Грамадства77

«Твар ПВТ» Кірыл Залескі стаў міністрам. Што пра яго вядома?

3 сакавіка пасаду міністра сувязі і інфарматызацыі атрымаў Кірыл Залескі — нефармальны «твар Парку высокіх тэхналогій» у апошнія некалькі гадоў. Devby з гэтай нагоды ўспомніў, чым Залескі вылучаўся ў ПВТ узору 2022—2024 гадоў.

Кірыл Залескі. Фота: Сяргея Шэлег / БелТА

У структуры парку Залескі быў з 2018 года. Пасля таго, як адміністрацыя ПВТ ператварылася ў «сакратарыят Назіральнай рады ПВТ» (2023), з намесніка дырэктара ён ператварыўся ў намесніка начальніка. А ў апошнія гады дэ-факта прадстаўляў Парк у публічнай прасторы: даваў інтэрв'ю, з'яўляўся на мерапрыемствах.

Кірыл Залескі нарадзіўся ў 1980 годзе ў Мінску. У 2002 годзе скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін (па спецыяльнасці «міжнародныя адносіны») МЗС Расіі.

У 2002-2008 працаваў трэцім сакратаром, другім сакратаром пасольства Беларусі ў Паўднёвай Карэі. У 2008-2011 быў першым сакратаром, дарадцам аддзела Азіі ў МЗС Беларусі. У 2011-2016 — дарадца пасольства Беларусі ў Паўднёвай Карэі. У 2016-2018 — начальнік аддзела Афрыкі, намеснік начальніка ўпраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу МЗС.

2018-2023 — начальнік аддзела грамадскай інфармацыі і міжнароднага супрацоўніцтва, намеснік дырэктара дзяржустановы «Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій». З 2023 года па 3 сакавіка 2025 года — намеснік начальніка дзяржустановы «Сакратарыят назіральнай рады Парку высокіх тэхналогій».

З 3 сакавіка 2025 года — міністр сувязі і інфарматызацыі Беларусі.

Вось чым Кірыл Залескі адзначыўся ў апошнія гады як «спікер ПВТ».

Пасылаў прымірэнчыя сігналы — здаецца, усім бакам

У лістападзе 2022 года Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам ПВТ з нагоды перспектыў развіцця парку. Фон быў трывожным: праз вайну ва Украіне здарылася новая магутная хваля рэлакацыі айцішнікаў, з Беларусі і ПВТ пайшлі дзясяткі кампаній, у тым ліку замежных, і выехалі за мяжу тысячы спецыялістаў.

Па выніках размовы з Лукашэнкам Кірыл Залескі супакоіў усіх, заявіўшы, што «рэжым функцыянавання ПВТ не мяняецца», а адток айцішнікаў на самай справе «не такі вялікі, як пра гэта прынята казаць у прэсе». І наогул пара перагарнуць старонку і працаваць далей.

«З 2020 года наш ІТ-сектар, нашыя айцішнікі пабывалі ў розных сітуацыях. Большасць шматтысячнай арміі айцішнікаў працавалі на эканамічны дабрабыт нашай краіны. Вядома, былі і тыя, хто праявіў сябе не з самага добрага боку, унёс свой уклад у разбурэнне, у дэструктыўныя працэсы. Сёння мы зыходзім з таго, што гэтую старонку перагортваем і працягваем працаваць на стварэнне, на ўмацаванне эканамічнай моцы нашай дзяржавы».

Адвакатаваў ільготы ПВТ

Кірыл Залескі тлумачыў, чаму льготны падатковы рэжым ПВТ важны для ІТ, а ІТ — для эканомікі.

«У сярэднім па нашай краіне доля матэрыяльных выдаткаў у сабекошце тавараў, работ і паслуг складае больш за 60%, а выдаткі на аплату працы — менш за 20%. А ў вытворчасці ІТ-прадукту ў сярэднім па ПВТ аплата працы фарміруе каля 80% сабекошту, а матэрыяльныя выдаткі не перавышаюць 2%.

Вось і атрымліваецца, што для ІТ-бізнэсу ключавую ролю адыгрывае падатковая нагрузка менавіта на фонд аплаты працы. І гэтымі падаткамі ІТ-галіна сто разоў адбівае ўсе астатнія прэферэнцыі: сёння сярэдні айцішнік плаціць у чатыры разы больш падаходнага падатку, чым сярэдні заняты ў эканоміцы».

