БЕЛ Ł РУС

Як Бразілія стала «фабрыкай шпіёнаў» для расійскіх разведчыкаў

22.05.2025 / 22:38

Nashaniva.com

Расійскія спецслужбы ператварылі Бразілію ў базу для падрыхтоўкі сваіх элітных агентаў пад прыкрыццём для наступных шпіёнскіх аперацый у ЗША, Еўропе і на Блізкім Усходзе, піша The New York Times.

Вуліца Paulista у Сан-Паўлу. Бразілія. Фота: Maremagnum / Getty Images 

Расследаванне журналістаў The New York Times, заснаванае на сотнях следчых дакументаў і інтэрв'ю з дзясяткамі супрацоўнікаў паліцыі і спецслужбаў з васьмі краін, уключаючы ЗША, Нідэрланды, Ізраіль і Уругвай, раскрывае, як Бразілія стала «зборным канвеерам» для глыбока заканспіраваных агентаў. 

Чаму Бразілія?

«Мэтай было не шпіёніць за Бразіліяй, а стаць бразільцамі», — піша NYT. Бразільскі пашпарт, які забяспечвае бязвізавы ўезд амаль у 150 краін, рабіў краіну ідэальнай стартавай пляцоўкай.

«Чалавек з еўрапейскімі рысамі твару і лёгкім акцэнтам наўрад ці будзе вылучацца ў шматнацыянальнай Бразіліі», — адзначае выданне.

Уразлівасці мясцовай сістэмы выдачы дакументаў узмацнялі прывабнасць: у сельскіх раёнах пасведчанне аб нараджэнні можна атрымаць на падставе заявы двух сведкаў без медыцынскіх даведак.

«Маючы на руках пасведчанне аб нараджэнні, трэба толькі падаць заяву на рэгістрацыю выбаршчыка, ваенны білет і, нарэшце, пашпарт. Атрымаўшы яго, шпіён можа адправіцца практычна ў любое месца свету», — падкрэслівае NYT. Дэцэнтралізаваная сістэма і карупцыя спрашчалі задачу.

Аперацыя «Усход»: пачатак расследавання

Расследаванне пачалося ў красавіку 2022 года, пасля таго як ЦРУ перадала бразільскай Федэральнай паліцыі інфармацыю пра Сяргея Чаркасава, расійскага агента ваеннай разведкі, які пад імем Віктара Мюлера Ферэйры спрабаваў прайсці стажыроўку ў Міжнародным крымінальным судзе (МКС) у Гаазе. МКС на той момант пачаў расследаванне ваенных злачынстваў Расіі ва Украіне.

Пад імем Віктара Мюлера Ферэйры мужчына атрымаў ступень магістра ва Універсітэце Джона Хопкінса. Галандскія памежнікі адмовілі яму ва ўездзе, і ён паляцеў у Сан-Паўлу. У Бразіліі мужчыну арыштавалі за выкарыстанне падробленых дакументаў, хаця яго бразільскі пашпарт, пасведчанне аб нараджэнні і іншыя дакументы былі сапраўднымі.

«Не было ніякіх сувязяў паміж ім і вялікай маці-Расіяй», — распавёў следчы Федэральнай паліцыі на ўмовах ананімнасці. Аднак аналіз пасведчання аб нараджэнні паказаў, што Віктар Мюлер Ферэйра, нібыта народжаны ў 1989 годзе ў Рыа-дэ-Жанэйра ад бразільскай маці, ніколі не існаваў.

Паліцыя высветліла, што пазначаная ў пасведчанні маці памерла праз чатыры гады пасля даты нараджэння «сына», а яе сям'я пацвердзіла, што ў жанчыны не было дзяцей. Гэта адкрыццё дазволіла выявіць шаблон: агенты выкарыстоўвалі сапраўдныя дакументы для неіснуючых асоб.

Бразільскія контрразведчыкі пачалі пошук «прывідаў» — людзей з законнымі пасведчаннямі аб нараджэнні, якія ўсё жыццё не мелі ніякіх запісаў аб фактычным знаходжанні ў Бразіліі і якія раптам з'яўляліся ў дарослым узросце, хутка збіраючы дакументы, што сведчаць асобу.

