Чалы: Лукашэнка пакрыўдзіўся на Пуціна
Аналітык выказаў сваёй меркаванне, у чым разышліся погляды Пуціна і Лукашэнкі.
Лукашэнка і Пуцін. 26 снежня 2024 года. Фота: Getty Images
У новым выпуску сваёй праграмы аналітык Сяргей Чалы звярнуў увагу на тое, што Лукашэнка асабіста не пракаментаваў ні перамовы ў Стамбуле, ні тэлефонную размову Пуціна і Трампа. На думку Чалага, гэта зусім не сведчанне абыякавасці.
«Наадварот, відаць, наколькі гэта тэма для яго адчувальная»,
— сцвярджае Чалы і згадвае інцыдэнт з загалоўкам агенцтва ТАСС з каментаром прэс-сакратара Лукашэнкі Наталлі Эйсмант, які двойчы мяняўся за кароткі прамежак часу. «Прэс-сакратар Лукашэнкі: вынікі перамоў у Стамбуле — поспех кіраўніцтва РФ» — гэта быў першы варыянт загалоўка, які неўзабаве змянілі, бо, можна меркаваць, пул Лукашэнкі такі акцэнт не задаволіў.
«Чаму беларускім уладам так не хочацца прызнаваць ні стратэгічны, ні тактычны поспех Расіі?» — задае пытанне Чалы.
Прычына, на яго думку, у жаданні Лукашэнкі спыніць вайну.
Чалы нагадвае: «Лукашэнка неаднойчы з нагоды і без нагоды на працягу некалькіх гадоў заяўляў аб тым, што спачатку трэба спыніць вайну, а потым ужо разбірацца ў прычынах».
«Мы потым знойдзем, хто вінаваты. Ніхто ад адказнасці не сыдзе. Мы падрабязна абмяркуем і разбярэмся ў прычынах гэтага», — казаў Лукашэнкі блогеру Наўфалу ў сакавіку гэтага года.
Аналагічным чынам ён выказваўся яшчэ ў маі 2022 года ў інтэрв'ю агенцтву Аsociated Press:
«Пытанне не ў тым, хто мае рацыю, а хто вінаваты. Трэба вайну спыніць. Потым мы разбяромся, хто мае рацыю, хто вінаваты. Трэба спыніць гібель людзей».
Аналітык падкрэслівае: менавіта такога варыянту — спынення агню без папярэдніх умоў — катэгарычна не прымае Крэмль, які «прапануе спачатку пагаварыць аб хазарах, печанегах, Уладзіміры Вялікім і НАТА».
Па меркаванні Чалага, Лукашэнка не падзяляе жаданне Масквы весці вайну бясконца. Калі Пуцін за «Мы можам паўтарыць!», то Лукашэнка — за «Ніколі зноў», перакананы аналітык.
«Расія ўпершыню адкрыта заявіла аб жаданні ваяваць бясконца. А Лукашэнка, нягледзячы на ўвесь саюзніцкі абавязак абавязкова абараняць спіну расійскаму салдату, усё часцей стаў заяўляць аб тым, што ён хоча спыніць вайну і як мага хутчэй».
Чалы дадае: «Лукашэнку давялося публічна адмовіцца ад свайго жадання ўдзельнічаць у мірным працэсе і папрасіць Пуціна ўлічваць інтарэсы Беларусі».
Але Пуцін, падобна, не ўлічыў, раз Эйсмант давялося намякаць, што Мінск не напрошваўся на ролю пасярэдніка, але гатовы, калі папросяць.
«Гэта глыбока асабістая крыўда Лукашэнкі», — сцвярджае Чалы.
Чытайце таксама:
Чалы: Хочацца сказаць словамі Марыі-Антуанэты — няма бульбы, няхай ядуць грэйпфруты і бананы