БЕЛ Ł РУС

Вольга Лойка: Санкцыі на беларускія калійныя ўгнаенні могуць быць помстай з боку Расіі

25.05.2025 / 9:57

Nashaniva.com

У новым аналітычным выпуску ТОКу эканамічная аглядальніца Вольга Лойка выказала канспіралагічную версію ўвядзення санкцый на беларускія калійныя ўгнаенні.

Разважаючы пра магчымасці зняцця санкцый з Беларусі, эканамічная аглядальніца Вольга Лойка выказала, па яе словах, канспіралагічную версію аб тым, што літоўскія і еўрапейскія санкцыі на беларускі калій — гэта «крэатура ў тым ліку рускіх, бо атрымалася сапраўды дастаткова дзіўна — расійскія калійныя ўгнаенні не забаронены, Еўропа іх купляе».

Як вядома, пасля таго, як Літва закрыла магчымасць транзіту беларускіх угнаенняў праз яе парты, Беларусь выкарыстоўвае расійскі порт Усць-Луга, які з'яўляецца вотчынай асноўнага канкурэнта «Беларуськалія» — «Уралкалія».

«Былі падазрэнні, былі заявы «ну глядзіце, гэта ж нашы калегі, сябры, мы можам вазіць свой беларускі калій пад выглядам расійскага калію». Але нічога такога, мяркуючы па ўсім, не адбываецца», —

адзначае Лойка і даводзіць, што, на яе погляд, гэта зусім не выпадкова:

«Я не выключаю таго, што ўся гэтая схема і ўплыў рускіх — гэта вельмі настаялая, вельмі халодная, узважаная і разважлівая помста за 2013 год».

Як згадвае Лойка, у 2013 годзе «Расія з'ела жорсткі, грубы, відавочна недружалюбны наезд Беларусі з развалам Беларускай калійнай кампаніі, створанай двума саюзнікамі, сябрамі».

Тады Беларусь аднабакова спыніла супрацоўніцтва ў межах агульнай калійнай кампаніі. Яна абвінаваціла расіян у празмерным карысталюбстве і абмежаванні даходаў. Быў арыштаваны расійскага топ-менеджар Уралкалія — Баўмгертнер. Іншыя топ-менеджары былі абвешчаны ў міжнародны вышук праз Інтэрпал.

Хоць канфлікт праз некалькі месяцаў згарнуўся і Баўмгертнэра адпусцілі, адчуванне «асадачку» засталося:

«Было тады цікава, наколькі ўвогуле Расія гатовая гэта ўсё цярпець. Вашага топ-менеджара саджаюць у «амерыканку», публічна зневажаюць, паказваюць відэа, дзе ён стаіць на расцяжцы. Здавалася, што крыўда такая ёсць».

Лойка прыгадвае, што праз чатыры-пяць гадоў пасля эпапеі задавала пытанне на гэты конт тым, каго яна закранула з расійскага боку. Яны гаварылі, што ніякага асадачку не засталося. Па яе словах, бізнэсмены заўважылі, што прызвычаіліся да таго, што іх нехта кідае, крыўдзіць, прыніжае.

«Але нехта мог затаіць крыўду», — лічыць Лойка.

«З тых часоў кампанія памяняла ўладальніка на прыватнага, але дастаткова блізкага да дзяржавы. Тэма Беларусі ёй не чужая. Я б сказала, што не выключаю гэтую версію, не лічу яе чыста канспіралагічнай. Бо і тэма ёсць, і матыў ёсць», — даводзіць сваю пазіцыю Лойка і дадае:

«Тое, што беларусам дастаткова некамфортна ва Усць-Лузе, таксама відавочна. І таму жаданне дамовіцца [з Захадам] ў Лукашэнкі павінна быць дастаткова вялікім».

Чытайце таксама:

Лукашэнка: Пуцін пагадзіўся аддаць Калінінградскую вобласць Беларусі

З закрытых пратаколаў стала вядома, як Беларусь і Расія дзялілі калійны рынак

Лукашэнка: Продажы калійных угнаенняў вярнуліся на дасанкцыйны ўзровень

Каментары да артыкула