Аэрастаты вяртаюцца на поле бою: як іх выкарыстоўвае Украіна і ці могуць яны абараніць масты Кіева
Інструмент, які ўпершыню пачалі выкарыстоўваць у баявых дзеяннях амаль 200 гадоў таму, вяртаецца на поле бою. Ва Украіне аэрастаты, або паветраныя шары, ужо актыўна выкарыстоўваюцца не толькі для рэтрансляцыі сувязі, але і для перамяшчэння дронаў-камікадзэ ў тыл праціўніка. У Расіі тым часам заявілі, што хочуць выкарыстоўваць гэты сродак для абароны сваіх нафтаперапрацоўчых заводаў, піша Украінская служба Бі-бі-сі.

Пакуль што ні звычайныя паветраныя шары, ні больш дасканалыя вайсковыя аэрастаты не атрымалі масавага распаўсюджання ў расійска-ўкраінскай вайне.
Напрыклад, у пачатку 2023 года расійская армія правяла некалькі аперацый, падчас якіх запускала ў бок Украіны паветраныя шары з прымацаванымі да іх вуглавымі адбівальнікамі. Такім чынам меркавалася ўвесці ў зман украінскую супрацьпаветраную абарону і прымусіць яе выдаткоўваць дарагія зенітныя ракеты на танныя паветраныя аб’екты.
Украіна, у сваю чаргу, выкарыстоўвае спецыяльныя аэрастаты для забеспячэння радыёсувязі са сваімі дронамі, якія атакуюць расійскую лагістыку ў тыле на акупаваных тэрыторыях.
Таксама вядома пра некалькі выпадкаў выкарыстання аэрастатаў у інтарэсах УСУ непасрэдна на расійскай тэрыторыі. Там, як вядома, не працуе спадарожнікавая сувязь Starlink, а магчымасці ўдарных украінскіх беспілотнікаў істотна абмежаваныя.
Па стане на кастрычнік 2026 года на ўзбраенні Сіл абароны Украіны ёсць толькі некалькі дзясяткаў такіх паветраных сродкаў.
Гэта істотна адрозніваецца ад практыкі сусветных войнаў першай паловы XX стагоддзя, калі вайсковыя аэрастаты выкарыстоўвалі сотнямі тысяч.
Гістарычныя прыклады
Першы зафіксаваны выпадак выкарыстання аэрастатаў падчас вайны адбыўся амаль 230 гадоў таму — у бітве каля горада Флёрус, непадалёк ад Шарлеруа, на тэрыторыі сучаснай Бельгіі.
У канцы чэрвеня 1794 года французская армія атакавала войскі Нідэрландаў і іх аўстрыйскіх саюзнікаў, якія адступалі ўглыб краіны. Пасля жорсткіх баёў і аблогі французам удалося захапіць крэпасць Шарлеруа і суседні Флёрус.
Лічыцца, што значную ролю ў поспеху Францыі адыграла выкарыстанне аэрастата для разведкі. Аператыўныя звесткі пра манеўры праціўніка дазволілі французам пераламіць ход бітвы на сваю карысць.

Ужо падчас Першай і Другой сусветных войнаў аэрастаты і спецыяльныя паветраплавальныя падраздзяленні сталі неад’емнай часткай узброеных сіл краін, якія ўдзельнічалі ў канфліктах.
Іх выкарыстоўвалі не толькі для разведкі, але і для карэктавання артылерыйскага агню, а таксама для абароны гарадоў ад ракетных і авіяцыйных удараў.
Абарончая функцыя была ў тым, што варожы самалёт мог зачапіцца за тросы аэрастата і пацярпець крушэнне. Альбо пілот павінен быў рэзка набіраць вышыню, каб пераляцець праз тросы, і такім чынам станавіўся мішэнню для зенітнага агню.
