«Дадаем слабіцельнае ў алкаголь расійскім салдатам». Як украінскія жанчыны змагаюцца з акупантамі
У расійскай акупацыі цяпер знаходзіцца пятая частка тэрыторыі Украіны. Для ўкраінцаў у акупацыі, з якімі ўдалося пагутарыць Бі-бі-сі, здаецца малаверагодным, што любая будучая дамова пра спыненне агню гэта зменіць.

Трое ўкраінцаў з розных гарадоў, кантраляваных Расіяй, распавялі Бі-бі-сі пра ціск, з якім яны сутыкаюцца з боку акупацыйнай улады. Ад прымусу прыняць расійскі пашпарт да рызыкі ў выпадку найменшых актаў супраціву.
Журналісты змянілі іх сапраўдныя імёны дзеля бяспекі і будуць называць іх Маўка, Паўло і Ірына.
Патэнцыйныя небяспекі аднолькавыя — ці то ў Марыупалі, ці ў Мелітопалі, захопленых Расіяй падчас поўнамаштабнага ўварвання ў 2022 годзе, ці ў Крыме, які Расія анексавала за восем гадоў да ўварвання.
Маўка вырашыла застацца ў Мелітопалі, калі расіяне ўварваліся ў яе горад 25 лютага 2022 года. Яна лічыла «несправядлівым, што хтосьці можа проста прыйсці ў яе дом і забраць яго». Яна жыве там з нараджэння — у горадзе, размешчаным паміж Крымскім паўвостравам і Запарожжам.
У апошнія месяцы яна заўважыла ўзмацненне не толькі жорсткай палітыкі «русіфікацыі» ў горадзе, але і ўзмацненне мілітарызацыі ўсіх сфер жыцця, у тым ліку школ.
Яна падзялілася з Бі-бі-сі фатаграфіямі білбордаў, якія рэкламуюць прызыў на вайсковую службу сярод мясцовай моладзі. А таксама паказала фота школьнага сшытка з партрэтам Пуціна і здымкі і відэа школьнікаў — хлопчыкаў і дзяўчынак — у расійскай вайсковай форме замест школьнай, якія выконваюць заданні па вайсковай адукацыі.
Паўло жыве ў акупаваным Марыупалі — на ўзбярэжжы Азоўскага мора за 200 км усходней ад Мелітопаля і значна бліжэй да расійскай мяжы. Кажа, што адчувае сябе «адрэзаным» ад знешняга свету.
Гэты ключавы порт і цэнтр металургічнай прамысловасці Украіны Расія захапіла пасля разбуральнай аблогі і бамбардзіровак, якія працягваліся амаль тры месяцы ў 2022 годзе.
Расійскае грамадзянства цяпер з’яўляецца абавязковым, калі вы хочаце працаваць, вучыцца або атрымаць тэрміновую медыцынскую дапамогу, кажа Павел.
«Калі чыёсьці дзіця, скажам, адмаўляецца спяваць расійскі гімн у школе раніцай, ФСБ (служба бяспекі Расіі) наведае яго бацькоў, іх «возьмуць на аловак», і тады можа здарыцца «што заўгодна»».
Паўло атрымаў цяжкія раненні падчас блакады — кажа, атрымаў шэсць куль, у тым ліку ў галаву.
Калі цудам выжыў, зразумеў, што не можа з’ехаць з-за сталых сваякоў.
«Большасць тых, хто застаўся ў Марыупалі або вярнуўся, зрабілі гэта, каб дапамагаць сваім сталым бацькам або хворым бабулям і дзядулям, або з-за сваёй кватэры», — кажа ён мне па тэлефоне пасля апоўначы, каб ніхто не падслухаў.
Найбольшая праблема ў Марыупалі цяпер, распавядае, — гэта захаваць свой дом або атрымаць за яго кампенсацыю, бо большую частку дамоў, якія разбамбіла Расія, знеслі, а кошт жыцця і беспрацоўе рэзка выраслі.
«Я б сказаў, што 95% усіх размоў у горадзе тычацца нерухомасці: як яе ўтрымаць, кампенсаваць або прадаць. Пра гэта людзі размаўляюць у чарзе па хлеб, па дарозе ў аптэку, на рынку, паўсюль», — кажа ён.
Крым знаходзіцца пад акупацыяй з таго часу, як Уладзімір Пуцін анексаваў паўвостраў у 2014 годзе, на пачатку расійскай вайны ва Украіне.
Ірына вырашыла застацца, каб даглядаць сталага сваяка, а таксама таму, што не хацела пакідаць «свой цудоўны дом».
Любое публічнае праяўленне ўкраінскай ідэнтычнасці забаронена, распавядае Ірына — нават размаўляць па-ўкраінску на людзях, «бо ніколі не ведаеш, хто можа данесці на цябе ўладам».
Дзецям у дзіцячым садку ў Крыме загадваюць спяваць гімн Расіі кожную раніцу, нават самым маленькім. Выхавацелькі — прывезеныя расіянкі, большасць з іх — жонкі салдат, якія пераехалі з Расіі.
Ірына часам апранае сваю любімую вышыванку, калі размаўляе з сябрамі з іншых мясцін на паўвостраве праз відэазванок.
«Гэта дапамагае нам падтрымліваць сілу духу, нагадваючы пра наша шчаслівае жыццё да акупацыі». Але нават проста апрануць вышыванку рызыкоўна. «Цябе могуць не застрэліць адразу, але пасля можаш проста ціха знікнуць», — кажа жанчына.
Яна распавядае пра свайго ўкраінскага сябра, якога дапытвала паліцыя, бо расійскія суседзі, што прыехалі ў Крым у 2014 годзе, паскардзіліся ў паліцыю, што нібыта ў яго ёсць незаконная зброя.
«Вядома, у яго яе не было. На шчасце, у выніку яго адпусцілі, але гэта было вельмі страшна».
Ірына скардзіцца, што не можа нават на каву выйсці адна, «бо салдаты могуць накіраваць аўтамат і сказаць нешта прыніжальнае або загадаць забаўляць іх, як ім уздумаецца».
Супраціў у акупаваных гарадах Украіны небяспечны, і часта ён выяўляецца ў выглядзе невялікіх актаў непакоры, скіраваных на тое, каб нагадаць жыхарам, што яны не самотныя.
У Мелітопалі Маўка распавядае пра свой удзел у таемным жаночым руху супраціву пад назвай «Злая Маўка». Наша мэта — «паказаць людзям, што ўкраінкі не згодны з акупацыяй, мы яе не прасілі і ніколі з ёй не пагодзімся».
Паводле слоў суразмоўніцы, сетка складаецца з жанчын і дзяўчат «амаль з усіх акупаваных гарадоў» — але раскрываць дэталі пра яе памер ці маштаб было б небяспечна для яе ўдзельніц.

