Вайна

Наступленне УСУ на Ліманскім кірунку: што вядома пра аперацыю і чаму OSINT-аналітыкі называюць яе прарывам

Камандуючы Трэцім армейскім корпусам Узброеных сіл Украіны генерал Андрэй Білецкі апублікаваў 7 верасня відэа з цэнтра горада Святагорск у Данецкай вобласці, які Міністэрства абароны Расіі і асабіста прэзідэнт Уладзімір Пуцін ужо абвясцілі захопленым. Больш за тое, паводле даных OSINT-аналітыкаў, украінская армія працягвае контрнаступальную аперацыю на Ліманскім кірунку і, імаверна, ужо дасягнула значных поспехаў. Крыніцы Украінскай службы Бі-бі-сі падкрэсліваюць, што гэта «сакрэтная аперацыя яшчэ працягваецца».

Трэніроўка байцоў 60‑й механізаванай брыгады УСУ, якая ўваходзіць у склад Трэцяга армейскага корпуса і адказвае за абарону Святагорска на Ліманскім кірунку. Фота: Трэці армейскі корпус

Пра ўзяцце Святагорска кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін заявіў 1 верасня. Гэты горад ляжыць за 15 км на паўночны захад ад Лімана, і на яго ўскраіне размешчаная важная святыня для праваслаўных хрысціян — Свята-Успенская лаўра. На наступны дзень інфармацыю пра захоп горада распаўсюдзіла Міністэрства абароны Расіі. Ніякіх доказаў гэтага ведамства не падало.

Ужо тады гэтыя заявы выклікалі скепсіс нават у прарасійскіх ваенных блогераў. Рэч у тым, што населены пункт знаходзіўся на той момант прыкладна за 10—12 км ад лініі фронту і ніякіх даных пра паспяховую інфільтрацыю ў яго кірунку расійскіх штурмавікоў не было.

На наступны дзень пасля заяў Расіі шэраг украінскіх журналістаў прайшліся па Святагорску і не знайшлі там расіян. Удзень 7 верасня прэс-служба Трэцяга армейскага корпуса, які адказвае за гэты ўчастак фронту, распаўсюдзіла відэа з заявай генерала Білецкага, які свабодна і нават без каскі гуляе па вуліцах Святагорска і каля Свята-Успенскай Лаўры. Ён дэманструе, што па горадзе перасуваюцца цывільныя аўтамабілі, а сам населены пункт знаходзіцца пад поўным кантролем украінскай арміі. Больш за тое, камандзір 3 АК называе яго «тылавым горадам».

Генерал Андрэй Білецкі на фоне Святагорскай лаўры гаворыць, што гэта «тылавы горад». Відэа апублікавана 7 верасня. Фота: Трэці армейскі корпус

«У Святагорску не тое што ніколі расійскага салдата не было (у 2022 годзе гэты горад некалькі месяцаў быў пад акупацыяй арміі РФ. — Рэд.), але тут у прынцыпе гуляць можна без ніякіх праблем, хоць і пажадана ў браніраванай камізэльцы… Гэта тылавая зона нашага корпуса, тут усё цудоўна», — заявіў ён.

Па мерках расійска-ўкраінскай вайны фармулёўка «тылавая зона» можа сведчыць, што населены пункт знаходзіцца як мінімум за 20—30 км ад лініі фронту. І далейшыя паведамленні ўкраінскіх, расійскіх і замежных OSINT-аналітыкаў сапраўды засведчылі, што ўкраінскай арміі, імаверна, удалося не толькі адкінуць праціўніка ад Святагорска, але і адбіць у яго значную тэрыторыю каля Лімана.

«Уразлівы» выступ

Інфармаваныя крыніцы Бі-бі-сі сярод вайскова-палітычнага кіраўніцтва пацвярджаюць факт наступальнай аперацыі каля Лімана, але падкрэсліваюць, «што яна яшчэ працягваецца». Адпаведна, пакуль ніякіх афіцыйных падрабязнасцяў.