У выніку было выкрыта не менш за дзевяць агентаў, шасцёра з якіх раней не згадваліся публічна.

Журналісты прыводзяць гісторыі расійскіх агентаў, якія на працягу многіх гадоў жылі ў Бразіліі пад прыкрыццём, атрымалі бразільскія пасведчанні аб нараджэнні і пашпарты, завялі там сяброў і знайшлі працу.

Паспяховы бізнэсмен

Адным з іх з'яўляецца Арцём Шмыроў, які дзейнічаў пад імем Герхарда Даніэля Кампаса Віціха. Мужчына меў паспяховы бізнэс па 3D-друку ў Рыа-дэ-Жанэйра, жыў у прэстыжнай кватэры з бразільскай сяброўкай і катом пароды мейн-кун, гаварыў па-партугальску з лёгкім акцэнтам, тлумачачы яго дзяцінствам у Аўстрыі.

Кампанія Ваціха-Шмырова працавала з буйнымі кліентамі, уключаючы сетку TV Globo і бразільскую армію, хаця сам уладальнік ніколі не наведваў ваенныя базы. Былы кліент і сябар Феліпе Мартынес успамінаў: «Ён быў працаголікам. Ён думаў маштабна».

Аднак Шмыроў, як пазней згадалі яго калегі, паводзіў сябе дзіўна: пазбягаў камер, адключаў камп'ютар ад інтэрнэту, калі ім не карыстаўся, і жартаваў пра «прамысловы шпіянаж» супраць канкурэнтаў. Ён здзяйсняў раптоўныя паездкі ў Еўропу і Азію, а яго даходы здаваліся непрапарцыйнымі бізнэсу.

Шмыроў быў расчараваны сваім шпіёнскай жыццём. У перапісцы з жонкай Ірынай, таксама агентам, якая працавала ў Грэцыі, ён скардзіўся: «Ніякіх рэальных дасягненняў у працы. Я ўжо два гады не там, дзе павінен быць». Ірына адказвала: «Калі ты хацеў нармальнага сямейнага жыцця, ты зрабіў прынцыпова няправільны выбар». 

У снежні 2022 года, за некалькі дзён да выкрыцця, Шмыроў выляцеў у Малайзію, пакінуўшы $12 000 у сейфе і электронныя прылады з асабістай інфармацыяй. Ён не вярнуўся, нягледзячы на зваротны білет на 2 лютага 2023 года.

Сяброўка мужчыны і сябры, уключаючы Мартынеса, спрабавалі яго знайсці, звяртаючыся ў паліцыю і пасольствы. У апошняй размове па тэлефону з сяброўкай, паводле слоў Мартынеса, мужчына сказаў:

«Ты пачуеш пра мяне розныя рэчы, але ведай: я не зрабіў нічога дрэннага. Я нікога не забіваў. Маё мінулае дагнала мяне».

Шпіёны, якія змаглі ўцячы

Бразільскія агенты выявілі, што многія шпіёны пакідалі краіну, як толькі іх асобы пачыналі выклікаць падазрэнні.

Адзін з першых выпадкаў паспяховага сыходу ад арышту — сямейная пара прыкладна 30-гадовага ўзросту, якая жыла пад імёнамі Мануэль Франсіску Штэйнбрук Перэйра і Адрыяна Караліна Кошта Сільва Перэйра. Яны пераехалі ў Партугалію ў 2018 годзе і зніклі, калі бразільскія следчыя пачалі правяраць іх дакументы. 

Наступным звяном у ланцужку раскрыццяў стала жанчына, вядомая як Марыя Луіза Дамінгес Кардосу. Яна выкарыстала бразільскае пасведчанне аб нараджэнні, каб атрымаць уругвайскі пашпарт. Аднак уругвайскія спецслужбы не здолелі яе знасці ў краіне.

Падобны лёс напаткаў яшчэ адну сямейную пару — Рамана Коваля і Ірыну Антонаву, якія дзейнічалі пад імёнамі Федэрыка Луіс Гансалес Радрыгес і Марыя Ісабэль Марэска Гарсія. Яны раптоўна пакінулі Бразілію ў 2023 годзе, зляцеўшы ва Уругвай, калі бразільскія следчыя наблізіліся да іх выкрыцця. Марыя Ісабэль, бландынка, якая выдавала сябе за мадэль, выкарыстала сваю знешнасць для стварэння пераканаўчай легенды.

Некаторыя з выяўленых шпіёнаў — Кацярына і Уладзімір Данілавы, Вольга і Аляксандр Уцехіны, Ірына Антонава і Раман Коваль

У хуткім часе пасля гэтага бразільскія агенты натрапілі на след яшчэ аднаго шпіёна — Вольгі Цюцеравай. Яе прысутнасць была зафіксаваная ў Намібіі. Цяпер яе дакладнае месцазнаходжанне застаецца невядомым.

Галоўнай надзеяй бразільскіх агентаў на арышт некаторы час быў ювелір па імені Эрык Лопес. Паліцыя выявіла, што на самой справе ён быў расійскім агентам па імені Аляксандр Уцехін.

У 2021 годзе мужчына з’явіўся ў бразільскім тэлешоу «Паспяховыя прадпрымальнікі», дзе яго назвалі «экспертам па каштоўных камянях». Аднак вядучая шоу ў інтэрв’ю NYT адзначыла дзіўныя паводзіны прадпрымальніка: «Лопес заплаціў за эфір, гаварыў на ламанай партугальскай і адмовіўся здымацца». Замест яго ў кадры выступаў супрацоўнік, які дрэнна разбіраўся ў бізнэсе і атрымліваў падказкі ад Уцехіна.

Калі федэральныя агенты прыбылі ў крамы, яны не знайшлі ніякіх слядоў Лопеса, золата ці каштоўных камянёў, якія ён рэкламаваў у Instagram. Паводле даных заходніх спецслужбаў, Уцехін правёў пэўны час на Блізкім Усходзе, перш чым, як мяркуецца, вярнуўся ў Расію.

Міжнароднае супрацоўніцтва і роля Інтэрпала

Расследаванне закранула не менш за восем краін, уключаючы ЗША, Нідэрланды, Ізраіль і Уругвай, якія дзяліліся разведвальнымі данымі.

Бразілія і Уругвай выкарысталі магчымасці Інтэрпала, распаўсюдзіўшы blue notices з фотаздымкамі, адбіткамі пальцаў і імёнамі шпіёнаў у 196 краінах. Гэта зрабіла немагчымай іх далейшую працу за мяжой.

У сувязі з тым, што Інтэрпал афіцыйна не займаецца шпіянажам, абвінавачанні фармуляваліся як выкарыстанне падробленых дакументаў.

З усіх выяўленых шпіёнаў толькі Сяргей Чаркасаў застаецца ў зняволенні. Ён быў асуджаны за падробку дакументаў і атрымаў 15 гадоў, але тэрмін скарацілі да пяці. 

Расія спрабавала дамагчыся яго экстрадыцыі, заяўляючы, што ён наркадылер, якога шукае Масква. Аднак бразільскія пракуроры хутка адказалі: калі Чаркасаў сапраўды наркадылер, яго неабходна трымаць пад вартай яшчэ даўжэй, каб паліцыя змагла правесці расследаванне.

У іншым выпадку яго, магчыма, ужо вызвалілі б. Але ён дагэтуль застаецца ў зняволенні ў Бразіліа.

Чытайце таксама:

Псіхалогія суперагента: як адна з самых паспяховых аперацый КГБ закончылася найбольшым правалам

СБУ выкрыла больш за 100 агентурных сетак. Расійскія агенты планавалі забіць Зяленскага, Буданава і кіраўніка самой СБУ

Як на замову ФСБ планавалі выкрасці Хрыста Грозева — дэталі шпіёнскай аперацыі, якая цягнулася два гады

ЦРУ правярала версію пра ўцёкі Гітлера ў Паўднёвую Амерыку праз 10 гадоў пасля яго смерці

Каментары да артыкула