Кожны чалавек мае імя, і людзі ахвотна даюць імёны хатнім жывёлам. Але ці здольныя самі жывёлы называць адно аднаго? За апошнія дзесяцігоддзі назапасілася нямала сведчанняў таго, што некаторыя млекакормячыя і птушкі выкарыстоўваюць асаблівыя гукі, звязаныя з канкрэтнымі асобінамі. З падрабязнасцямі знаёміць Live Science.

Навукоўцы даўно назіраюць за складанымі сацыяльнымі сувязямі ў жывёльным свеце, аднак пытанне пра тое, ці валодаюць іншыя віды здольнасцю даваць адзін аднаму імёны, дагэтуль застаецца прадметам вострых дыскусій.
Найбольш пераканаўчыя доказы існавання імёнаў у дзікай прыродзе атрыманы падчас вывучэння афалін (Tursiops). Яшчэ ў 1960‑я гады навукоўцы заўважылі, што ў маладых афалін фарміруецца свой характэрны свіст, па якім іх можна адрозніць ад іншых дэльфінаў.
Даследчыкі назвалі такія індывідуальныя гукавыя сігналы «сігнатурнымі свістамі». Іншыя дэльфіны могуць паўтараць свіст канкрэтнай асобіны, каб звярнуцца менавіта да яе — прыкладна як чалавек называе кагосьці па імені.
Больш за тое, дэльфін пазнае, каму належыць свіст, паводле яго частаты і формы, нават калі гэты гук выдае іншая асобіна.
Паводле экспертаў, дэльфіны арыентуюцца не на голас таго, хто свішча, а на саму «форму» і частату гуку. Гэта робіць іх сістэму зносін падобнай да чалавечай, дзе імя захоўвае сваё значэнне незалежна ад таго, хто яго вымаўляе. Дэльфіны выкарыстоўваюць такія пазнакі для каардынацыі дзеянняў і падтрымання сувязяў у сваіх складаных супольнасцях.
Буркатанне сланоў і здольнасці папугаяў
Новыя даныя з’явіліся і пры назіранні за афрыканскімі сланамі. Даследаванне 2023 года паказала, што гэтыя жывёлы звяртаюцца адзін да аднаго з дапамогай нізкіх гукаў, падобных да буркатання. Гучаць гэтыя нізкія сігналы прыкладна так, нібы муркоча гіганцкі кот.
Сланы рэагуюць на прайграванне свайго «імені» значна актыўней, чым на іншыя гукі, што сведчыць пра персаналізаваны характар звароту.
Яшчэ адзін цікавы кандыдат — папугаі. Эксперыменты з акуляравымі вераб'інымі папугайчыкамі (Forpus conspicillatus) з Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі паказвалі, што яны могуць выкарыстоўваць розныя гукавыя сігналы для розных суродзічаў. А даследаванні папугаяў у няволі паказваюць іх фенаменальную здольнасць засвойваць імёны людзей і іншых хатніх жывёл і правільна іх суадносіць.
Аднак эксперты папярэджваюць: папугаі надзвычай добра пераймаюць чалавечую гаворку і могуць навучыцца ўжываць слова ў патрэбнай сітуацыі, не разумеючы яго так, як разумее чалавек. Таму асабліва важна высветліць, што адбываецца ў дзікай прыродзе: ці проста папугаі пазнаюць пэўныя сігналы, ці сапраўды самі «даюць імёны» іншым птушкам.
А малпы?
Нядаўна прыкметы падобнай сістэмы знайшлі ў грывістых мартышак (Leontopithecus) — маленькіх малпаў з Паўднёвай Амерыкі.
Эксперыменты паказалі, што яны могуць накіроўваць пэўныя крыкі канкрэтным членам сваёй групы і засвойваць гэтыя сігналы ад сваякоў.
Але інтэрпрэтацыя вынікаў выклікала спрэчкі. Спецыялісты звяртаюць увагу, што дакладнасць вызначэння «імёнаў» у эксперыментах вагалася прыкладна ад 16 да 61 працэнта. Магчыма, мартышкі не называюць суродзічаў, а проста пераймаюць іх галасы.
Гэта паказвае галоўную праблему такіх даследаванняў: тое, што выглядае як імя ў аднаго віду, можа мець зусім іншую функцыю ў другога.
Што лічыць імем?
У даследаванні, апублікаваным у ліпені 2026 года, навукоўцы прапанавалі тры асноўныя крытэрыі, якія дазваляюць адрозніць сапраўднае «імя» ад проста характэрнага гукавога сігналу.
Па-першае, гук павінен абазначаць канкрэтную асобіну. Па-другое, ён павінен быць яе сімвалічным уяўленнем. Гэта азначае, што той, хто яго выкарыстоўвае, мусіць звязваць гук менавіта з гэтай асобінай. Па-трэцяе, значэнне павінна быць агульным: прынамсі дзве жывёлы павінны разумець, каго абазначае гэты сігнал.
Калі карыстацца такім строгім падыходам, найбольш пераканаўчыя доказы сёння ёсць у афалін. У выпадку сланоў, папугаяў і грывістых мартышак навукоўцам яшчэ трэба даказаць самае складанае: што гук сапраўды выступае сімвалам іншай асобіны, а не проста з'яўляецца сігналам, які выкарыстоўваецца ў пэўнай сітуацыі.
Навошта жывёлам імёны?
У відаў, якія, магчыма, выкарыстоўваюць нешта падобнае да імёнаў, ёсць дзве агульныя рысы: яны вельмі сацыяльныя і здольныя засвойваць новыя гукі. Асабліва карыснымі такія «імёны» могуць быць у супольнасцях, якія час ад часу распадаюцца на меншыя групы. Калі суродзічы не бачаць адно аднаго, магчымасць паклікаць канкрэтную асобіну становіцца асабліва зручнай.
Падобныя паводзіны выяўляюць у вельмі далёкіх адзін ад аднаго відаў. Таму навукоўцы дапускаюць, што здольнасць называць суродзічаў магла ўзнікаць у працэсе эвалюцыі незалежна некалькі разоў — магчыма, пад уплывам складанага сацыяльнага жыцця. Вывучэнне гэтай з'явы можа дапамагчы лепш зразумець і тое, як развівалася мова.
Ёсць тут і іншае важнае пытанне — што «імёны» могуць расказаць пра мысленне жывёл. Каб звязаць пэўны гук з канкрэтнай асобінай, неабходная здольнасць ствараць у галаве нейкае ўяўленне пра яе. У людзей імя цесна звязана з індывідуальнасцю і ўспрыманнем сябе. Таму, калі высветліцца, што жывёлы сапраўды маюць імёны і адгукаюцца на іх, гэта можа сведчыць пра пэўнае ўсведамленне сябе і іншых як асобных індывідаў.
Пакуль, аднак, навукоўцы заклікаюць не спяшацца з высновамі. Даказаць выкарыстанне імёнаў у дзікай прыродзе складана, і для многіх відаў наяўных сведчанняў недастаткова.
Напрыклад, бабуіны, жырафы і крумкачы таксама жывуць у супольнасцях, якія могуць распадацца на меншыя групы. Але доказаў таго, што яны называюць адно аднаго па імені, пакуль няма. Для гэтага адной складанай сацыяльнай структуры недастаткова — патрэбная яшчэ і здольнасць засвойваць новыя гукі. Тым не менш даследчыкі дапускаюць, што «імёны» ў жывёльным свеце могуць быць значна больш распаўсюджанай з'явай, чым нам цяпер вядома.
Каментары