Аб'яўляў пазітыўныя трэнды

Айцішнікі вяртаюцца

У 2023 годзе айцішнікі працягвалі выязджаць з краіны, але ўжо не такімі тэмпамі. У пачатку года Кірыл Залескі заявіў пра тэндэнцыю вяртання айцішнікаў-рэлакантаў у Беларусь.

«Рэлакацыя сама па сабе (гэта значыць перасоўванне ІТ-спецыялістаў паміж офісамі сваёй карпарацыі ў розных краінах) існавала заўсёды. Яна існавала і да 2022 года, і да 2020… Цяпер мы бачым зусім выразную тэндэнцыю, што пры ўсіх вымушаных перасоўваннях нашых праграмістаў за межы краіны большасць з іх пры найменшай магчымасці вяртаецца на радзіму. Тут у іх дом, тут у іх годны ўзровень жыцця, адукацыі, медыцынскага абслугоўвання і гэтак далей.

Я не ведаю ніводнага айцішніка, які б з задавальненнем выязджаў бы з краіны. Упэўнены, што ўсе яны пры першай жа магчымасці рана ці позна вернуцца дадому», — меркаваў тады яшчэ намеснік дырэктара ПВТ.

Невядома, якая колькасць айцішнікаў у выніку вярнулася ў Беларусь за апошнія тры гады. Вялікі рэсерч ІТ-2023 паказаў, што ўжо вярнуліся або збіраюцца гэта зрабіць найбліжэйшы час 5% удзельнікаў.

У той жа час кампаніі ПВТ страцілі, паводле ацэнак Залескага, каля 30% супрацоўнікаў. Калі яшчэ вясной 2022 года, па даных devby, у кампаніях парку працавала больш за 78 тысяч чалавек, то на бягучы момант ужо 56 тысяч.

Кампаніі ПВТ перафарматавалі экспарт ва ўмовах бана з боку Захаду

У 2023 годзе экспарт ПВТ на фоне адтоку кампаній з РБ, санкцый і адмовы многіх заходніх кампаній працаваць з Беларуссю абрынуўся на 33%, склаўшы 1,8 мільярда даляраў. Мяркуючы са звестак ПВТ, за мінулы год экспарт не ўпаў, але і не вырас, склаўшы тыя ж 1,8 мільярда даляраў.

Кірыл Залескі лічыць, што кампаніям парку ў новых умовах удалося перафарматаваць геаграфію экспарту ІТ-паслуг. Паводле яго слоў, калі раней на заходнія краіны прыпадала 85-90% экспарту ПВТ, то цяпер каля 60%. Пры гэтым вырасла доля іншых рынкаў. Так, доля краін СНД вырасла да 29-30%, доля азіяцкіх краін да 10%.

Па словах Залескага, «бізнэс падладжваецца і шукае новыя магчымасці ў іншых рэгіёнах, дзе працаваць у партнёрстве з Беларуссю не з'яўляецца праблемай».

А вось краіны, з прадстаўнікамі якіх у ПВТ пры ўдзеле Кірыла Залескага былі за апошні год дзелавыя кантакты для развіцця супрацоўніцтва: Расія, Казахстан, Катар, Аман, Філіпіны, Кітай, Сербія, Бразілія, Турцыя, В'етнам, Тайланд, Саудаўская Аравія.

ПВТ стаў больш арыентаваны на ўнутраны рынак

Беларускія ўлады не раз крытыкавалі рэзідэнтаў ПВТ за празмерную зацыкленасць на заходніх заказчыках і нежаданні працаваць на карысць беларускай эканомікі.

Па сцвярджэнні Кірыла Залескага, на сёння сітуацыя змянілася. ПВТ стаў больш арыентаваны на ўнутраны рынак. За мінулы год кампаніі парку атрымалі 25% усёй выручкі на ўнутраным рынку, 75% — на знешнім. Яшчэ ў 2022 годзе доля экспарту ў агульным аб'ёме выручкі ПВТ складала 90%.

Такім чынам, доля ўнутранага рынку ў даходах ПВТ вырасла ў 2,5 разы за тры гады.

Плануе «ўзмацніць карысць ІТ-сектара ўнутры краіны» і лічбавізаваць з розумам

Мяркуючы па ўсім, ужо на пасадзе міністра сувязі і інфарматызацыі Залескі збіраецца далей развіваць гэтую тэму.

