Трэба стаць новым Ізраілем. У Беларусі прыдумалі, як развіваць стартапы
Пасля 2020 года беларускі стартап-рух апынуўся ў руінах. Цяпер улады шукаюць шляхі яго аднаўлення. Пра іх ініцыятывы расказвае Devby.io.
Бізнэс-інкубатар ПВТ. Конкурс digital-ідэй Space Hackathon разам з МТБанкам. Красавік 2025 года. Фота: park.by
Паводле ацэнак венчурных інвестараў, з Беларусі пасля 2020 года выехала да 80% усіх стартапаў, а з ліку найбольш перспектыўных — да 90%. Разам з імі знік і мясцовы тэхналагічны рынак, які мог бы стаць драйверам эканомікі.
Разам са стартапамі была знішчана і інфраструктура, якая іх падтрымлівала. Улады закрылі Imaguru — ключавы хаб, дзе праходзілі мерапрыемствы, сустрэчы з інвестарамі і акселерацыйныя праграмы. Imaguru прызналі экстрэмісцкім фармаваннем. Услед за ім спыніў існаванне і конкурс сацыяльных праектаў Social Weekend, які доўгі час быў галоўнай пляцоўкай для падтрымкі інавацыйных ідэй.
З прыватных ініцыятыў засталіся толькі адзінкі. Zborka Labs, якая спрабуе працягваць працу, мае слабую рэпутацыю: партфель стартапаў бедны, многія спасылкі не працуюць. Некаторыя ўдзельнікі сцвярджаюць, што ўдзел у праграме звязаны з абавязковай перадачай долі ў кампаніі.
Больш надзейнай крыніцай падтрымкі лічыцца Spark Venture — інвестыцыйная студыя пры ўдзеле Альфа-Банка, якая сапраўды дапамагае праектам на ранняй стадыі.
Паводле бізнэс-анёла Кірыла Валошына, на сённяшні дзень у Беларусі не засталося нічога, што можна было б параўнаць з Imaguru. Існуюць толькі разрозненыя ініцыятывы: акселератар ПВТ, стартап-школа ў БДУ. Але гэта не месцы для штодзённых камунікацый стартапераў — хутчэй, спарадычныя івэнты.
Інвестар Валерый Астрынскі, які пераехаў у Польшчу пасля 2,5 гадоў «хатняй хіміі», падкрэслівае: стартап-экасістэма ў цэлым «адаптавалася да рэалій унутры краіны». Дзяржава анансуе рэформы і абяцае прыцягнуць інвестараў з Расіі, Кітая і арабскіх краін.
Але на фоне мільярдных інвестыцый у AI у свеце, па словах Астрынскага, ён адчувае, наколькі нязначнай стала стартап-экасістэма ў Беларусі. Разрыў паміж краінай і астатнім светам толькі павялічваецца.
Як у ПВТ прыдумалі адраджаць стартапы
Калі раней рух стартапаў у Беларусі падтрымлівалі пераважна прыватныя ініцыятывы, то цяпер асноўную ролю спрабуюць адыграць дзяржаўныя структуры — Парк высокіх тэхналогій (ПВТ), дзяржаўныя банкі і ўніверсітэты.
У пачатку 2025 года ПВТ запусціў трохмесячны акселератар для стартапаў на ранняй стадыі. У праграму адабралі 20 праектаў з гатовымі прадуктамі і зарэгістраванымі кампаніямі. Сам ПВТ інвестыцый не дае, але наладжвае кантакты паміж прадпрымальнікамі і патэнцыйнымі інвестарамі.
Дзяржаўны Белаграпрамбанк таксама праводзіць «Стартап-марафон», у якім штогод выбіраюцца пяць пераможцаў. Прызавыя — сціплыя, усяго некалькі дзясяткаў тысяч рублёў. У 2023 годзе фінал адбыўся ў Маскве, а журы складалася пераважна з прадстаўнікоў расійскіх арганізацый.
У маі 2024 года ПВТ заснаваў Стартап-цэнтр з мэтай развіцця прадпрымальніцтва ва ўніверсітэтах. Намеснік дырэктара ПВТ Кірыл Залескі падкрэсліў, што менавіта ўніверсітэты — найлепшае асяроддзе для запуску інавацыйных праектаў: у развітых краінах да чвэрці стартапаў пачынаецца менавіта там. Быў заключаны шэраг партнёрстваў з ВНУ — уключаючы БДУ, Гомельскі, Полацкі, Палескі, Віцебскі і Брэсцкі тэхналагічны ўніверсітэты.
На базе гэтых устаноў адукацыі працуюць каворкінгі StartUp Space, дзе праходзяць лекцыі, хакатоны і іншыя мерапрыемствы. Аднак эфектыўнасць залежыць ад канкрэтнага ВНУ: у адных падтрымліваюць студэнтаў і вызваляюць ад пар, у іншых абмяжоўваюцца фармальнымі актыўнасцямі.
Галоўнымі ініцыятарамі гэтай стратэгіі выступаюць Кірыл Залескі і Дзмітрый Мікулка — кіраўнік Стартап-цэнтра, які яшчэ ў 2010 годзе спрабаваў стварыць падобную структуру ў БДУ. Але, нягледзячы на ўсе намаганні, на сённяшні дзень з універсітэтаў не выйшла ніводнага паспяховага стартапа.
Новы законапраект, які прывёў кіраўніка ПВТ у крэсла міністра
У канцы 2024 года падчас стартап-конкурсу University Cup чыноўнік ПВТ Кірыл Залескі прадставіў кіраўніцтву краіны — у тым ліку міністру эканомікі і віцэ-прэм’еру — ідэю новага закона аб стартапах і інвестыцыях.
Згодна з прапановамі, стартапы на ранняй стадыі павінны быць вызваленыя ад ПДВ, а інвестары атрымаюць падатковыя вылікі. Для рэзідэнтаў ПВТ прадугледжваецца спрошчаная сістэма справаздачнасці, магчымасць працы на англійскай мове, палегчаны допуск замежных інвестыцый і стварэнне інвестыцыйных фондаў.
Паводле крыніц devby, законапраект павінен быць гатовы ўжо ў першай палове бягучага года.
У сваёй прэзентацыі, па словах суразмоўцы devby, які пажадаў застацца ананімным, Залескі гаварыў, што аўтсорсінг памірае. Маўляў, у Беларусі няма шмат рэсурсаў, і мы павінны развівацца як інавацыйная краіна. І прыводзіў у прыклад Ізраіль, які без рэсурсаў развівае стартап-рух.
Відавочна, што прэзентацыя аказалася паспяховай: ужо ў сакавіку 2025 года Кірыл Залескі быў прызначаны міністрам сувязі і інфарматызацыі.
Чытайце таксама:
Аналітыкі панізілі рэйтынг акцый EPAM да нейтральнага
Сацпакет айцішніка ў Мінску схуднеў? Якімі плюшкамі завабліваюць Lesta, EPAM ды іншыя