«Вызваліўшы нас, пасадзілі іншых». Алесь Бяляцкі паглядзеў фільм пра Алеся Бяляцкага
Сам праваабаронца не ведаў пра стварэнне стужкі, пакуль быў за кратамі. Але калі паглядзеў, быў вельмі ўзрушаны і ўдзячны камандзе, назваўшы фільм «нечаканым, прыемным сюрпрызам».

У Варшаве паказалі дакументальны фільм «Бяляцкі / Нязломны» (Bialiatski/ Unbroken) — пра лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, кіраўніка «Вясны», праваабаронцу Алеся Бяляцкага. Ён адказаў на пытанні гледачоў і паабяцаў праз год выдаць новую кнігу, піша Радыё Свабода.
Дакументальны фільм «Бяляцкі/Нязломны» зняла ў Літве кампанія «Ketvirtaversija». Рэжысёр — Эймантас Бяліцкас, аўтары сцэнарыя — Аляксандра Глаголева і Юрый Буцько, музыку да стужкі напісаў вядомы літоўскі кампазітар і музыка Андрус Мамантавас.
Праца над фільмам пачалася, калі Алесь Бяляцкі быў у зняволенні. А пад канец вытворчасці фільма, 13 снежня 2025 года, Алеся Бяляцкага нечакана выпусцілі з турмы і вывезлі ў Літву. Сам праваабаронца не ведаў пра стварэнне стужкі, пакуль быў за кратамі. Але калі паглядзеў, быў вельмі ўзрушаны і ўдзячны камандзе, назваўшы фільм «нечаканым, прыемным сюрпрызам».

На паказе ў Варшаве, акрамя самога Бяляцкага, былі яго калегі — праваабаронцы з Азербайджана і Кыргызстана Джавід Агаеў і Талекан Ісмаілава. Дыстанцыйна ў дыскусіі ўдзельнічала спецыяльная дакладчыца ААН па сітуацыі з правамі чалавека Андрэа Баланьяс Варгас.
Фільм пачынаецца кадрамі з уручэння Нобелеўскай прэміі міру ў 2022 годзе ў Осла жонцы лаўрэата Наталлі Пінчук і яе кранальнай прамовы. У стужцы шмат дакументальных здымкаў: з пачатку 1990-х, дзе Бяляцкі ідзе ў маршах разам з Юрыем Хадыкам, Генадзем Карпенкам, Юрыем Захаранкам ды іншымі; бульдозеры ў Курапатах; гвалтоўны разгон пратэстаў у 2020-м: стогны і крыкі з Акрэсціна, відэазапіс з РУУС, дзе здзекуюцца з затрыманых; жорсткія кадры з турмаў. А таксама нечаканыя вызваленні Бяляцкага з турмы ў 2014‑м і ў 2025-м: кранальныя сустрэчы з жонкай Наталляй на мінскім вакзале і ў віленскім аэрапорце.
«Свабоду Алесю Бяляцкаму»
Разгон Плошчы 2010 года. Бяляцкі тады быў віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH). У пачатку 2011 года, калі ён прыехаў у Парыж, калегі яго адгаворвалі вяртацца ў Беларусь. Але ён вярнуўся. Праваабарончы цэнтр «Вясна» тады падтрымліваў палітвязняў і іх сем'і, аплачваў паслугі адвакатаў.
У жніўні Алеся затрымалі і абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса («утойванне даходаў у асабліва буйным памеры»).

На суд тады прыйшлі дзясяткі людзей, калега-праваабаронца Таццяна Равяка ў зале суда разгарнула плакат «Свабоду Алесю Бяляцкаму», людзі выкрыквалі: «Ганьба!».
23 лістапада 2011 года Алеся Бяляцкага асудзілі на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Адседзеў ён на 1 год і 8 месяца ў менш: выйшаў 21 чэрвеня 2014 года па амністыі — дзякуючы міжнароднаму ціску і салідарнасці.
Пасля падзей 2020 года беларускія палітыкі, актывісты пачалі масава з'язджаць з краіны. Кіраўніцтва праваабарончага цэнтра «Вясна» прынцыпова заставалася ў Беларусі — дапамагала людзям з юрыдычнымі парадамі, з найманнем адвакатаў, з атрыманнем віз.

14 ліпеня 2021 года сілавікі прыйшлі і па Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзя Лабковіча. Іх жорстка затрымалі. На свабоду праваабаронцы «Вясны» выйшлі амаль праз 5 гадоў.
Калі Алесь адбываў першае пакаранне, у бабруйскую калонію № 2 яму прыходзіла па некалькі соцень лістоў у дзень. У фільме ёсць іранічны момант. Тагачасная кіраўніца бюро для Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Саша Кулаева шмат пісала Алесю Бяляцкаму, дасылаючы лісты ў прыгожых канвертах.
Пасля вызвалення Алеся яны разам прыехалі да будынка бабруйскай калоніі, зрабілі сэлфі на фоне яе шыльды. І тут на ганак выходзіць цэнзар — проста пакурыць. Бяляцкага ён пазнаў і пажартаваў: «Алесь Віктаравіч, вы засумавалі і хочаце зноў да нас?» — «Не!» — адказвае Алесь. А Саша Кулаева кажа цэнзару: «Я Алесю шмат лістоў пісала». Цэнзар тут жа іх ацаніў: «Я памятаю, вашы лісты былі вельмі цікавыя». Зала таксама ацаніла словы цэнзара — смехам і воплескамі.
А вось калі Алеся Бяляцкага разам з калегамі-вясноўцамі Валянцінам Стэфановічам і Уладзімірам Лабковічам асудзілі адпаведна на 10, 9 і 7 гадоў зняволення ў 2023 годзе, то кіраўнік «Вясны» адбываў пакаранне ў калоніі, вядомай асаблівай жорсткасцю да палітвязняў, — ПК-9 у Шклове. І тады ранейшая «адседка» ў Бабруйску ў параўнанні са Шкловам здалася Бяляцкаму даволі лёгкай.

