«Сыходзіць эпоха навуковага стэндапу». Бесараб пра зняцце з пасады былога кіраўніка Акадэміі навук
Вядомага беларускага хіміка Сяргея Бесараба звольнілі з Акадэміі навук праз пратэсты 2020 года. Былы супрацоўнік НАН выказаў здагадку аб тым, з чым можа быць звязана адстаўка Уладзіміра Гусакова, на месца якога прызначылі Уладзіміра Караніка.
Сяргей Бесараб. Фота: Siarhei Besarab / Facebook
«З Гусаковым сыходзіць эпоха публічнага навуковага стэндапу», — тлумачыць «Нашай Ніве» Сяргей Бесараб. Магчыма, мяркуе навуковец, былы кіраўнік надакучыў сваімі заявамі кіраўніцтву краіны і пачаў раздражняць.
«Стэндапер ад навукі. Просты аграрны хлопец, які стаў міністрам навукі (старшынёй Прэзідыума НАН. — НН) і захаваў у сабе гэту аграрнасць, пранёс праз усё жыццё. Светлы сум у мяне гэта выклікае. Але гэта ў мяне — Гусакоў жа быў датычны да майго звальнення ў Акадэміі навук, рэпрэсій — і да мяне, і да калег».
Нягледзячы на ўсё, Гусакоў быў акадэмічным чалавекам. Любіў аграрнае аддзяленне НАН — на яго накіроўвалася значнае фінансаванне, тлумачыць Бесараб. Гэта яго адрознівае ад Караніка.
«Няхай ён кандыдат навук, але ён не працаваў у навуцы, не мае да яе дачынення. З такім жа поспехам можна было Караева паставіць на пост міністра навукі — даць яму якую-небудзь кандыдацкую па юрыспрудэнцыі», — заўважае Бесараб.
Навуковец думае, што змена Гусакова на Караніка можа быць жаданнем не чуць увогуле ніякіх заяў з Акадэміі. Суразмоўца таксама дапускае, што Каранік надоўга не затрымаецца на пасадзе і яго перавядуць у іншае месца.
Бесараб упэўнены, што кіраваць Акадэміяй навук павінен чалавек, які здольны бачыць трэнды — «на трэць футуролаг».
«Калі мы хочам, каб навука была вытворчай сілай грамадства, каб яна шанавалася ў свеце, то сапраўды павінен быць футуролаг, дасвечаны мульцідысцыплінарны спецыяліст, які бачыць сувязі паміж рознымі галінамі. Вось такі кіраўнік Акадэміі — як той акадэмік Барысевіч ці Вайтовіч (кіраўнікі НАНБ у 1970-х і 2000-х гадах). Гэта настолькі былі светлыя розумы.
Я Барысевіча не ведаў — ведаў мой кіраўнік навуковы. А вось з Вайтовічам я сутыкаўся неаднаразова. Я — хімік і з ім знаходзіў такія тэмы… Вельмі эрудзіраваны чалавек».
Навуковец сумняецца, што пры Караніку фокус з аграрнага сектару пераключыцца на медыцынскі: хутчэй, кажа ён, першае аддзяленне будзе пакутаваць, а другое «не зможа нармальна працаваць».
«Беларусь — краіна, якая пасля распаду СССР атрымала найбольшы кадравы навуковы патэнцыял. І ён знішчаны ўшчэнт. Нейкая іронія лёсу дзіўная, нават цяжка пра гэта думаць. І няма прасвету», — кажа ён.
Чытайце таксама:
«Шкада Акадэмію». Коршунаў пра прызначэнне Караніка кіраўніком НАН
Кіраўнік Акадэміі навук прыдумаў паняцце «беларускі свет» і патлумачыў, што гэта такое
Кіраўнік Акадэміі навук заявіў, што Лукашэнка мог бы прэтэндаваць на Нобелеўскую прэмію
«Мае знаёмыя робяць у Акадэміі разлікі для расійскіх ракет». Што адбываецца з беларускай навукай
Кіраўнік НАНБ: У Беларусі за год адбываецца да 80 міні-землятрусаў