Навукоўцы прасачылі, як смерць аднаго слана можа ўплываць на экасістэму
Нават пасля смерці слон можа ўплываць на мясцовую экасістэму яшчэ як мінімум восем гадоў. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы, якія вывучалі, як раскладанне слановых туш змяняе навакольнае асяроддзе ў нацыянальным парку Кругера ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, піша выданне Discover Wildlife.

Даследаванне пачалося пасля гібелі вялікага самотнага слана па мянушцы Аляксандр у 2009 годзе. Ягоная туша ляжала каля дарогі, па якой рэгулярна праязджаў даследчык Дэйв Томпсан з Паўднёвафрыканскай сеткі экалагічных назіранняў. Назіраючы за раскладаннем парэшткаў жывёлы, ён зацікавіўся тым, як гэта ўплывае на навакольную прыроду.
Навукоўцы пачалі сістэматычна вывучаць змены ў глебе, мікраарганізмах і расліннасці, а таксама тое, як парэшткі слана ўплываюць на паводзіны іншых жывёл.
На першым этапе раскладання туша выклікае гібель расліннасці паблізу праз рэзкае павелічэнне канцэнтрацыі прадуктаў распаду. У прыватнасці, утрыманне азоту ў глебе каля свежых парэшткаў можа ў 3000 разоў перавышаць норму. Такая колькасць злучэнняў азоту перашкаджае росту раслін.
Змяняецца і склад глебавых бактэрый: разнастайнасць мікраарганізмаў скарачаецца, але актыўнасць тых, што выжылі, рэзка ўзрастае. Пазней хімічны склад глебы стабілізуецца, аднак замест разнастайнай расліннасці пачынаюць пераважаць некалькі відаў траў, якія хутка растуць.
Такія ўчасткі прыцягваюць траваедных жывёл, якія рэгулярна вяртаюцца туды. Іх экскрэменты дадаткова ўзбагачаюць глебу пажыўнымі рэчывамі, дзякуючы чаму наступствы гібелі слана працягваюць уплываць на экасістэму.
Прадстаўнік нацыянальных паркаў ПАР Ізак Сміт адзначыў, што гэта даследаванне пераканаўча паказвае, як прырода, якую мы назіраем сёння, фармуецца пад уплывам падзей мінулага.
Такім чынам, нават пасля знікнення непасрэднай крыніцы зменаў яе ўздзеянне на навакольнае асяроддзе можа захоўвацца на працягу многіх гадоў.
Слон з мёртвым сланянём, каёт у Сан-Францыска, пума на агароджы… Вось якія работы сталі сёлетнімі пераможцамі конкурсу «Фатограф года дзікай прыроды»
Сланы ўмеюць, як і людзі, гатаваць лекавыя сумесі для сваіх сланянят
Ці выкарыстоўваюць жывёлы імёны для зносін паміж сабой?
Брытанскія навукоўцы высветлілі, для чаго выкарыстоўвалі прыладу са слановай косці 500‑тысячагадовай даўніны
Цяпер чытаюць
«Людзі каментавалі, што сальманела ўвайшла ў чат». Беларус паехаў працаваць у Крэмніевую даліну — і стаў кулінарным блогерам на 28 мільярдаў праглядаў
Каментары