«З пачатку вайны з Украінай уся перапіска была спыненая, і палітвязні апынуліся ў якасці закладнікаў-палонных. За ўвесь 2025 год я атрымаў толькі адзін ліст ад жонкі. І ўсё — гэта было поўнае інкамунікада. Але я ведаў, што падтрымка ёсць, салідарнасць ёсць — я быў у гэтым перакананы! І апавядаў іншым зняволеным. Я ж не першы год у праваабарончым руху і ведаю, наколькі моцна і праваабаронцы, і актывісты, знаходзячыся на волі, стараюцца падтрымаць тых, хто за кратамі».
«Усе ацэнкі негатыўныя»
Алесь прызнаецца, што пасля вызвалення глядзіць гэты фільм трэці раз. Праўда, пасля перапынку ў 4 месяцы.
«У фільме я бачу маладога адваката Дзмітрыя Лаеўскага, які мяне бароніць у2011-м, а цяпер ён сам за кратамі — прысудзілі 3 гады зняволення… Пераслед адвакатаў, праваабаронцаў, грамадскіх актывістаў працягваецца», — скрушна кажа нобелеўскі лаўрэат.

Пасля паказу ў Бяляцкага запыталіся, як ён ацэньвае сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі праз 6 гадоў пасля 2020-га.
«Усе ацэнкі негатыўныя. І пастаянны аналіз спецыяльнага дакладчыка ААН, іншых міжнародных арганізацый, іх справаздачы сведчаць, што ацэнка не змянілася, яна негатыўная. Таму і былі ўведзеныя палітычныя і эканамічныя санкцыі. Так, палітзняволеных вызваляюць. Але ці з'яўляецца гэта сур'ёзнай зменай і паляпшэннем сітуацыі з правамі чалавека? Адназначна — не! Бо вызваліўшы нас, пасадзілі іншых. І тое, што зараз у турмах Беларусі знаходзяцца каля 1000 палітзняволеных, — сведчанне таго. З'явілася пэўная стомленасць, некаторыя палітыкі загаварылі, што, можа быць, варта пачаць размаўляць з рэжымам… Але такія «выпускі» палітзняволеных не павінны нас падманваць. Мы ўсё ж павінны дамагацца кардынальных змен у сітуацыі з правамі чалавека ў самой краіне», — перакананы Бяляцкі.
Новая кніжка
Праваабаронца Алесь Бяляцкі — аўтар некалькіх кніг: «Літаратура і нацыя» (1991); «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера» (2006); «Асвечаныя беларускасцю» (2013); «Ртутнае срэбра жыцця» (2014); «Халоднае крыло Радзімы» (2014). Мы запыталіся ў яго, ці напіша ён нешта новае пасля турмы.
«Пісаць мне даводзілася ў асноўным у турме, бо там было больш вольнага часу, чым маю зараз. Але я хачу напісаць хаця б успаміны, асэнсаванне таго, што адбывалася за гэтыя 5 гадоў, калі я быў у зняволенні. Спадзяюся, што праз год з'явіцца новая кніжка», — паабяцаў Алесь Бяляцкі.
І дадаў, што шмат хто з былых палітычных вязняў піша мемуары, успаміны. Адзначыў некалькі новых кніжак: «Інкамунікада. Катаванне адзінотай» Ігара Карнея, «Каланісты» Максіма Знака.
«У нас з'яўляецца цэлы жанр — беларуская турэмная літаратура, і яна вельмі якасная, усім раю пачытаць. У межах нашай фундацыі мы будзем падтрымліваць і выдавецкую дзейнасць, яна будзе арыентавацца ў пэўнай ступені на пераклады з іншых моў на беларускую і з беларускай на іншыя», — паабяцаў Алесь Бяляцкі.
Ці з'явіліся зараз новыя магчымасці, інструменты, каб выцягваць людзей з турмы? Алесь Бяляцкі кажа, што гэта складанае пытанне.
«Я згодны з маімі калегамі: толькі сумесныя салідарныя дзеянні — з дыпламатычнымі, міжнароднымі, інфармацыйнымі кампаніямі — прыводзяць да вызвалення палітзняволеных. Так было і з беларускімі зняволенымі, так было і з вязнямі з Азербайджана, Кыргызстана. Частка — больш паспяховыя, частка — менш, але гэта трэба рабіць!» — перакананы нобелеўскі лаўрэат.
Каментары