БЕЛ Ł РУС

«Баімся, што яе не выпусцяць з Беларусі». Бацькі мінскіх падлеткаў расказалі, як школы кантралююць планы паступлення іх дзяцей

19.04.2025 / 21:21

Nashaniva.com

Выданню «Салідарнасць» сталі вядомыя выпадкі, калі па даручэнні дырэктараў школ класныя кіраўнікі старэйшых класаў (9-11) апытваюць дзяцей, у якую навучальную ўстанову яны збіраюцца паступаць пасля заканчэння школы. З тымі, хто збіраецца выязджаць з Беларусі і паступаць у еўрапейскія ВНУ, праводзяць прафілактычныя гутаркі. Пасля класныя кіраўнікі тэлефануюць бацькам і тлумачаць, што «для вашага дзіцяці і вас будзе лепш, калі ён будзе вучыцца ў сваёй краіне». «Салідарнасць» пагутарыла з мамай дзевяцікласніцы і мамай абітурыенткі.

Фота ілюстрацыйнае

«Гутаркі з класнай тэт-а-тэт і абзвоны бацькоў»

Анастасія, мама Лізы, вучаніцы 10-га класа адной з мінскіх гімназій (усе імёны тут і далей змененыя ў мэтах бяспекі:

«Увечары класная напісала ў агульны з дзецьмі чат: «Усім, у абавязковым парадку, адказаць, куды збіраецеся паступаць пасля заканчэння школы». Яшчэ не ўсе вызначыліся, мы ж толькі ў 10-м вучымся.

Для тых, хто сумленна адказаў (на шчасце, мая дачка сцяміла, што пытанне з падвохам), што збіраецца паступаць у Польшчу і іншыя краіны пачаліся гутаркі з класнай тэт-а-тэт і абзвоны іх бацькоў. З хлопчыкамі ўсё яшчэ больш сур'ёзна, некаторым пасля заканчэння школы ўжо 18 будзе, незразумела, што з войскам. Калі з'язджаць, гэта квіток у адзін канец. Бацькі ў шоку, дзеці псіхуюць і нервуюцца.

Увогуле, настойліва рэкамендуюць не ехаць за мяжу, паступаць у свае ўніверсітэты: «Паверце, для вашага дзіцяці і вас так будзе лепш». Усе, хто збіраюцца паступаць у Мінску, пойдуць толькі на платнае, баяцца размеркавання і адпрацоўкі».

«У нас усё што заўгодна могуць прыдумаць»

Таццяна, мама Аліны, якая летась паступіла на моўныя курсы ва ўніверсітэт адной з еўрапейскіх краін і пасля іх паспяховага заканчэння была залічаная ў ВНУ на бюджэт. 

«Мы вырашылі, што Аліна не будзе прыязджаць дадому ў Беларусь, хоць летам канікулы, а заняткі ва ўніверсітэце пачнуцца толькі ў верасні.

У нас усё што заўгодна могуць прыдумаць, гэта вялікая рызыка. Мы баімся, найперш, што яе не выпусцяць потым з Беларусі. Яна вельмі сумуе па дому, але што рабіць?

Мы прыклалі неймаверныя намаганні па падрыхтоўцы, выдаткавалі шмат сродкаў на рэпетытараў па некалькіх прадметах, каб паступіць у гэты ўніверсітэт. Мне тэлефанавалі са школы і цікавіліся, у якую ВНУ яна паступіла.

Я некалькі разоў ездзіла яе наведваць і на свае вочы бачыла, як на мяжы маладых людзей — студэнтаў з беларускім грамадзянствам — адводзяць у кабінеты на гутаркі».

Чытайце таксама:

Іванец расказаў пра двайныя дыпломы беларускіх выпускнікоў і чаму праблемна прызнаваць польскую і літоўскую адукацыю

У Беларусі некаторыя абітурыенты змогуць атрымаць вышэйшую адукацыю за тры гады

Беларус пайшоў ва ўніверсітэт у 30-гадовым узросце. Ён вучыцца ў Сараеве і расказвае, як яно

Каментары да артыкула