БЕЛ Ł РУС

«Калаб веку!» Манетачка зняла ролік пад хіт нявесткі Лукашэнкі

7.08.2024 / 11:21

Nashaniva.com

Хто вінаваты ў распаўсюдзе творчасці Ганны Сялук на мільённую аўдыторыю расійскай спявачкі?

Манетачка з Іванам Прусам і Глебам Сямёнавым. Кадр з тыктока

Найпапулярнейшая расійская спявачка Манетачка, якая пасля шырокамаштабнага ўварвання ва Украіну з'ехала з Расіі і трапіла ў спіс забароненых артыстаў, зняла нечаканы тыкток. 

У роліку спявачка выходзіць да сваіх падпісчыкаў пад песню «Беларуская жонка» ў выкананні магілёўскага спевака Дзмітрыя Азаранкі. Песня ўсхваляе дамастроеўскі вобраз жонкі, якая «рубит, сеет, пашет, и не жалуется даже». «Беларуская жонка» летась насмяшыла беларускі інтэрнэт, як і яе выканаўца, які бессаромна нахвальваў аўтарку слоў на дзяржаўным тэлебачанні.

@monetochkaliska

♬ оригинальный звук - azarenkoofficial

«Беларускую жонку» напісала самая ўплывовая аўтарка апошніх гадоў, двойчы лаўрэатка «Песні года Беларусі» — Ганна Сялук, якая па быццам бы выпадковым супадзенні аказалася яшчэ і нявесткай Лукашэнкі. Песні жонкі Дзмітрыя Лукашэнкі сёння даюць малавядомым беларускім артыстам білет на эстраду, а таксама — у падборку адборнага крынджу на шоу «О(б)суждаем».

Менавіта вядоўцы гэтага ютуб-шоу, беларускія блогеры Іван Прус і Глеб Сямёнаў, з'явіліся разам з Манетачкай у роліку. Некаторыя з фанатаў спявачкі нават спачатку зблыталі яе з доўгавалосым Глебам.

«Прабачце, я сплю? Гэта найлепшы калаб у свеце?», «Калаб веку!», «Як гэтыя сусветы сустрэліся?» — не хавалі сваіх эмоцый беларусы ў каментарыях.

А ўсё пачалося з таго, што нядаўна расійская спявачка, у якой у тыктоку 3 мільёны падпісчыкаў, падпісалася на акаўнт шоу «О(б)суждаем». «Дык што, мы цяпер сябры?».

Даведаемся пра гэта, відаць, ужо ў наступным выпуску гэтай забаўляльнай беларускай перадачы.

@kykyorg У меня МОЩНАЯ дереализация щас…@monetochkaliska #беларусь #белтыкток #беларускіцікток ♬ То_шо_ми_тепер_друзі - JOLINE

Зусім нядаўна ў шоу «О(б)суждаем» з'яўлялася папулярная расійская музыкальная крытыца Ганна Віленская, якую таксама залучылі да творчасці нявесткі Лукашэнкі.

«Там не набіраецца нават на троечку з мінусам», — вынесла тады Віленская вырак песні «Беларуская жонка» Ганны Сялук, звярнуўшы ўвагу на памылкі ў музычнай гармоніі і «забароненыя хады». 

Чытайце таксама:

«Гэта проста я і ўсё». Блогер Глеб Сямёнаў падзяліўся асабістым — пра адносіны, сям'ю і ўражанні ад гей-клубаў

Вядомы блогер набыў кватэру ў Польшчы — вось як гэта ў яго атрымалася

«Далась тебе вот эта Польша, в РБ зарплата больше». Штучны інтэлект напісаў прапагандысцкі хіт

Бондарава папрасіла прабачэння за Сялук, але зрабіла гэта без належнай павагі

Другі год запар на «Песні года Беларусі» перамагла нявестка Лукашэнкі

Каментары да артыкула