«Нам трэба паглядзець, у якіх месцах нам трэба ўзмацніць карысць ІТ-сектара для вырашэння нейкіх надзённых практычных задач унутры краіны. Адпаведна, у гэтым кантэксце мы і будзем выбудоўваць далейшую працу».

А вось як Залескі бачыць мадэль аптымальнай лічбавізацыі Беларусі. Паводле яго слоў, «лічбавізацыя не павінна быць данінай модзе». Яна павінна паляпшаць эфектыўнасць эканомікі і спрашчаць жыццё грамадзян.

«Гэта справа дарагая, і, безумоўна, яе трэба ўкараняць з розумам. Яна не павінна быць данінай модзе, а быць выключна для інтарэсаў альбо нашых грамадзян, альбо эканомікі ў цэлым.

Яшчэ працуючы ў Парку высокіх тэхналогій, я прыводзіў у прыклад АРІП. Большасць з нас адвыклі хадзіць кудысьці, каб заплаціць нейкія штомесячныя плацяжы. Мы прывыклі, што ёсць АРІП, усё працуе хутка і па адным кліку.

На самай справе за стварэннем гэтай сістэмы і ўсіх іншых стаяла карпатлівая праца, велізарная праца. Думаю, што мы павінны будзем укараняць лічбавізацыю так, каб грамадзяне маглі ёю карыстацца і ўспрымаць як само сабой зразумелы атрыбут нашага штодзённага жыцця».

Каментары7

  • даведка
    06.03.2025
    Сивак как вице-премьер при его назначении из-за болезни находился в наморднике в присутствии Лукашенко, а уже с открытым забралом представлял в министерстве.
  • Мушталяр
    06.03.2025
    Мінпрыроды засела зараз лістаць фондавыя крыніцы датычна такіх рэдказёмаў як уран. Шукаюць напэўна Балотніцкае поле ў Лельчыцкім раёне. Хаця хто яго ведае. Залежыць ад таго, хто шукае. КГБ, ГРУ, ФСБ, ...

    Ёсць добры шанец праявіць сябе для Залесскага.

    In Situ Leaching - вельмі тонкі працэс. Тэхналагічны разчын прапампоўваецца праз залеж шматразова. Трэба адсочваць многа параметраў у кожнай соце. Праблема на праблеме: загіпсоўванне, закупарка ін'екцыйных скважын, працечкі (не хоча разчын трапляць менавіта ў экстрактарныя свідравіны), гарызантальныя і вертыкальныя адхіленні руднага цела, і г.д.
    Разчын не павінен спыняцца, паток патрэбен няспынны.
    На маніторах аператараў "Хіагды" апроч лагатыпа Росатама - лагатып Simens.
    Побач з кожнай свідравінавай сотай стаіць шапа з электронікай, што адсочвае працу насосаў, рН разчына і г.д.
    Росатам не здарма ганарыцца "Хіагдой" - першае цалкам ацыфраванае радовішча ISL, калі праўда, што "Далур" ад яе адстае.
  • Гоша
    06.03.2025
    Сапраўды твар)

Цяпер чытаюць

На памятнай банкноце да гадавіны Перамогі змясцілі неіснуючую беларускую славутасць

На памятнай банкноце да гадавіны Перамогі змясцілі неіснуючую беларускую славутасць

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску адразу ў некалькіх раёнах знікла электрычнасць2

Прадукцыю «Беларуськалія» перайменавалі і прадаюць ЕС у абыход санкцый3

ІТ-група на 1000 чалавек у Мінску, што прывозіла Тыля Швайгера, сышла ў прастой і закрыла доступ у офіс8

У Літве на мяжы з Беларуссю пасля вучэнняў зніклі чацвёра амерыканскіх вайскоўцаў4

Б'янка распавяла, што зменшыла грудзі і зрабіла падцяжку твару9

«Робяць дарослы голас, хлусяць пра маму». Навошта мінскім школьнікам масава спатрэбіліся шчанюкі?2

Як Украіне ўдалося знішчыць чатыры верталёты ў Белгарадскай вобласці4

«Мне ўжо кепска». Беларус паказаў нашэсце кляшчоў у раёне1

Анархісту Мікіту Емяльянаву, асуджанаму на 6 гадоў калоніі, дадалі яшчэ адзін год

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На памятнай банкноце да гадавіны Перамогі змясцілі неіснуючую беларускую славутасць

На памятнай банкноце да гадавіны Перамогі змясцілі неіснуючую беларускую славутасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць