«Думаеце, я гэты пашпарт дома не шукала?» Вольга Сямашка пракаментавала сітуацыю з дакументам прыкрыцця свайго мужа
У эфіры «Еўрарадыё» журналістка Вольга Сямашка паспрабавала адказаць на некаторыя пытанні пра сітуацыю са сваім мужам Фёдарам Гарбачовым, які мае пашпарт прыкрыцця на імя Віктара Макавеева. Прыводзім асноўныя тэзісы.

1. «Пашпарт я ў вочы не бачыла».
Падчас размовы Сямашка паўтарыла свае ранейшыя словы аб тым, што пра даведалася пра другі пашпарт свайго мужа ў 2023-годзе ад Франака Вячоркі.
Жанчына сцвярджае, што паспрабавала высветліць сітуацыю непасрэдна ў свайго мужа, які, па яе словах, адказаў: «Ні пра што не ведаю. Паглядзім, як будзе далей развівацца сітуацыя».
На пытанне, ці не ўзнікла сумневаў, што яе падманваюць, Сямашка адказала:
«Вы думаеце, што я гэты пашпарт дома не спрабавала знайсці? Я яго ў вочы не бачыла».
Журналістка падкрэслівала, што «кейс мужа — гэта кейс спецыяльных органаў. Няхай яны з ім разбіраюцца».
Больш пра мужа і яго пашпарт яна па сутнасці нічога не сказала. Яна пераконвае, што расследаванне пра агента спецслужб Фёдара Гарбачова — гэта атака непасрэдна на яе.
2. «Затрыманні адбыліся пасля таго, як у Беларусі быў затрыманы чалавек»
У час размовы Вольга Сямашка пракаментавала інфармацыю аб тым, што праз некалькі тыдняў пасля завяршэння яе працы ў ініцыятыве, якая падтрымлівае беларускіх блогераў, арганізацыя была прызнана экстрэмісцкім фарміраваннем. Апроч таго, КДБ апублічыў імёны асобаў, якія прымалі ўдзел у праектах гэтай арганізацыі — апроч Сямашкі. Па словах вядучага Еўрарадыё Змітра Лукашука, гаворка ідзе пра фонд DMI. Сама ж Сямашка адмовілася назваць арганізацыю, заўважыўшы, што «яе ўсе ведаюць».
«Я скажу так. Сапраўды ў мяне там быў адзін праект. Ні я, ні іншыя сябры праекта не ўнесены ў гэтыя спісы, таму што проста ніхто не ведаў, чый гэта праект. Гэта першае.
А тыя злівы, тая інфармацыя, тыя імёны публічныя, якія былі ўнесены ў спіс КДБ… Гэта адбылося з-за таго, што чалавека забралі ў Беларусі».
На ўдакладняючае пытанне аб тым, адкуль ці ад каго мог пайсці зліў, які стаў прычынай затрыманняў, Сямашка адказала:
«Я ж сказала, затрыманы быў чалавек у Беларусі. У мяне доступу да ніякай інфармацыі апроч той, што тычылася мяне, не было».
3. «Няхай журналісты «Нашай нівы» пройдуць паліграф па маім кейсе»
На пытанне, ці гатова яна прайсці паліграф, Вольга дала станоўчы адказ і заўважыла, што ў яе ўжо ёсць такі вопыт:
«Я гатова пайсці на паліграф. Я агучвала гэта публічна і нават скажу, што ў рамках праверкі аднаго праекта, з якім я працавала, я ўжо гэта зрабіла».
Па словах Сямашкі, яна гатова прайсці працэдуру публічна і ўжо звярталася да «Еўрарадыё» і «Белсата» з такой прапановай. Аднак гэта дарагая працэдура, і ні ў каго няма жадання траціць на яе свае грошы.
На заўвагу аб тым, што, можа, варта было б звярнуцца да рэдакцыі «Нашай нівы» з такой прапановай, жанчына адказала:
«Ну няхай звяртаюцца. Я разгляджу гэту прапанову. І я таксама хацела, калі я ўжо праходжу паліграф, то тады няхай і журналісты «Нашай нівы» таксама пройдуць паліграф па маім кейсе».
4. «У сям'і ў нас традыцыя — мы вывучаем мову краіны, у якую едзем»
Каментуючы інфармацыю аб тым, адкуль у яе мужа валоданне латышскай мовай (пра што ён хваліўся на форумах фанатаў вайсковай тэхнікі — НН), Вольга Сямашка заўважыла, што гэта неправераны факт:
«Я б хацела пруф гэтай усёй інфармацыі. Адкуль вы ведаеце, што мой муж добра размаўляе па-латышску? Вы з ім размаўлялі, у вас ёсць нейкія сертыфікаты моўных курсаў?».
Журналістка паўтарыла свае ранейшыя словы аб тым, што вывучэнне моваў — «сямейная традыцыя»:
«У нашай сям'і такая традыцыя. Любая краіна, у якую мы едзем… — мы вывучаем яе мову. Перад нашым падарожжам у Іспанію я вывучала іспанскую мову. Каб не згубіцца, каб павырашаць якія-небудзь бытавыя праблемы. (…)
Я так разумею, што латышская мова там была таксама на ўзроўні нейкага турыстычнага даведніка».
5. «Я ўдакладню пытанне пра воінскае званне»
У адказах мужа Фёдара Гарбачова на пытанні «Нашай Ніве» — якія былі зададзеныя праз Вольгу Сямашку, яна ж і перадала адказы — было пазначана, што ён мае званне старшы лейтэнант запасу. Але ж насамрэч пасля заканчэння ваеннай кафедры прысвойваецца званне лейтэнанта. Дык якое ж насамрэч званне ў яе мужа, паспрабаваў даведацца Лукашук.
«Ведаеце, я ў званнях не вельмі. Але я ведаю, што ён скончыў ваенную кафедру. Я ўдакладню гэтае пытанне», — адказала жанчына.
Па словах Вольгі, яна таксама нічога не ведае пра медалі свайго мужа.
6. «Хтосьці пажадаў мяне пабачыць у Беларусі»
Вольга Сямашка навяла туману абстрактнымі намёкамі на тое, што камусьці магло быць выгадна апублікаваць расследаванне пра яе мужа менавіта цяпер.
«Я нават не выключаю, што хтосьці пажадаў мяне пабачыць у Беларусі. Скажу так, што мне ўжо паступалі прапановы вяртацца пасля ўсіх гэтых кейсаў», — даводзіць Сямашка. Яна адмовілася называць імя таго, хто нібыта зрабіў ёй гэту прапанову.
«Мне паступалі прапановы вяртацца пасля таго, як узнікла ўся гэтая гісторыя. Таму давайце мы падумаем, каму гэта можа быць выгадна», — заявіла Вольга Сямашка, але так і не прапанавала варыянты адказу.
«Бачу помсту за маю працу». Вольга Сямашка адрэагавала на расследаванне «НН»
Фёдар Віктаравіч і «Віктар Фёдаравіч». Супрацоўнік «Варгеймінга» мае пашпарт прыкрыцця. Яго жонка Вольга Сямашка — вядомая журналістка
Муж Сямашкі быў не адзіным, хто атрымаў пашпарт прыкрыцця 13 лютага 2018 года
Журналіст пацвердзіў, што пашпарт прыкрыцця мужа Сямашкі дагэтуль сапраўдны. І ўзяў яго пад кантроль на сайце МУС
Каментары