БЕЛ Ł РУС

Паўлючэнка: Вольга Сямашка хацела атрымаць для аўдыту менавіта фонд «Разам»

31.05.2025 / 14:13

Nashaniva.com

«Я палез у наш чацік, у якім усё абмяркоўвалася, і хачу сказаць, што не рандомна Вольга Сямашка атрымала для праверкі гэты фонд».

Вольга Сямашка. Фота: фэйсбук

У аўтарскім праекце рэдактараў Reform.news «Саша, что ты несёшь?!» яго аўтары — Аляксандр Атрошчанкаў і Фёдар Паўлючэнка — абмеркавалі тое, што Альянс расследвальнікаў Беларусі заступіўся за Вольгу Сямашка і «напісаў, што ўсё гэта няпраўда».

Па словах Атрошчанкава, ён два разы прачытаў матэрыял і не зразумеў, што няпраўда.

«Аргумент мне спадабаўся: «Мы не знайшлі доказаў, што муж Сямашкі працуе ў нейкай сілавой структуры», — дзеліцца мужчына.

Нагадаем, што муж Сямашкі Фёдар Гарбачоў мае пашпарт прыкрыцця.

«Наша Ніва» звяртала ўвагу на той факт, што жанчына пасля «Марафону салідарнасці» праводзіла аўдыт фонду «Разам» і такім чынам мела доступ да ўразлівай інфармацыі. Праз некалькі тыдняў пасля аўдыту «Разам» аднаго з людзей, згаданых у спісе, арыштавалі ў Беларусі.

Фёдар Паўлючэнка заўважыў, што разам з Вольгай Сямашкай уваходзіў у назіральную раду Марафона. Альянс расследвальнікаў папрасіў двух іншых удзельнікаў назіральнай рады — галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» Паўла Свярдлова і былога супрацоўніка «Белсата» Ігар Кулея — расказаць, якім чынам размяркоўваліся для аўдыту фонды, якія атрымалі грошы ад Марафону.

«І там Свярдлоў, па-мойму, ці хто там [сказаў] тыпу рандомна-рандомна, выпадкова гэта ўсё [адбывалася]. Што нібыта павінна пацвердзіць, што фонд «Разам» Сямашка атрымала выпадкова, што яна не выбірала, які фонд канкрэтна хоча правяраць», — кажа Паўлючэнка.

«Я палез (…) у наш чацік, у якім усё абмяркоўвалася, і хачу сказаць, што не рандомна Вольга Сямашка атрымала для праверкі, для аўдыту фонд «Разам». Яна хацела менавіта гэты фонд», — сцвярджае Паўлючэнка.

Па словах мужчыны, ён не можа сказаць, чым было абумоўлена такое жаданне.

«Альянс расследвальнікаў гэта [расследаванне] зрабілі, таму што яны сапраўды цярпяць рэпутацыйныя выдаткі, бо Вольга Сямашка з імі супрацоўнічала. (…) Альянс паспрабаваў абяліць сябе ў тым ліку, даказваючы, што Вольга Сямашка не вярблюд. Але атрымалася так сабе», — дадае Паўлючэнка.

Чытайце таксама:

Вольга Сямашка прыняла рашэнне прыпыніць супрацу з беларускімі праектамі

«Думаеце, я гэты пашпарт дома не шукала?» Вольга Сямашка пракаментавала сітуацыю з дакументам прыкрыцця свайго мужа

«Бачу помсту за маю працу». Вольга Сямашка адрэагавала на расследаванне «НН» 

Фёдар Віктаравіч і «Віктар Фёдаравіч». Супрацоўнік «Варгеймінга» мае пашпарт прыкрыцця. Яго жонка Вольга Сямашка — вядомая журналістка

Каментары да артыкула