У прэс-службе Трэцяга армейскага корпуса заявілі, што не могуць каментаваць гэтае пытанне «з меркаванняў бяспекі».

У той жа час шэраг замежных OSINT-аналітыкаў паведамілі пра тое, што наступ украінцаў на гэтым участку фронту ўжо дасягнуў поспеху і ўдалося вызваліць сотні кіламетраў тэрыторыі, зрэзаўшы «выступ» расійскай арміі, які сфармаваўся на паўночны захад ад Лімана.

Гаворка ідзе пра плацдарм УС РФ, які яны захапілі на правым беразе ракі Чорны Жарабец летам-восенню 2025 года. Тады расійскія вайскоўцы змаглі фарсіраваць водную перашкоду і прасунуцца ўглыб украінскай тэрыторыі на 17—20 км у кірунку Святагорска. Яны таксама фарсіравалі раку Нітрыус і ў сакавіку гэтага года Мінабароны Расіі абвясціла пра ўзяцце пасёлка Яравая, які знаходзіцца ўсяго за 5 км ад Святагорскай Лаўры.

Гэты выступ на поўнач ад Лімана расійская армія змагла сфармаваць на працягу лета-восені 2025 года. Фота: Deepstate

Далейшае прасоўванне магло прывесці да падзення Лімана, які б аказаўся адрэзаным ад лагістычных маршрутаў, а за ім і да сур'ёзнага ўскладнення сітуацыі на поўдзень — каля Славянска-Краматорскай агламерацыі.

Паводле даных французскага вайсковага OSINT-аналітыка Клемана Маліна, украінскія Сілы абароны яшчэ напрыканцы мая пачалі контрнаступальную аперацыю каля Лімана, якая працягвалася амаль 4 месяцы ў рэжыме поўнай сакрэтнасці.

Эксперт адзначыў, што бакі амаль не публікавалі кантэнт з геапрывязкай да гэтых мясцін, але ён у прыватнасці аналізаваў, куды менавіта траплялі расійскія авіябомбы. Гэта дазваляла яму рабіць высновы пра тое, хто кантралюе згаданую тэрыторыю.

Малін адзначыў, што яшчэ ў чэрвені-ліпені УСУ ўдалося вызваліць шэраг сёлаў на гэтым кірунку, аднак інфармацыя пра гэта была засакрэчаная. Цяпер, паводле яго даных, украінская армія цалкам зрэзала расійскі выступ, адкінуўшы праціўніка за раку Жарабец.

Амерыканскі аналітычны цэнтр «Інстытут вывучэння вайны» (ISW) у сваёй справаздачы ад 7 верасня спасылаецца на расійскіх ваенных блогераў, якія «ўсё часцей прызнаюць факты ўкраінскіх контратак навокал Лімана»

«Метадалогія картаграфавання ISW недаацэньвае маштабы імаверных украінскіх поспехаў у бягучых контратаках на Ліманскім кірунку, і дадатковы збор даных, імаверна, пакажа поўны маштаб украінскіх перамог на Ліманскім кірунку увосень 2026 года», — гаворыцца ў справаздачы.

Украінскі вайсковы аналітык Міхаіл Жырохаў заявіў Бі-бі-сі, што ягоныя крыніцы сярод вайскоўцаў УСУ пацвярджаюць інфармацыю пра паспяховую ліквідацыю расійскага плацдарма каля Лімана.

«Мне вельмі асцярожна пацвердзілі, што сапраўды так, удалося зрэзаць расійскі выступ», — сказаў ён.

Аналітык патлумачыў:

«Рэч у тым, што гэты выступ РФ «пераспеў». Расіяне высунуліся занадта далёка, а флангі яго не забяспечылі, неабходных сіл і сродкаў там не было. Украінскія групоўкі змаглі нанесці расіянам два сустрэчныя ўдары ў кірунку вузкага «перашыйка» гэтага выступу. Гэта было найбольш уразлівае яго месца».

Жырохаў падкрэслівае, што, паводле яго даных, украінская армія не проста стварыла тут «кіл-зону» з дапамогай ударных БПЛА, а фізічна зачысціла ад праціўніка пазначаную тэрыторыю. На яго думку, УСУ не працягнуць наступ углыб тэрыторыі, а будуць утрымліваць абарону па рубяжы ракі Чорны Жарабец, каб не дапусціць яе фарсіравання. Гэта можа зруйнаваць усе планы РФ па захопе Лімана і выхадзе ў тыл групоўкі, якая абараняе Славянск.

Што кажуць расіяне

Афіцыйныя расійскія крыніцы ўкраінскія контратакі каля Лімана (Крэмль выкарыстоўвае савецкую назву «Чырвоны Ліман») не каментавалі. Больш за тое, згодна з заявамі Мінабароны РФ, па стане на сярэдзіну жніўня расіяне праводзілі «зачыстку Лімана» і «перарэзалі лагістыку» УСУ на гэтым кірунку.

Зусім іншая сітуацыя вымалёўваецца з паведамленняў праваенных блогераў з Расіі. Некаторыя з іх нават пачалі гаварыць пра адступленне ці атачэнне расійскай групоўкі.

Так, буйны тэлеграм-канал «Два майора» (амаль 1,2 мільёна падпісчыкаў) па стане на 8 верасня заяўляў, што сітуацыя на Ліманскім кірунку «ўскладняецца». Адзначана, што ўкраінскія сілы атакуюць з паўночнага кірунку каля вёсак Рэдкадуб і Карпаўка, заходзяць у вёскі Ямполеўка і Зарэчнае, якія знаходзяцца на левым беразе ракі Чорны Жарабец, а таксама ўжо выбілі армію Расіі з паўднёва-ўсходніх ускраін Лімана.

Яшчэ адзін расійскі Z-блогер Юрый Падаляка (амаль 2,7 мільёна падпісчыкаў) таксама прызнаў, што ўкраінская армія «прасоўваецца наперад» з мэтай абразання расійскай лагістыкі каля Лімана.

Тэлеграм-канал «Рыбарь» (1,5 мільёна падпісчыкаў) прызнае, што на гэтым кірунку «з'яўляюцца новыя сведчанні пагаршэння абстаноўкі».

Паводле даных ваеннага блогера Анатоля Радава (36,5 тысяч падпісчыкаў), сітуацыя тут для расійскіх войскаў «складаная» і робіцца «ўсё горшай і горшай». Аднак ён адмаўляе, што ёсць «загад на адступленне войскаў» каля Лімана.

«Хлопцы трымаюць абарону», — напісаў ён.

Праўда, не адзначыў, дзе менавіта.

Каментары

Цяпер чытаюць

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі28

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Усе навіны →
Усе навіны

У Швецыі затрымалі беларуса — ён фатаграфаваў ахоўныя аб’екты. Там вырабляюць ракеты і боепрыпасы2

Анджаліна Джалі наведала баксёрскі клуб у Харкаве2

Расіяне атакуюць пасажырскія цягнікі ва Украіне7

Мурал беларускім пісьменнікам адкрылі ў Касцюковічах1

Грузавы самалёт Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі зачасціў у Мінск4

Боснія адклікае амаль усіх супрацоўнікаў пасольства ў Сербіі 7

Плаціць за праезд у наземным транспарце Мінска можна будзе карткай любога банка

Беларусаў запрасілі рабіць пусканаладку на першай турэцкай АЭС6

У Беларусі адчувальна падаражэлі аўтазапчасткі — вось чаму4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі28

«У сына на тэлефоне былі налепленыя сцяг і герб Расіі. З гэтага ўсё пачалося». Бацька школьніка з Баранавіч расказаў, як яго сына цкавалі аднакласнікі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць