БЕЛ Ł РУС

«Сам прапанаваў ёй выйсці на Ганну Сялук». Палітвязень расказаў пра сваю былую жонку — спявачку з міліцэйскімі пагонамі

26.12.2024 / 15:16

Nashaniva.com

Былы муж зоркі праўладных канцэртаў Ганны Благавай расказаў пра яе шлях на алімп славы.

Сяргей Гунь і Ганна Благава. Фота: скрын відэа chestnok_live / YouTube; annablagova / Instagram

Былы ўладальнік івэнт-агенцтва і палітвязень Сяргей Гунь раней быў жанаты з праўладнай спявачкай, супрацоўніцай міліцыі Ганнай Благавай. Гэту гісторыю ён расказаў у новым выпуску ютуб-канала «ЧестнОК-LIVE».

Ганна Благава працавала салісткай у тэатры песні Ірыны Дарафеевай, у нацыянальным аркестры пад кіраваннем Фінберга і вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры. Удзельнічала ў конкурсах «Славянскі базар», «Еўрафэст», «Новая Хваля».

Пазней яна стала салісткай аркестра ГУУС Мінгарвыканкама. У 2015 годзе жанчына нават трапіла на конкурс «Голас» ва Украіне. Але ў пэўны момант сама адмовілася ад далейшага ўдзелу ў спаборніцтве.

«Яна супрацоўніца пры пагонах. Некаторы час ёй давалі з цяжкасцю дазволы ездзіць туды. А потым прыйшоў момант, калі сказалі «не».

Я казаў ёй: «Кідай гэту працу, навошта яна табе патрэбна, гэты аркестр? Тры капейкі табе там плацяць. Бессэнсоўнае марнаванне часу, а тут ты можаш нармальна прасунуцца. Ты будзеш зарабляць зусім іншыя грошы», — каментуе тыя падзеі мужчына.

Па словах Сяргея, Ганна доўга думала і ў выніку зрабіла выбар на карысць міліцэйскага аркестра.

«Мне галоўнае было, каб ёй было добра. (…) Я падтрымаў яе. (…) Ганна такі эмацыйны чалавек. Яна баіцца выклікаў у жыцці. Таму яна выбрала тое, дзе ёсць стабільнасць», — расказвае Сяргей.

Шлях да славы (ці да Ганны Сялук)

Мужчына згадвае, што хацеў дапамагчы стаць жонцы больш папулярнай.

«Такі таленавіты голас трэба паказваць, каб людзі атрымлівалі асалоду ад яго. Тых грошай, якія для гэтага трэба, не было, і сувязей таксама. Таму ў яе доўга не атрымлівалася гэта ўсё зрабіць».

У нейкі момант Сяргей звярнуў увагу жонкі на аўтара тэкстаў песень Ганну Сялук — нявестку Лукашэнкі.

«Я не памятаю, у якім годзе гэта было. (…) Я хацеў, каб яе кар'ера ішла ў рост. (…) Я назіраў пастаянна за сферай эстрады. Гляджу, чарговая прэмія нейкая наша беларуская і зноў на гэтай прэміі перамагае нейкая невядомая мне паэтэса, якая піша тэксты. Я паслухаў гэтыя песні. (…)

Я ў Ганны пытаюся, хто гэта. Яна расказала, што гэта за чалавек. Я кажу: «Давай. Выходзь на яе, шукай, праз каго можна на яе выйсці. Дамоўся, каб яна напісала табе тэкст. І будзеш перамагаць недзе. Давай паспрабуем». Яна гэта зрабіла. Але праз некалькі гадоў».

Цяпер Ганна Благава стала зоркай беларускай эстрады, пераможцай «Песні года» з песняй, напісанай на словы Ганны Сялук. Разам яны напісалі і «Гімн мінскай міліцыі».

Як у зняволенні слухаў песні жонкі

Пара развялася яшчэ да пратэстаў 2020 года, у якіх Сяргей удзельнічаў. Пазней ён быў затрыманы і атрымаў 2,5 года пазбаўлення волі. Тэрмін адбываў у калоніі «Віцьба».

У калоніі Сяргей дастаткова шмат часу правёў у штрафным ізалятары і памяшканні камернага тыпу (ПКТ). Мужчына згадвае:

«Я сядзеў у ПКТ, недзе ўдалечыні грала радыё, і я пачуў яе голас. (…) Гэта мой родны голас, можна сказаць. Я ж кахаў калісьці чалавека з гэтым голасам. (…) Я прыслухаўся і разумею, што голас маёй былой жонкі. Пасля гэтага я адчуў цікаўнасць. Падышоў да дзвярэй, прыставіў вуха да шчылінкі, каб лепш чуць. Мне было цікава паслухаць яе песню з прафесійнага боку. (…)

Я з захапленнем слухаў яе песні. І хлопцы ў ШІЗА, ПКТ усе ведалі, калі спявае мая былая, таму што я весела крычаў на ўвесь калідор, што мая былая спявае».

Сяргей сцвярджае, што не быў здзіўлены, пачуўшы песні сваёй жонкі па радыё. «Я чытаў у газетах пра яе артыкулы. Я ведаў, што ў яе кар'ера пайшла ўверх проста шалёнымі тэмпамі пасля 2020 года. І я разумеў, з кім яна працуе, якія ў яе сувязі. Таму гэта было ў нейкай ступені чакана».

Фота: annablagova / Instagram

Як цяпер ставіцца да былой жонкі

Мужчына расказвае, што пасля выхаду на свабоду яму было цікава больш даведацца пра тое, чым займаецца яго былая жонка. Пры гэтым, па яго словах, ён не адчувае да яе ніякага негатыву:

«Пры рознасці нашых меркаванняў і поглядаў я рады за яе, таму што ў яе цяпер у творчым плане ідзе ўзлёт. Так, гэта на негатыўнай глебе нейкай. Але я заўсёды клапаціўся пра тое, каб ёй было камфортна і каб яна як жанчына сябе ўмацоўвала. А гэта яе ўмацоўвае. Яна становіцца больш жаноцкай. Я сам гэта бачу. Мяне гэта радуе».

Адносна таго, што яго былая жонка цяпер цалкам знаходзіцца на баку беларускага рэжыму, Сяргей заўважае:

«Ганна проста лёгка паддаецца ўнушэнню. Такіх людзей вельмі часта ў секты завабліваюць. У адрозненне ад усяго астатняга з ёй у мяне няма дысанансу, што яна на тым баку, і прычым настолькі кардынальна мы разышліся ў розныя бакі. Так склалася».

Сяргей расказвае, што з 2020-га ні разу не размаўляў са сваёй былой жонкай, з якой мае супольнае дзіця. Ён прызнаецца, што спрабаваў ёй патэлефанаваць, але жанчына не адказвала. Але Сяргей з разуменнем да гэтага ставіцца:

«Я ёй раней званіў, але яна са мною не размаўляе, не адказвае. Тым больш у сітуацыі, дзе цяпер яна і дзе цяпер я. Натуральна, яна ў прынцыпе ніяк не рэагуе. І не адрэагуе».

Чытайце таксама:

Міліцыянтка, якая выконвае песні нявесткі Лукашэнкі, — былая жонка палітвязня

Колькі зарабляюць у прадзюсарскім цэнтры Ганны Лукашэнкі

Другі год запар на «Песні года Беларусі» перамагла нявестка Лукашэнкі

Каментары да артыкула