Загараджальныя аэрастаты выкарыстоўвалі і для абароны ад ракет. Шырока вядомыя выпадкі іх прымянення для абароны Ленінграда і Лондана ад удараў нямецкай авіяцыі і ракет.

Асабліва прыкметнай стала брытанская аперацыя Outward, назву якой можна перакласці як «Вонкі». Яна прадугледжвала масавы запуск у бок Германіі невялікіх метэазондаў з выбухоўкай або тросамі, прызначанымі для абрыву ліній электраперадачы.
У 1942—1944 гадах брытанцы выкарысталі такім чынам амаль 100 тысяч аэрастатаў і змаглі нанесці праціўніку значную шкоду.
Аднак пасля Другой сусветнай вайны цікавасць да гэтых сродкаў паступова пачала змяншацца.
СССР і ЗША працягвалі выкарыстоўваць аэрастаты, але пераважна для разведкі тэрыторыі ў асобных выпадках. Імклівае развіццё авіяцыі, а пазней і беспілотнай тэхнікі фактычна адсунула аэрастаты на другі план.
Цяпер, верагодна, надышоў час іх вяртання на поле бою.
У апошнія гады для вайсковых мэтаў аэрастаты актыўна выкарыстоўваюць Ізраіль, Кітай і ЗША. Цяпер да іх далучаюцца Украіна і Расія.
Якія задачы яны выконваюць цяпер
На дзяржаўнай украінскай платформе Brave1.Market, дзе ўкраінскія вайскоўцы могуць набываць неабходную тэхніку, прадстаўлены толькі адзін аэрастат, які прайшоў кадыфікацыю, гэта значыць быў прыняты на ўзбраенне Міністэрствам абароны.
Ён каштуе каля мільёна грыўняў, або 22 тысяч даляраў. У камплект уваходзяць сам аэрастат АВ12ТС, мабільная платформа для яго перавозкі, газавыя балоны і наземная станцыя кіравання з электрычнай лябёдкай.
Паводле тэхнічных характарыстык, аэрастат можа падняць карысную нагрузку вагой 5,6 кілаграма на вышыню да 700 метраў. Максімальная працягласць палёту складае 72 гадзіны.
Яго можна выкарыстоўваць для рэтрансляцыі лічбавай і аналагавай радыёсувязі, радыёлакацыі, радыёразведкі, радыёэлектроннай барацьбы, а таксама кіравання і перамяшчэння ўдарных беспілотнікаў у рэжыме чакання.
Аэрастат распрацавала кіеўская кампанія «Аэрабавоўна», якая з’яўляецца адзіным вытворцам і адным з асноўных папулярызатараў гэтай тэхналогіі ва Украіне.
Кіраўнік кампаніі Юрый Высавень, аматар парашутнага спорту і вінгсьюту — скачкоў у спецыяльным касцюме-крыле, які дазваляе планіраваць падчас падзення, — кажа, што вытворцаў прывязных вайсковых аэрастатаў мала не толькі ва Украіне, але і ў Еўропе.
Попыт на такую прадукцыю таксама нельга назваць ажыятажным. Цяпер яе выкарыстоўваюць крыху больш за 50 падраздзяленняў УСУ.

Паводле Высаўня, у арміі дагэтуль няма поўнага разумення таго, чаму гэты старажытны паветраны сродак можа быць актуальным у эпоху сучасных войнаў.
«Ёсць пэўны недавер і неразуменне, што гэта такое і для чаго яно патрэбнае. Насамрэч амерыканцы, англічане і французы актыўна выкарыстоўвалі аэрастаты ў мінулых войнах. Праблема ў тым, што яны пераважна выкарыстоўвалі вельмі вялікія аэрастаты. Гэта было нармальна падчас вайны з тэрарызмам, якая працягвалася апошнія 20 гадоў. Але падчас сучаснай вайны высветлілася, што вялікія аэрастаты занадта ўразлівыя і не маюць сэнсу», — тлумачыць ён.

На думку прадпрымальніка, ва ўкраінскіх умовах патрэбныя невялікія, танныя і кампактныя аэрастаты.
«Мы фактычна знайшлі для іх новае прымяненне. Мы не падымаем у неба дарагія радары за 100 мільёнаў даляраў, а размяшчаем на аэрастатах рэтранслятары. І высветлілася, што ў гэтай вайне рэтранслятары значна важнейшыя за ўсё астатняе. Яны дазваляюць украінскім дронам лётаць далей, забяспечваюць сувязь там, дзе няма наземнай інфраструктуры, і дазваляюць наземным рабатызаваным комплексам ездзіць там, дзе не дапамагае нават Starlink», — кажа ён.
Як гэта працуе
Галоўная задача такога аэрастата — пераадолець абмежаванні радыёгарызонту, якія ўзнікаюць праз асаблівасці рэльефу, забудову і шарападобную форму Зямлі.
Напрыклад, для звычайнага FPV-дрона з радыёкіраваннем далёкасць сувязі можа абмяжоўвацца 20 кіламетрамі. Каб павялічыць яе, у арміі выкарыстоўваюць спецыяльныя мачты з антэнамі і беспілотнікі-рэтранслятары.
Паветраны шар, або аэрастат, павялічвае гэтую далёкасць у чатыры-пяць разоў, сцвярджае Высавень.
«З вышыні 500 метраў радыёгарызонт перавышае 80 кіламетраў. Далей усё залежыць ад вашага рэтранслятара: ці зможа ён перадаваць сігнал на 80 кіламетраў або яшчэ далей», — кажа ён.
Такая далёкасць кіравання беспілотнікамі дазваляе не толькі атакаваць аб’екты ў варожым тыле, але і засцерагаць сам аэрастат ад паражэння, размяшчаючы яго за дзясяткі кіламетраў ад лініі баявога сутыкнення.
«Падымаць аэрастаты бліжэй чым за 20 кіламетраў да лініі баявога сутыкнення няма сэнсу — яго знішчаць. Але калі ў цябе ёсць рэтранслятар, які працуе на 100 кіламетраў, відавочна, што можна падняць аэрастат яшчэ далей ад лініі фронту, у адносна бяспечным месцы, і пры гэтым не хвалявацца за яго, выконваючы неабходныя задачы», — адзначае кіраўнік «Аэрабавоўны».

Што да ўдарных аперацый, то ў жніўні 2026 года зводнае стралковае падраздзяленне Паветраных сіл Украіны паведаміла, што за паўгода правяло амаль тысячу аперацый з выкарыстаннем аэрастатаў. Вайскоўцы таксама паказалі, як запускаюць паветраны шар з прымацаваным беспілотнікам.
У падраздзяленні ўдакладнілі, што спалучэнне аэрастата і спецыяльна распрацаванага для такой місіі ўдарнага беспілотніка дазволіла перамясціць дрон на адлегласць больш за 200 кіламетраў.
Запуск беспілотніка з аэрастата, які падняўся на значную вышыню, дазваляе яму пераадолець дзясяткі кіламетраў у планіравальным палёце без выдаткоўвання рэсурсу рухавіка або батарэі. Такім чынам, дрон можа праляцець далей, чым дазваляюць магчымасці яго рухавіка.
Акрамя таго, гэта дазваляе абыходзіць зоны, насычаныя сродкамі радыёэлектроннай барацьбы і радыёэлектроннай разведкі праціўніка.
У пачатку кастрычніка расійская брыгада аператараў беспілотнікаў «Вараг» апублікавала відэа знішчэння ўкраінскага паветранага шара на вышыні 10 кіламетраў. Украінскія ўлады сцвярджаюць, што ён знаходзіўся на вышыні 8 кіламетраў. Аэрастат пераносіў FPV-дрон з модулем спадарожнікавай сувязі Starlink.
Аднак кіраўнік «Аэрабавоўны» запэўнівае, што паказаны на відэа апарат не быў выраблены ягонай кампаніяй. На яго думку, гэта, верагодна, цывільны сродак, прыстасаваны для вайсковых мэтаў.
«Гэта быў не наш аэрастат. Наогул, гэта быў метэазонд з Amazon за 50 даляраў, які не з’яўляецца вайсковым вырабам і які можа набыць любы цывільны чалавек», — сцвярджае Высавень.
Залежнасць ад надвор’я і ветру
Аэрастат — гэта фактычна абалонка, напоўненая газам, лягчэйшым за паветра, напрыклад вадародам або геліем, і прывязаная да зямлі. Гэта азначае, што ён не можа заставацца ў нерухомым становішчы над пэўнай тэрыторыяй і моцна залежыць ад ветру і надвор’я.
Аднак Высавень адзначае, што беспілотнікі залежаць ад тых жа ўмоў, а ў некаторых сітуацыях нават больш адчувальныя да іх.
«Што да залежнасці ад надвор’я, то магу сказаць, што нашы аэрастаты працуюць і пры хуткасці ветру 15 метраў за секунду, а часам нават 20 метраў за секунду. Для разумення: у такое надвор’е дроны ўжо не лётаюць. Таму я сказаў бы, што абмежаванні праз вецер для аэрастатаў меншыя, чым для беспілотнікаў. Ва ўсім астатнім яны прыкладна аднолькавыя, бо падчас моцнага дажджу і снегападу дроны таксама не лётаюць», — кажа ён.
Важнае і геаграфічнае становішча Украіны, якое спрыяе выкарыстанню аэрастатаў.
Большая частка краіны знаходзіцца пад уплывам так званага заходняга пераносу паветраных мас. Гэта з’ява атмасфернай цыркуляцыі, пры якой пераважаюць вятры з захаду на ўсход — у бок Расіі. Яны характэрныя для шырот прыкладна ад 35 да 65 градусаў у абодвух паўшар’ях, паміж субтрапічным хрыбтом і палярным фронтам.
Дзякуючы гэтаму ва Украіне часцей бывае патрэбны для запуску аэрастатаў кірунак ветру, чым у Расіі.
На гэта звяртаў увагу і дарадца прэзідэнта Украіны па тэхналагічных пытаннях Сяргей «Флэш» Бяскрэснаў.
«На наша шчасце, амаль усе вятры дзьмуць ад нас у бок Расіі. Інакш яны б замучылі нас сваімі шарамі», — адзначаў ён.
У цэлым Расія значна адстае ад Украіны ў выкарыстанні аэрастатаў, лічыць эксперт. Аднак спрабуе скараціць гэтае адставанне.
Што робіць Расія
Яшчэ ў ліпені 2024 года Сяргей Бяскрэснаў, які тады быў публічным экспертам у сферы вайсковых тэхналогій, а не дарадцам прэзідэнта, паведамляў пра спробы Расіі стварыць на фронце сістэму радыёсувязі з дапамогай аэрастатаў.
Ён таксама апублікаваў фота такога апарата, які расійскія вайскоўцы рыхтавалі да запуску на пазіцыі.
Паводле Бяскрэснава, расіяне падымалі аэрастаты аб’ёмам ад 15 да 300 кубічных метраў на вышыню ад 500 да 3000 метраў. Гэта адбывалася на адлегласці 20—50 кіламетраў ад лініі фронту.
Аэрастат з радыёперадатчыкам, падняты на вышыню тры кіламетры, паводле апублікаваных звестак, павінен быў забяспечваць сувязь на адлегласці да 140 кіламетраў.
Аднак ці то тэхналогія не запрацавала ў поўнай меры, як планавалася, ці то праявіліся геаграфічныя асаблівасці тэрыторыі Украіны, пра якія гаварылася вышэй, але масава выкарыстоўваць гэты сродак сувязі расійскія войскі не пачалі.
