БЕЛ Ł РУС

У беларусаў Польшчы былі прычыны не галасаваць за Тшаскоўскага

19.05.2025 / 16:16

Мікіта Доўнар, Мікола Бугай

Кандыдаты-лібералы сабралі ў першым туры польскіх прэзідэнцкіх выбараў менш галасоў, чым спадзяваліся. Статыстыка паказвае, што сярод тых «утрацоных» былі і галасы беларусаў, пішуць Мікіта Доўнар і Мікола Бугай. Чаму так здарылася? 

Святлана Ціханоўская і Дональд Туск, 16 мая 2025 года, саміт Еўрапейскай палітычнай прасторы, Тырана, Албанія. Фота Офіса Ціханоўскай

Усе апошнія дзесяцігоддзі традыцыйна, у сілу гістарычных прычын, большасць грамадзян Польшчы беларускага паходжання не галасавалі за нацыянал-кансерватыўны і каталіцкі лагер. Беларусы часцей аддавалі галасы Лявіцы, Платформе або «трэцяй сіле». Аднак на апошніх выбарах значная доля беларусаў прагаласавала за правых кандыдатаў. Прычым як у вялікіх гарадах, так і ў вёсках Падляшша.

Калі пра настроі беларусаў Варшавы можна даведацца з асабістых размоў, то аб прыхільнасцях Падляшша сведчыць статыстыка. На прэзідэнцкіх выбарах 2020-га ў Гайнаўскім павеце левыя і ліберальныя кандыдаты разам атрымалі 62% галасоў, а правыя — толькі 37. На ўчарашніх выбарах гэтая прапорцыя скарацілася да 51:45. Тая самая тэндэнцыя — вакол Бельска (больш лічбаў — ніжэй).

Беларусы чакалі ад ўрада Кааліцыі больш актыўнай і спрыяльнай палітыкі адносна Беларусі і беларусаў. Замест гэтага ўрад Туска радыкальна абрэзаў дапамогу беларускім СМІ і ініцыятывам. Беларусы былі ў шоку, што нават раней дадзеныя абяцанні былі парушаныя.

Пайшло не так

З аднаго боку, вынік першага тура прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы прагназаваны: у другі тур выйшлі ліберальны мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі і гісторык-кансерватар Караль Наўроцкі.

Сюрпрызам стала мінімальная розніца паміж кандыдатамі — усяго 1,7% на карысць Тшаскоўскага.

Гэта прытым што доўгі час розніца ў іх рэйтынгах складала 5—10 працэнтаў. Трохі недабралі і іншыя кандыдаты ад левых і ліберальных партый, што складаюць урадавую кааліцыю. У выніку тры кандыдаты правага спектра разам узятыя атрымалі 51% галасоў, лібералы, цэнтрысты і левыя — толькі 46%. У другім туры многае будуць вызначаць асабістыя сімпатыі ці антыпатыі да кандыдатаў, таму нас чакае інтэнсіўная кампанія.

Рафал Тшаскоўскі (злева) і Караль Наўроцкі. AP Photo/Czarek Sokolowski, File

Партыі, якія стаяць за Тшаскоўскім і Наўроцкім, па чарзе кіруюць Польшчай апошнія 20 гадоў. З 2005 года асноўная палітычная барацьба ў Польшчы адбываецца паміж лібераламі з «Грамадзянскай платформы» і кансерватарамі з «Закона і справядлівасці» (PiS).

Дзве гэтыя партыі выйшлі з аднаго кораня — руху «Салідарнасць». Іх лідары, Дональд Туск і Яраслаў Качыньскі, у мінулым плячо да пляча змагаліся з камунізмам. Але ўжо 20 гадоў яны змагаюцца адзін супраць другога. І гэтая барацьба даўно нагадвае баі без правілаў.

Доўгі час гэта не распаўсюджвалася на «беларускую палітыку» Варшавы. Падыходы абедзвюх партый да Беларусі ўвесь гэты час былі практычна аднолькавыя. Аднак акурат за апошні год многае памянялася.

Беларусы з польскімі пашпартамі чакалі ад урада Кааліцыі больш актыўнай і спрыяльнай палітыкі адносна Беларусі і беларускасці. Як у спрыянні пераменам у Беларусі, так і ў падтрымцы культурных аспірацый беларусаў, якія так трэба цяпер, каб пад страшэнным ціскам русіфікацыі выстаяла беларуская культура. Але многае пайшло не так.

Пястаўскі і Ягелонскі

У польскай замежнай палітыцы стагоддзямі вылучаюцца два падыходы — Пястаўскі і Ягелонскі. Назву ім далі розныя дынастыі, якія кіравалі Польшчай. Спрошчана кажучы, Пясты былі звязаныя з Нямеччынай, а Ягелоны — з Вялікім Княствам Літоўскім. Дык вось, прыхільнікі «пястаўскага падыходу» лічаць, што Польшча павінна стратэгічна і шчыльна супрацоўнічаць з Нямеччынай. «Ягелонцы» перакананыя, што Варшава павінна шукаць саюзнікаў не ў Берліне, а сярод падобных краін Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Лібералам у Польшчы бліжэйшая пястаўская ідэя, а кансерватарам — ягелонская.

Нягледзячы на гэта, абедзве партыі апошнія 20 гадоў намагаліся ўмацоўваць беларускую ідэнтычнасць і дзяржаўнасць. Для Польшчы гэта адна з гарантый, што іх суседам на ўсходзе будзе не Расія. Такая польская палітыка адпавядала і беларускім інтарэсам, бо спрыяла ўмацаванню незалежнасці Беларусі і замінала Маскве праглынуць нашу краіну.

Першымі актыўнічаць на гэтым полі пачалі польскія кансерватары. У 2005 годзе PiS упершыню прыйшоў да ўлады. Тагачасны прэм’ер Казімеж Марцінкевіч, карані якога, дарэчы, у Беларусі, падпісваў дакументы пра стварэнне адукацыйнай Праграмы імя Кастуся Каліноўскага. Гэта адбылося праз лічаныя дні пасля разгону Плошчы-2006 і першых адлічэнняў студэнтаў за ўдзел у пратэстах. Дзякуючы гэтай праграме больш за 2500 беларусаў атрымалі адукацыю ў Польшчы. Праграма працуе і цяпер.

Палякі дапамагалі і падпольнаму Гуманітарнаму ліцэю імя Якуба Коласа.

Многія кнігі па-беларуску, якія беларусы чытаюць, музыка, якую слухаюць, ці медыі, якія яны глядзяць, выдаюцца пры дапамозе грошай польскіх падаткаплатнікаў. Гэта парадокс гісторыі. Яшчэ сто гадоў таму польская дзяржава паланізавала беларусаў, а сёння ў яе інтарэсе іх беларусізаваць. Бо незалежная Беларусь стала ў інтарэсах Варшавы.

Сустрэча Святланы Ціханоўскай з прэзідэнтам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім, 4 чэрвеня 2021. Фота Andrzej Iwańczuk / Reporter

Дамовы няма

У мінулым годзе беларусы ўпершыню адчулі іншы вецер. Падтрымку беларускіх СМІ зменшылі, нягледзячы на абяцанні яе захаваць. Скандалы ў «Белсаце» трапілі ў СМІ, але спынілася і падтрымка тых незалежных выданняў і асяродкаў, дзе не было ніякіх скандалаў і якія маюць вялікую аўдыторыю.

Беларусы мелі магчымасць браць удзел у розных польскіх стыпендыяльных праграмах. Напрыклад, шасцёра беларускіх даследчыкаў атрымалі навуковыя стыпендыі ад берлінскага аддзела Інстытута Пілецкага. Гэтую ўстанову некалькі гадоў таму стварылі польскія кансерватары. Але прыйшоўшы да ўлады ў мінулым годзе, лібералы пачалі рэвізію многіх ініцыятываў. Інстытут Пілецкага яны лічаць нелаяльным новаму ўраду. У выніку Міністэрства культуры загадала Інстытуту Пілецкага вярнуць больш за 40 000 еўра, выдаткаваныя на стыпендыі беларускім даследчыкам.

Фармальна нібыта з-за таго, што былі парушаныя правілы іх выдзялення. Дробны, але паказальны прыклад, як беларусы балюча пацярпелі ад міжпартыйнай барацьбы.

Ключавое значэнне ў падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасці з боку Польшчы меў Фонд міжнароднай салідарнасці. Ён дапамагаў незалежным СМІ, праваабаронцам, адукацыйным праграмам, мясцовым ініцыятывам і праектам па ўмацаванні беларускай ідэнтычнасці.

Пасля прыходу да ўлады ўраду Туска бюджэт ФСМ на беларускія праекты зменшылі істотна. У гэтым годзе дамовы паміж МЗС і фондам на беларускія праекты пакуль увогуле няма. Прынамсі на сённяшні дзень.

З украінскімі і малдаўскімі праектамі такой праблемы няма. У сітуацыі, калі беларускія арганізацыі практычна страцілі амерыканскую дапамогу ў выніку дзеянняў Дональда Трампа, змена палітыкі Польшчы можа стаць для іх чарговым моцным ударам.

Рафал Тшаскоўскі. Фота: Michal Dyjuk / AP

Пасля пачатку масавых рэпрэсій у Беларусі Польшча прыняла дзясяткі тысяч беларусаў, якія ратаваліся ад турмы. Кіраваў краінай тады ўрад PiS. Кансерватары ініцыявалі прыезд айцішнікаў па так званай праграме Poland Business Harbour, прапаноўвалі за бесцань офісы для IT-кампаній з Беларусі, падатковыя льготы. Новы ўрад зачыніў праграму PBH. Яна стала бізуном лібералаў супраць кансерватараў, новы ўрад палічыў праграму неэфектыўнай і нават абвінаваціў папярэднікаў у карупцыі.

Туск, крытыкуючы міграцыйную палітыку папярэдняга ўрада, заявіў, што прыцягненне беларускіх і расійскіх айцішнікаў дапамагло стварыць у Польшчы «замежную агентуру». Пасля гэтага Польская асацыяцыя распрацоўнікаў праграмнага забеспячэння (SoDA) звярнулася да прэм’ера са зваротам, у якім заступілася за спецыялістаў з Беларусі.

«Беларускія спецыялісты прывезлі ў Польшчу не толькі веды, але і досвед працы ў міжнародных праектах — дзякуючы гэтаму польскія кампаніі атрымліваюць доступ да найноўшых методык і тэхналогій, што павышае канкурэнтаздольнасць кампаній на сусветным рынку», — пісалі аўтары звароту.

Лакмус Белсата

Такі ж лёс спаткаў Белсат. Беларускамоўныя перадачы каналу спрыялі ўмацаванню беларускай ідэнтычнасці, пашыралі гістарычныя веды і беларускую культуру. Падчас пратэстаў 2020 году стрымы каналу глядзелі сотні тысяч людзей. Новы ўрад лібералаў запусціў працэс рэформы канала. Пачалося ўсё са звальнення Агнешкі Рамашэўскай, якая не хавала сваёй прыхільнасці да кансерватараў. Аднак памянялі не толькі кіраўніцтва, памянялі і бюджэт.

Пры кансерватарах Белсат меў у распараджэнні 16 мільёнаў даляраў. Цяпер гэта нашмат менш.

Асабліва прыкра, што пры гэтым лібералы, у тым ліку міністр Сікорскі, абяцалі гэтыя сродкі наадварот павялічыць. 

А механізмаў няма

Нядаўна былы польскі дыпламат у Мінску Вітальд Юраш напісаў, што «Польшча здрадзіла беларускай апазіцыі». Так драматычна апісаў ён сітуацыю, у якой апынуліся многія немаладыя лідары беларускай апазіцыі, якім некалі Польшча абяцала падтрымку.

Сёння іх сваякі ў Беларусі не могуць атрымаць візу, каб сустрэцца ў Польшчы з блізкімі. Праблемы з атрыманнем польскіх візаў адчулі на сабе дзясяткі тысяч беларусаў.

Або іншая праблема: беларускаму школьніцтву няма спрыяння. Захаванне беларускай ідэнтычнасці беларусамі-эмігрантамі важнае для будучыні Беларусі, а механізмаў для гэтага няма, хоць беларуская сітуацыя асаблівая і заслугоўвае асаблівых падыходаў, гэта ж і ў польскім інтарэсе.

Даць вынік хутка

Такое ўражанне, што ў польскім урадзе кіруюцца меркаваннем, што з Беларуссю няшмат магчыма зрабіць, што адсутнічаюць рычагі ўплыву на сітуацыю. Гэта даказвае справа Анджэя Пачобута. Вызваліць яго з беларускай турмы некалькі гадоў не маглі ані кансерватары, ані лібералы.

Так, сутнасць стаўлення да рэжыму ў Мінску не памянялася. Але інтэнсіўнасць падтрымкі дэмакратычных сілаў і беларускай ідэнтычнасці з боку Польшчы відавочна зменшылася.

«Цяжка сказаць, ці гэта прыкмета палітычнага цынізму, ці проста вынік палітычнага прагматызму, калі перавага аддаецца ўсім тым праектам, якія могуць даць вынік хутка. Укладанні ж у беларускую справу — гэта інвестыцыі на далёкую перспектыву, стратэгічнага характару. Новы ўрад, такое ўражанне, не бачыў у гэтым інтарэсу. Аднак тым самым ён, фактычна, аддае Беларусь Расіі», — сказаў «Нашай Ніве» адзін з ветэранаў беларускай палітыкі, які знаходзіцца ў Беларусі, таму папрасіў, каб яго імя не называлі.

Матывы, якія кіравалі ўрадам Туска, ляжаць не ў беларускай плоскасці. Пасля трох гадоў вайны ва Украіне польскае грамадства стамілася ад усходняй тэматыкі і ад уцекачоў з Украіны. Лібералы гэта бачылі па сацыялогіі і, у барацьбе за папулярнасць, закрывалі многія шляхі, адкрытыя кансерватарамі. У выніку і беларускія справы трапілі пад нож палітычнага папулізму.

18 мая палякі выбіралі прэзідэнта. Фота: AP Photo / Czarek Sokolowski

Як галасавала Падляшша

Падтрымка кандыдатаў ад партый урадавай кааліцыі адчувальна зменшылася на Падляшшы, дзе жыве шмат беларусаў. Людзі там напэўна кіраваліся іншымі матывамі, чым беларусы Варшавы, але тэндэнцыя тая самая.

На прэзідэнцкіх выбарах 2020-га ў Гайнаўскім павеце левыя і ліберальныя кандыдаты разам атрымалі 62% галасоў, а правыя — толькі 37. На ўчарашніх выбарах гэтая прапорцыя скарацілася да 51:45. Тое самае здарылася ў Бельскім павеце. У 2020-м правыя там набралі 57% галасоў, у 2025-м — 61%.

Колькасць галасоў, пададзеных у Гайнаўскім павеце Падляшскага ваяводства. Скрыншот з сайта wybory.gov.pl

Прычым гэтая тэндэнцыя там фіксуецца не толькі ў гарадах, але і канкрэтна ў вёсках з пераважна праваслаўным насельніцтвам. У гміне Орля доля галасоў за правых вырасла з 35 да 40%, а ў гміне Чыжы — з 34 да 44%.

У другі тур выйшаў 42-гадовы дырэктар Інстытута нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі. Ён гісторык і былы баксёр. Яго кандыдатуру падтрымала правая партыя PiS. Скрын відэа Telewizja Republika

Варта адзначыць, што ў Польшчы ў цэлым сукупны працэнт галасоў за правых у 2025-м у параўнанні з выбарамі 2020-га не змяніўся, тады як на Падляшшы ён істотна вырас.

{DONATE_PAYPAL}

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула