Браканьеры прыдумалі хітрую схему вылаву рыбы на продаж у чарнобыльскай зоне
Жыхар Гомеля, які нідзе афіцыйна не працуе, арганізаваў групу з падлеткаў, якая займалася незаконнай лоўляй рыбы ў зоне, забруджанай радыяцыяй, дзе дзейнічае кантрольна-прапускны рэжым, паведаміла Дзяржаўная інспекцыя па ахове прыроды і навакольнага асяроддзя.

Арганізатар распрацаваў план, размеркаваў ролі паміж удзельнікамі і прадумаў спосаб прыкрыцця. Пад выглядам звычайных адпачывальнікаў яны разбілі лагер з палаткамі ў нібыта чыстай зоне і нават уключалі музыку, каб не выклікаць падазрэнняў.
Днём удзельнікі групы адпачывалі на беразе ракі і сачылі за сітуацыяй навокал. Увечары ж яны на двух надзіманых лодках перапраўляліся на супрацьлеглы бераг — у зону адчужэння.

Там, на пойменным вадаёме, яны ставілі рыбалоўныя сеткі агульнай працягласцю больш за 650 метраў.
У выніку было налоўлена больш за 100 кілаграмаў рознай рыбы. Планавалася, што пасля яе будуць прадаваць. Пры гэтым арганізатар добра ведаў, што тэрыторыя, дзе вялася здабыча, забруджаная радыяцыяй.

Падчас затрымання групы мужчына, які арганізаваў схему, уцёк, пакінуўшы сваіх непаўналетніх саўдзельнікаў. Аднак яго асобу ўдалося хутка ўстанавіць, пасля чаго парушальніка затрымалі.
Шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю, ацанілі ў 1236 базавых велічынь. Своечасовае выяўленне браканьерства дазволіла не дапусціць трапляння заражанай радыяцыяй рыбы на рынак і да спажыўцоў.
У дачыненні да арганізатара Веткаўскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу паводле часткі 4 артыкула 281 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Таксама вырашаецца пытанне аб прыцягненні яго да адказнасці за ўцягванне непаўналетніх у здзяйсненне злачынства.
Цяпер чытаюць
«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу
«Я стаў шчаслівы». Праца на будоўлі прыносіць добрыя грошы, а грамадская актыўнасць — маральную сілу. Былы каліновец Кусь расказаў пра тое, як вярнуў унутраную раўнавагу
«Галандскі архітэктар», які адбудаваў Вострую браму і паставіў сабе дом-крэпасць у Гайцюнішках, аказаўся ніякім не галандцам. Але яго спадчына захапляе
Каментары