«У такую ж галечу, ды яшчэ і халодную, пакістанцы не паедуць». Беларус пяць тыдняў правёў у Пакістане — вось што яго ўразіла
Больш за тры гады салігарчанін Аляксандр Гойшык правёў у кругасветным падарожжы. Пяць тыдняў з іх — у жніўні-верасні 2024 года — мужчына быў у Пакістане. Краіне, якая лічыцца цёмным конікам для сучасных вандроўнікаў. Пасля знаёмства з якой ён не можа пагаджацца з тымі, хто абураецца навіне аб магчымым прыедзе пакістанцаў у Беларусь. Аляксандр расказаў «Нашай Ніве» пра свой час у далёкай краіне.
Аляксандр Гойшык і пакістанцы ў даліне Калашоў. Фота: @alex_valacuga / Instagram
«Спадабалася абсалютна ўсё»
Беларус прызнаецца, што завышаных чаканняў ад краіны не меў, думаў, што яна будзе падобнай да Індыі. З 95 краін, што наведаў вандроўнік, Індыя стала для яго адной з самых нелюбімых. Але аказалася, што Пакістан — гэта такая здаровая версія сваёй суседкі.
Заехаў у Пакістан Аляксандр з Кітая. І адразу тое, што напружвала яго раней — неразуменне англійскай мовы, перанаселенасць і забрудненасць, — знікла.
«Спадабалася абсалютна ўсё. Пакістан вельмі розны. Там жа ёсць паўночныя тэрыторыі, дзе горы. Няма такога этнасу пакістанцы, гэта прыдуманае. Там ёсць адразу некалькі вялікіх этнічных груп. Напэўна, найбольш мне спадабаліся людзі».
Пакістанскі «Язык троля» каля Скарду. Фота: Аляксандр Гойшык
Увесь час мясцовыя намагаліся дапамагчы Аляксандру, былі вельмі прыязнымі. Пакістанскую гасціннасць ён параўноўвае з той, якую пабачыў у народаў Каўказа ці Сярэдняй Азіі. І гэта вельмі адрозніваецца ад Індыі, дзе ў яго заўсёды было пачуццё, што яго хочуць падмануць, выцягнуць грошы.
«Часта мне казалі: «Калі вернешся дадому, распавядай, што наша краіна — нармальная. Мы не вінаватыя, што ў нас такі кепскі імідж у свеце». Я гэтым і займаюся, расказваю ўсім, што Пакістан — абсалютна нармальная, цікавая і прыязная краіна».
«Заходзіш на нейкую вулачку, а там — наркапрытон пад адкрытым небам»
Аляксандр згадвае, што ў Пакістане не толькі прыгожая прыгода, але і нізкія цэны. Вядома, былі і складанасці: у памежным раёне з правінцыяй Белуджыстан, якая змагаецца за сваю незалежнасць, пакістанская паліцыя яго спыніла і адвезла ў пастарунак — высветлілася, што праз патэнцыйную небяспеку там нельга знаходзіцца без аховы.
Ахоўнік форта Балтыт. Фота: Аляксандр Гойшык
Паліцыя пры гэтым паводзіла сябе вельмі карэктна, кажа беларус.
У аддзяленні яму прапанавалі выбраць, што ён хоча папіць, і адзін з паліцэйскіх пайшоў па крамах шукаць для вандроўніка Coca-Cola Zero. Начальнік пастарунка пачаставаў яго папяросай і шмат разоў паўтараў, каб белы містар не хваляваўся. Урэшце Аляксандр дачакаў эскорту, які правёў яго да прыпынку і пасадзіў на аўтобус.
Іншым разам паліцыя заўважыла яго аднаго ў крымінальным раёне Карачы — туды вандроўнік трапіў выпадкова, заблукаўшы ў горадзе.
«Усе нармальна-нармальна, а потым заходзіш на нейкую вулачку, а там — наркапрытон пад адкрытым небам. Калі максімальна карэктна назваць. Пад'язджае паліцыя, пытаецца, што я тут забыў. Ашукалі кішэні на выпадак, калі я б вырашыў нешта купіць, і сказалі аднаму тут не хадзіць, бо ім не трэба, каб былі праблемы і са мной нешта здарылася».
«Мясцовы жыхар мяне фактычна выратаваў»
Аляксандр згадвае яшчэ адзін выпадак, як яму дапамаглі мясцовыя жыхары. Калі ён вяртаўся з даліны Скарду — «неймавернай прыгажосці месца з цікавымі гістарычнымі і культурнымі аб’ектамі» — пачаліся дажджы, і дарогу размыла. Ехаў ён аўтаспынам, машына не магла больш рухацца.
Размытая дарога з даліны Скарду ў Ісламабад. Фота: Аляксандр Гойшык
На дарозе быў пакістанец з матацыклам — проста перанёс яго на руках праз праблемнае месца. І прапанаваў Аляксандру паехаць з ім:
«Ён на матацыкле, а я з вялікім заплечнікам, нават двума. Ён мяне вёз пад дажджом па серпанцінах кіламетраў 80, пакуль мы даехалі да цывілізацыі. Машын не было ў мой бок, ён мяне фактычна выратаваў. Такіх гісторый шмат было».
«Беларусь няздольная плаціць ім столькі грошай»
Падчас свайго падарожжа Аляксандр завітваў і ў краіны Персідскага заліву. Ён кажа, што ў ААЭ, Амане, Саудаўскай Аравіі, Кувейце, Бахрэйне і Катары заўсёды сустракаў пакістанцаў — гэта асноўная працоўная сіла там.
Каментуючы навіну аб магчымым прыедзе пакістанцаў у Беларусь, ён лічыць, што гэтага не адбудзецца: мы няздольныя прапанаваць ім столькі грошай, як тыя краіны. Да таго ж, у нас вельмі халодны для пакістанцаў клімат.
«Беларусь — бедная краіна, якая няздатныя плаціць ім столькі грошай, колькі яны могуць зарабіць у сябе пад бокам, працуючы ў такой жа мусульманскай краіне. І зарабляючы значна-значна больш, чым у Беларусі».
У сваім падарожжы ён знаёміўся з пакістанцамі, якія мелі сваякоў, хто ездзіў пераходзіць беларускую мяжу з ЕС. Адзін такі чалавек аддаў каля 3—4 тысяч даляраў, даехаў да мяжы, паспрабаваў, але зразумеў, што гэта надта небяспечна — і вярнуўся дадому. Нехта з суразмоўцаў расказаў Аляксандру пра смерць знаёмага ў беларускіх балотах.
«Сустракаліся людзі, якія прасілі арганізаваць гэта для іх. Пыталі, ці я ведаю кантакты, каму можна забашляць. Калі ты ім расказваеш, што гэтага не будзе, што гэта вельмі цяжкі шлях, некаторыя людзі глядзелі з недаверам. Нібыта я спецыяльна ад іх хаваю нейкую залатую жылу».
«Беларусы чамусьці думаюць, што мы такая ўнікальная краіна, хрустальны сасуд, які ўсе хочуць разрабаваць»
Многія беларусы з абурэннем адрэагавалі на прапанову Лукашэнкі прыняць у краіне мігрантаў з Пакістану. І хаця вандроўнік у размове некалькі разоў падкрэсліў, што не верыць, што гэта магчыма, хвалі нянавісці ён не разумее. Кажа, што гэта — праява нізкай адукаванасці і недахоп сапраўдных міжнародных кантактаў.
«Нават калі б паехалі, я не бачу абсалютна ніякай праблемы з гэтым. Я бачыў толькі добрых і прыемных людзей. Беларусы ў Польшчы таксама могуць здавацца для палякаў дзікунамі, якія жывуць на Усходзе і маюць нейкія дзікунскія традыцыі.
Мне здаецца, гэта хваля нянавісці палягае выключна на тым, што людзі не ведаюць. Пагуглілі-пашукалі ўсяго самага кепскага, што можна знайсці пра Пакістан. Людзі карыстаюцца выключна інфармацыяй, якую падаюць СМІ, а СМІ часта падаюць гарачую, клікабельную інфармацыю пра чарговы тэракт ці згвалтаванне. Людзі не маюць жывых прыкладаў узаемадзеяння.
Мне здаецца, што вылечыцца ад гэтага можна, калі проста пачаць самому вандраваць. Ці жыць у краінах, дзе вельмі шмат замежнікаў. Яшчэ раз — я ўпэўнены, што прыезду мігрантаў не адбудзецца, таму што сучаснай беларускай сістэме няма чаго прапанаваць.
Самі беларусы жывуць у галечы. У такую ж галечу, да яшчэ і халодную, пакістанцы не паедуць, таму што ёсць шмат іншых лепшых варыянтаў. А беларусы чамусьці думаюць, што мы такая ўнікальная краіна, хрустальны сасуд, які ўсе хочуць разрабаваць».
{DONATE_PAYPAL}
Чытайце таксама:
Лукашэнка апраўдваецца за ідэю з прыездам 150 тысяч пакістанцаў — гэта, каб «захаваць наш народ»
«Чым пакістанцы ў Беларусі адрозніваюцца ад беларусаў у Польшчы?»
Ці расце злачыннасць пасля прыезду імігрантаў? Праверылі на прыкладзе Польшчы