для зімовых закатак робяць. Сырны прысмак я спачатку наогул не адчула, але калі лепш распрабаваць, то тады можна нешта адчуць. Адной з пераваг гэтага марожанага я магу назваць тое, што шмат яго не з'ясі, нават пры ўсім жаданні, таму для дэсерту надаецца.

— Смак сырна-хімозны, падобны на пасыпку ад Cheetos. Журавіны адчуваюцца, але, на мой погляд, начынкі замала, хацелася б больш. Але агулам спалучэнне цікавае, можна браць.

— Мне вельмі спадабалася, упершыню каштую сырнае марожанае. Нагадвае сыркі «Савушкаў прадукт» або «Малочная краіна» са смакам чызкейку. Вельмі смачна, незвычайна і цікава.

— Звычайнае сметанковае марожанае. Сыру як быццам няма, нешта спрабуе прабіцца, але вельмі слаба. Журавін амаль няма, хоць і прысутнічаюць фруктовыя ноткі. Смак спецыфічны, але на аматара.

— Смак журавін выдатна спалучаецца з асновай, без іх гэта быў бы проста сырок або маргарын, так што спалучэнне вельмі ўдалае.

— Марожанае вельмі падобнае да плаўленага сырка «Ласкавае лета» з шакаладам і арэхамі, такое ж салодкае, сметанковае. Ёсць прысмак пасыпкі чыпсаў, як ужо казалі, але агулам цалкам нармальна, для аднаго разу прыдасца.

— Гэта жахліва. Я не люблю сыр і сырнае марожанае, а яно на смак такое ж кашмарнае, толькі яшчэ саладзейшае.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?3

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?

Усе навіны →
Усе навіны

Маладыя спартсмены ўсё часцей прымаюць душ у трусах. У чым прычына?7

«Чырвоны ўзровень трывогі — не працуем, жоўты — спрабуем працаваць, каб не з’ехаць з глузду»

Расія раніцай масава ўдарыла балістыкай па Украіне

Арганізатара забойства рэпера Тупака Шакура пасадзілі на 40 гадоў

Зайшлі ў пакой і забылі навошта? Вось чаму так адбываецца3

ЗША другі вечар запар не папярэдзілі Украіну пра расійскія ракетныя ўдары па Кіеве15

У ЗША ўхвалілі прэпарат для лячэння шызафрэніі, які трэба ўводзіць раз на месяц12

Беларус стварыў сімулятар мінскага метро. У ім можна пагуляць па «Аэрадромнай»1

У цэнтры Мінска за амаль мільён даляраў прадаюць закінуты дзіцячы сад з 1950‑х

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?3

У Мінску прадаюць дом на вадзе. Колькі просяць за незвычайны аб'ект на Чыжоўскім вадасховішчы?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць