БЕЛ Ł РУС

Украіна без Крыма, але з Запарожскай АЭС. Reuters апублікавала поўны спіс мірных прапаноў Трампа

25.04.2025 / 17:31

Nashaniva.com

Агенцтва Reuters атрымала поўны змест мірнага плана прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які амерыканскі спецпрадстаўнік Стыў Уіткаф прадставіў на перамовах з Украінай. Журналісты адзначылі, што публікуюць дакумент без зменаў. Ён утрымлівае выразныя ўмовы, якія з'яўляюцца «канчатковай прапановай» Вашынгтона для абодвух бакоў.

Дональд Трамп. Фота: Joe Raedle / Getty Images

У першую чаргу Злучаныя Штаты выступаюць за ўстанаўленне пастаяннага спынення агню паміж Расіяй і Украінай, а таксама за неадкладны пачатак перамоваў па яго практычным укараненні. Украіна атрымае «надзейныя гарантыі бяспекі» і магчымасьць далучэньня да Еўрасаюза, але не будзе мець права на ўступленне ў НАТА.

Па тэрытарыяльных пытаннях ЗША дэ-юрэ прызнаюць расійскі кантроль над Крымам, а таксама дэ-факта прызнаюць расійскі кантроль над Луганскай вобласцю і часткамі Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей.

У той жа час прадугледжваецца, што Украіна вяртае часова акупаваныя тэрыторыі Харкаўскай вобласці. Таксама яна вяртае кантроль над Запарожскай атамнай электрастанцыяй праз амерыканскі кантроль і кіраванне станцыяй — электраэнергія з яе размяркоўваецца паміж абодвума бакамі.

Паводле дакумента, Украіна яшчэ атрымлівае кантроль над Кінбурнскай касой і бесперашкодны доступ да Дняпра.

Адносна эканамічнай часткі, згодна з планам, прадстаўленым Уіткафам, прадугледжана заключэнне пагаднення аб эканамічным партнёрстве паміж ЗША і Украінай, а таксама аднаўленне фінансавай падтрымкі для пасляваеннага аднаўлення краіны.

Акрамя гэтага, планам прадугледжана зняцце санкцый, уведзеных супраць Расіі з 2014 года. Таксама гаворка ідзе пра будучае эканамічнае супрацоўніцтва паміж ЗША і Расіяй, у прыватнасці ў энергетыцы і іншых галінах прамысловасці.

Чытайце таксама:

Украіна рыхтуецца да спынення падтрымкі з боку ЗША — Bild

ЗША прапануюць Украіне мірны план, які дазволіць Пуціну захаваць захопленыя тэрыторыі. Сталі вядомыя амерыканскія прапановы

Пяскоў назваў умову, пры выкананні якой вайна імгненна завяршылася б

«Калі грамадствы рыхтуюць да вялікай вайны, то эксплуатуюць і боязь яе»

Вялікабрытанія можа адмовіцца ад адпраўкі міратворцаў ва Украіну з-за рызыкі вайны з Расіяй

Каментары да артыкула