Як на замову ФСБ планавалі выкрасці Хрыста Грозева — дэталі шпіёнскай аперацыі, якая цягнулася два гады
Група балгарскіх агентаў рыхтавалася да выкрадання і, калі спатрэбіцца, ліквідацыі журналістаў-расследавальнікаў Хрыста Грозева і Рамана Дабрахотава. Спецаперацыя працягвалася амаль два гады: пераслед у розных краінах, спробы ўзлому кватэр, абмеркаванне сцэнарыяў забойства. У студзені 2023 года брытанскія ўлады арыштавалі ўсю групу.

14 снежня 2020 года The Insider і Bellingcat апублікавалі расследаванне аб атручванні Навальнага. У ім былі названыя сапраўдныя імёны і імёны прыкрыцця супрацоўнікаў ФСБ з Другой службы і Цэнтра спецыяльных тэхналогій (НДІ-2), якія мелі дачыненне да гэтай справы. У той жа дзень Упраўленне ўласнай бяспекі ФСБ па асабістым даручэнні Уладзіміра Пуціна атрымала загад высветліць, якім чынам звесткі маглі трапіць да аўтара расследавання — балгарскага журналіста Хрыста Грозева.
Як піша The Insider, вечарам таго ж дня збеглы ў Расію завербаваны ФСБ былы аперацыйны дырэктар Wirecard Ян Марсалек праз свайго знаёмага балгарына Арліна Русева просіць арганізаваць сачэнне за Грозевым. У перапісцы з Марсалекам мужчына пахваліўся, што мае чатыры сакрэтныя каманды па 12 чалавек кожная і можа арганізаваць сачэнне 24/7.
Акрамя Русева, Марсалек з аналагічнай просьбай звярнуўся да былога высокапастаўленага афіцэра аўстрыйскай спецслужбы BVT Марціна Вайса. Той даручае гэтую справу свайму падначаленаму Эгіста Оту.
У перапісцы Вайс назваў Грозева «былым агентам ЦРУ», што, магчыма, было выдумкай, але праз некалькі дзён Уладзімір Пуцін назваў расследаванне «легалізацыяй даных амерыканскіх спецслужбаў».

30 студзеня 2021 года Грозеў і іншы аўтар расследавання, Раман Дабрахотаў, які знаходзіўся ў Маскве, сталі афіцыйнымі аб’ектамі сачэння ФСБ.
Першае фіяска ФСБ
У лютым 2021 года ФСБ высветліла, што звесткі пра агентаў журналістам здабылі звычайныя махляры з дапамогай падробленых дакументаў — фальшывых запытаў МУС і рашэнняў суда аднаго з раёнаў Масквы. Аднак ФСБ працягнула пераследаваць Хрыста Грозева і Рамана Дабрахотава, спадзеючыся знайсці доказы іх сувязі з заходнімі спецслужбамі.
6 сакавіка ў аэрапорце «Шарамеццева» ФСБ пад выглядам апытання аб COVID-19 запрашае Дабрахотава, які вяртаецца з камандзіроўкі, на размову. У гэты час іншыя супрацоўнікі беспаспяхова спрабуюць атрымаць доступ да яго ноўтбука і тэлефона.
На працягу некалькіх месяцаў дзве групы — адна пад кіраўніцтвам Эгіста Ота, другая — Арліна Русева — спрабуюць высачыць Грозева і атрымаць доступ да яго гаджэтаў.
У ліпені абмяркоўваецца ўжо не толькі сачэнне, але і выкраданне. Русеў прапануе падсыпаць Грозеву наркотыкі і вывезці ў Маскву, але Марсалек адмаўляецца.
26 ліпеня Русеў паведамляе, што Грозеў у Балгарыі, і яго лёгка злавіць. Яго людзі памылкова лічаць, што журналіст валодае лодкай, на якой ён робіць сэлфі і выкладвае ў інтэрнэт. Некалькі дзён сачэння за лодкай не даюць вынікаў, бо Грозева на ёй ужо няма.
Паралельна спецслужбы ў Маскве спрабуюць не даць выехаць за мяжу Дабрахотаву. У рамках справы аб паклёпе яны праводзяць ператрус у яго кватэры, забіраюць усе гаджэты і замежныя пашпарты. Праз два дні Дабрахотаў праз лес пераходзіць расійска-ўкраінскую мяжу.
Каманда Русева тым часам змагла выйсці на след Грозева і пачала сачэнне за домам, у якім бачылі журналіста. Аднак шпіёны не заўважылі, як ён адтуль з’ехаў раніцай. У выніку сачэнне працягвалася два дні, і абмяркоўваліся магчымасці пранікнення ў дом — сярод іх падпал або напад. Але ў апошні момант высветлілася, што Грозеў ужо ў Кіеве. Русеў у паніцы апраўдваўся, што Грозеў мог выкарыстоўваць двайніка.
Пераслед працягваецца: Украіна і Вена
Пасля ўцёкаў з Расіі Раман Дабрахотаў хаваецца ў Кіеве, дзе атрымлівае часовы дакумент замест замежнага пашпарта. У канцы месяца ён сустракаецца з Хрыста Грозевым, але не ў Балгарыі, як планавалася, а ў Карпатах.
Праз месяц крыніца ў СБУ паведамляе Дабрахотаву, што ўкраінская крымінальная групоўка атрымала заказ з Масквы на яго выкраданне і вываз у Расію за $50 тысяч. Аднак бандыты не паспяваюць яго знайсці — 30 жніўня Дабрахотаў з’язджае ў Аўстрыю і пасяляецца на той жа вуліцы, што і Грозеў. У гэты час туды прыязджаюць людзі Марсалека і здымаюць кватэру насупраць для зручнага назірання.
Аднак каманда Русева, якая складаецца з некалькіх балгараў, не мае досведу ў разведцы. Сярод іх: 43-гадовы медыцынскі кур’ер Бісер Джамбазаў, яго 33-гадовая сяброўка Катрын Іванова, 39-гадовы дэкаратар Ціхамір Іванчаў, яго былая дзяўчына, 30-гадовая касметолаг Ваня Габерава, а таксама былы баец ММА Іван Стаянаў.

Яны губляюць Грозева ў горадзе і не заўважаюць, калі ён з’язджае за мяжу. Русеў жа піша Марсалеку аб выдуманых поспехах — «вярбоўцы» кансьержа ў гасцініцы і сцюардэсы, поспехах Габеравай у спакушэнні Грозева праз Facebook, якім журналіст на самой справе амаль не карыстаецца.
З свайго боку, ФСБ змяняе погляд на тое, чыім агентам з’яўляецца Грозеў. Калі спачатку называлася ЦРУ, то цяпер — МІ-6. Але доказаў у іх па-ранейшаму няма.
Паляванне на пусты тэлефон і чужы ноўтбук
У верасні 2021 года Грозеў адпраўляецца ў Валенсію на сустрэчу Bellingcat. За ім сочаць агенты Марсалека — яны засяляюцца ў той жа гатэль і перадаюць фотаздымкі сачэння. Дзякуючы падкупленаму супрацоўніку Swissport, яны адсочваюць пералёты журналістаў.
Галоўная задача застаецца ранейшай — выкрасці тэлефон або ноўтбук журналістаў. Агенты Русева разглядаюць рабаванне, але вырашаюць дзейнічаць праз узлом нумароў. Так, у Валенсіі яны выкарыстоўваюць прыладу для капіравання кодаў замкоў, але беспаспяхова, бо блытаюць нумары і заходзяць у чужы нумар.
У лютым 2022 года Грозеў ляціць у Кіеў, і каманда збіраецца рушыць за ім, але Марсалек адмяняе місію, намякаючы, што ў ФСБ ёсць «іншыя планы».
Першы «поспех» прыходзіць у чэрвені 2022 года: у Чарнагорыі яны ўзломваюць нумар Грозева і крадуць тэлефон. Аднак гаджэт аказваецца пустым — гэта запасны апарат для паездак.
11 чэрвеня 2022 года злачынцы пранікаюць у кватэру Грозева ў Вене і дакладваюць Марсалеку пра ўзлом сейфа і выкраданне ноўтбука. Але сейфа ў Грозева ніколі не было, а ноўтбук, хутчэй за ўсё, належаў яго нябожчыцы-маці, у кватэру якой яны і трапілі. Пазней ФСБ атрымлівае ноўтбук, але знаходзіць там толькі старыя фотаздымкі — зноў правал.
Забіць, калі выкрасці не атрымаецца
7 жніўня 2022 года Марсалек прапануе Русеву план выкрадання Рамана Дабрахотава ў Вялікабрытаніі, дзе той тады жыў, і перадачы яго расійскім спецслужбам у міжнародных водах.
Як альтэрнатыўны сцэнарый злачынцы абмяркоўваюць магчымасць забойства. Русеў прапануе арганізаваць «няшчасны выпадак у душы». Марсалек патрабуе «больш драматызму».
Аднак, нягледзячы на гучныя ідэі, яны нават не ведаюць дакладнага адраса Дабрахотава, тады як самі журналісты ўжо даўно валодаюць усёй інфармацыяй пра Марсалека — месца пражывання ў Маскве, палюбоўніц, куратараў і нават вынікі яго медыцынскіх аналізаў.
У сярэдзіне жніўня Марсалек паведамляе, што ФСБ адмовілася ад выкрадання з-за высокай рызыкі: уся каманда Русева жыла ў Брытаніі, і паліцыя лёгка б іх вылічыла.
У снежні 2022 года Русеў пытаецца, ці сапраўды Расія запытала ордар на арышт Грозева. Марсалек пацвярджае.
У адказ на пытанне Русева, ці абвесцяць Грозева цяпер у вышук праз Інтэрпол, Марсалек адказвае:
«Я думаю, усё, акрамя выкрадання, будзе бессэнсоўна. Гэта павінна быць у спісе нашых спраў на 2023 год». Праз два дні ён дадае: «Ордар на арышт, відаць, з’яўляецца прававой асновай, неабходнай для выкрадання. Асабіста я лічу, што Грозеў не вельмі каштоўная мэта, але, мяркуючы па ўсім, Пуцін яго сур’ёзна ненавідзіць».
Планам на 2023 год не наканавана было спраўдзіцца. У студзені ўсю каманду Русева, у тым ліку яго самога, арыштоўваюць.

У іх офісе выяўляюць цэлы склад шпіёнскага абсталявання, мноства фальшывых дакументаў, у тым ліку фальшывыя журналісцкія пасведчанні, а ў іх тэлефонах знаходзяць перапіску з Марсалекам, якая затым ляжа ў аснову абвінавачання.
7 сакавіка гэтага года нанятыя Марсалекам грамадзяне Балгарыі прысяжнымі Лонданскага крымінальнага суда Олд-Бейлі былі прызнаныя вінаватымі ў шпіянажы на карысць Расіі.
Цяпер чытаюць
«Я сказаў на відэа, што мяне не катуюць — на той момант гэта было праўдай. А праз дзве гадзіны мяне збілі». Украінскі журналіст два гады правёў у расійскім палоне — вось што ён перажыў

Каментары