БЕЛ Ł РУС

Былая пракурорка Крыма Наталля «Няш-мяш» Паклонская радыкальна змяніла імідж і ўдарылася ў язычніцтва

11.06.2025 / 8:59

Nashaniva.com

Супрацоўніца крымскай пракуратуры Наталля Паклонская ў 2014 устала на бок Расіі і стала адной з найбольш вядомых калабарантак. З пачаткам вайны ва Украіне яна трапіла ў апалу. Апошнім часам Паклонская крута змяніла імідж, зрабіла дрэды і агітуе вяртацца да славянскіх каранёў.

Наталля Паклонская. Фота з яе тэлеграм-канала

Наталлі Паклонскай 45 гадоў. Родам яна з украінскага сяла Аляксееўка Луганскай вобласці Украіны. Ва Украіне яна працавала ў органах пракуратуры і дарасла там да старшага пракурора. Але не падтрымала Рэвалюцыю годнасці і была звольненая.

@nnmediareport Помните Поклонскую? Так вот она изменилась #шоубизнес #натальяпоклонская #кремль #российскийсупергерой #путин #крымнаш #чейкрым ♬ News / Truth Investigation / Investigation / Suspicion / Consideration(1013150) - A.TARUI

Неўзабаве акупацыйныя ўлады прызначылі яе пракуроркай Крыма. На самым пачатку тэрміна яна праславілася фразай «ніякіх мяш, няш я не дапушчу» — гэта стала мемам і яе мянушкай.

У 2016 Паклонскую звольнілі з пракуратуры і ўзялі ў Дзярждуму.

Наталля Паклонская ў думе. Фота: kremlin.ru

Першы раз яна трапіла ў апалу ў верасні 2018 года, калі была адзіная, хто з дэпутатаў «Адзінай Расіі» не падтрымаў пенсійную рэформу. Другі раз і канчаткова — з пачаткам вайны ва Украіне. 2 сакавіка 2022 года яна запісала зварот з заклікамі спыніць вайну. А ў красавіку 2022 года ў адным з інтэрв'ю сказала, што «літара Z сімвалізуе трагедыю і гора як для Расіі, так і для Украіны», а для яе «важнейшыя людзі», чым «перамога над украінскім нацызмам». За гэта яе знялі з большасці пасадаў.

Паклонская славілася паказной праваслаўнай рэлігійнасцю. Асабліва актыўна яна выступала за кананізацыю расійскага імператара Мікалая II. На яе стале заўжды стаяў ягоны партрэт, а ў 2017 заявіла, што бюст Мікалая «заміратачыў». У тым жа 2017-м яна зацята змагалася з фільмам «Мацільда» пра апошняга імператара Расіі.

Паклонская з іконай Мікалая II. Фота: «Новая Газета»

Але ў сярэдзіне 2024 года тэлеграм-канал Паклонскай крута памяняўся. Там вельмі мала палітыкі, зусім няма праваслаўя і выглядае ён як канал «прасветленай гуру». Напрыклад, яна віншавала падпісчыкаў са «старажытным святам Ламас».

Паклонская віншуе з язычніцкім святам. Скрыншот з яе тэлеграм-канала

А ў верасні 2024 яна правяла ў межах праекта «Размовы пра важнае» адкрыты ўрок у акупаванай Херсонскай вобласці. Там яна, акрамя баек пра жахі майдана, распавяла школьнікам пра «старажытную магію». Гэта нарабіла шуму, на яе накінуліся праваслаўныя святары і тэлеканал «Спас».

Паклонская ў школе ў акупаванай Херсонскай вобласці. Фота: тэлеграм-канал Наталлі Паклонскай

Неўзабаве яна яшчэ і адсвяткавала свята Самайн, якое на Захадзе вядомае як Хэлаўін, што таксама нарабіла шуму.

Паклонская святкуе Самайн. Скрыншот з яе тэлеграм-канала

А нядаўна былая пракурорка яшчэ крута змяніла вобраз — запляла дрэды. Апошняя публікацыя ў яе канале пра тое, што неўзабаве Купалле. Там яна кажа, што гэта магчымасць «уз'яднацца са сваімі Каранямі, Сілай і Агнём». Пра гэта, быццам, кажуць паданні і легенды старажытнасці, «у якіх схаваная тая самая шуканая праўда, якая перадалася нам праз шэпт продкаў».

Наталля Паклонская. Фота з яе тэлеграм-канала

Чытайце таксама:

Паклонская: Літара Z сімвалізуе трагедыю і гора як для Расіі, так і для Украіны

Украінцы ўдарылі па апоры Крымскага моста. Але той устаяў

«Дадаем слабіцельнае ў алкаголь расійскім салдатам». Як украінскія жанчыны змагаюцца з акупантамі

Каментары да артыкула