Пра аэрастаты зноў загаварылі ў расійскай інфармацыйнай прасторы восенню 2026 года.
У пачатку кастрычніка дзяржаўны тэлеканал «Расія-1» паказаў сюжэт пра распрацоўку сістэм аэрастатных загарод. Паводле сюжэта, яны маглі б спатрэбіцца для абароны нафтаперапрацоўчых заводаў, якія рэгулярна церпяць ад налётаў украінскіх беспілотнікаў.

Ідэя ў тым, каб размясціць па перыметры нафтаперапрацоўчага завода каля дзесяці вялікіх аэрастатаў. Да іх будуць прымацаваныя доўгія тросы з кеўларавымі шнурамі. Мяркуецца, што ў такіх сетках будуць заблытвацца дроны, якія набліжаюцца да расійскага завода для атакі.
Гэтая ідэя, якую ў Расіі пакуль толькі прапануюць рэалізаваць, зацікавіла і ўкраінскіх экспертаў.
На іх думку, аэрастатнымі загародамі можна было б абараніць, напрыклад, кіеўскія масты, якія апошнім часам сталі аднымі з прыярытэтных цэляў расійскіх атак.
Аднак кіраўнік «Аэрабавоўны» Юрый Высавень катэгарычна не згодны з такой прапановай.
«Гэта дакладна дрэнная ідэя», — заяўляе ён і тлумачыць чаму.
Ці можна абараніць мост?
Пілон Паўднёвага моста ў Кіеве — вертыкальная апора, да якой мацуюцца ванты, — мае вышыню 135 метраў.
Тэарэтычна перад ім можна падняць на аэрастатах сетку вышынёй 150 метраў і шырынёй 60 метраў. Яе вага складзе 71 кілаграм. Каб утрымаць такую сетку, з кожнага боку моста трэба будзе размясціць па дзве пары аэрастатаў мадэлі АВ130.
Аднак пілон застаецца адкрытым уздоўж моста і пад вуглом да яго, таму варожыя дроны змогуць атакаваць яго з іншых бакоў. У «Аэрабавоўне» лічаць, што цалкам закрыць пілон ад нападаў нерэальна.

Акрамя таго, пад уздзеяннем ветру аэрастаты могуць адхіляцца ад вертыкальнага становішча на вугал да 45 градусаў. Каб прадухіліць гэта, іх можна замацаваць адцяжнымі тросамі, але тады тросы будуць цягнуць аэрастаты ўніз, і для ўтрымання сеткі спатрэбіцца яшчэ большая пад’ёмная сіла.
Рэактыўны дрон, які ўлятае ў сетку, цягне ўсю канструкцыю з сілай да дзевяці кіланьютанаў. Мяркуецца, што такі рывок можа прывесці да разрыву сеткі і тросаў аэрастатаў. Наступны беспілотнік зможа праляцець праз утвораную адтуліну і бесперашкодна атакаваць канструкцыі моста.
Існуюць больш магутныя аэрастаты, здольныя вытрымліваць такія нагрузкі, але іх вырабляюць у ЗША, а кошт складае мільёны даляраў.
У «Аэрабавоўне» лічаць, што ўстаноўка і абслугоўванне такіх сістэм запатрабуюць шмат часу і сродкаў. Таму кампанія не разглядае іх як асабліва прыдатны варыянт для абароны Украіны.
Што такое рабатызаваныя турэлі, якія павінны выратаваць Кіеў ад рэактыўных «шахедаў»
Украіна заявіла пра знішчэнне найбуйнейшага дэсантнага карабля Расіі каля Новарасійска. Чым ён адметны
Наступленне УСУ на Ліманскім кірунку: што вядома пра аперацыю і чаму OSINT-аналітыкі называюць яе прарывам
SCALP. Што вядома пра ракеты, тэхналогіі вытворчасці якіх Украіне перадаюць Брытанія і Францыя
Каментары