Маўка распавядае, што вядзе акаўнты руху ў сацсетках, якія дакументуюць жыццё пад акупацыяй і паведамляюць пра размяшчэнне ўкраінскай сімволікі ці ўлётак у грамадскіх месцах. Яны гэта робяць, «каб нагадаць іншым украінцам, што яны не самотныя».
Але часам удзельніцы руху адважваюцца і на больш рызыкоўныя крокі. «Часам мы таксама дадаем слабіцельнае ў алкаголь і выпечку для расійскіх салдат як «вітальны набор»», — кажа яна.
Бі-бі-сі не можа гэта праверыць незалежным шляхам.
Пакаранне за такія ўчынкі можа быць суровае.
Расійская акупацыйная ўлада абвяшчае ўкраінскую мову ці што-небудзь, звязанае з Украінай, экстрэмісцкім, кажа Маўка.
Украінцы добра ведаюць, што здарылася з 27-гадовай журналісткай Вікторыяй Рошчынай, якая знікла падчас расследавання абвінавачванняў у катаваннях у турмах на ўсходзе Украіны ў 2023 годзе.

Расійская ўлада паведаміла яе сям’і, што яна памерла ў турме ў верасні 2024 года. Расіяне вярнулі яе цела ў красавіку, у ім былі вынятыя органы і былі відавочныя сляды катаванняў.
Найбольш Маўка баіцца ціха знікнуць: «Калі раптам ніхто не зможа даведацца, дзе ты ці што з табой здарылася».
Каб пазбегнуць інфільтрацыі ў рух шпіёнаў, маўкі распрацавалі сістэму выпрабаванняў для тых, хто выказвае жаданне далучыцца да руху, — пакуль што эфектыўную. Ім таксама ўдаецца пазбягаць кібератак.
Пакуль што яны чакаюць і назіраюць: «Мы не можам цяпер узяць зброю і даць адпор акупантам, але хочам хаця б паказаць, што праўкраінскае насельніцтва тут ёсць і заўсёды будзе».
Яна кажа, што жыхары Мелітопаля ўважліва сочаць за дзеяннямі і рыторыкай Кіева: «Менавіта Кіева, больш, чым Еўропы ці ЗША — бо нам важна ведаць, ці гатовы Кіеў змагацца за нас. Нават маленькія крокі маюць значэнне».
«У нас тут амерыканскія горкі настрояў. Многія хвалююцца, што могуць быць падпісаныя дакументы, якія, барані Божа, пакінуць нас пад расійскай акупацыяй яшчэ даўжэй. Бо мы ведаем, што Расія тут зробіць».
Маўку і блізкіх да яе людзей непакоіць тое, што калі Кіеў пагодзіцца на спыненне агню, гэта можа азначаць, што Расія будзе праводзіць тую ж палітыку, што і ў Крыме, сціраючы ўкраінскую ідэнтычнасць і прыгнятаючы карэннае насельніцтва.
«Яны ўжо замяняюць мясцовых жыхароў сваімі людзьмі. Але людзі тут усё яшчэ поўныя надзеі, мы працягнем наш супраціў, нам проста давядзецца быць больш вынаходлівымі».
У адрозненне ад Маўкі, Паўло лічыць, што вайна павінна скончыцца, нават калі асабіста для яго гэта будзе азначаць страту магчымасці вярнуцца ва Украіну.
«Найбольшая каштоўнасць — гэта жыццё… але ёсць пэўныя ўмовы спынення агню, з якімі не ўсе пагодзяцца, бо паўстае пытанне: за што загінулі ўсе гэтыя людзі за апошнія тры гады? Ці адчувалі б яны сябе кінутымі і здраджанымі?»
Паўло размаўляе асцярожна, нават нягледзячы на абаронены званок, і кажа, што «ў асабістай размове мог бы сказаць больш». І дадае: «Я не зайздрошчу нікому, хто цяпер павінен прымаць рашэнне. Яно не зможа быць простым, чорна-белым».
Ірына баіцца за наступнае пакаленне Крыму, якое расце ў атмасферы гвалту і, паводле яе слоў, капіруе сваіх тат — часта, расійскіх салдат, якія вярнуліся з вайны.
Яна паказвае мне свайго коціка — з павязкай — і ўздыхае, што яго падстрэліла на вуліцы дзіця, гумовай куляй.
«Для іх гэта было весела. Гэтых дзяцей не вучаць будаваць мір, іх вучаць ваяваць. Гэта разрывае мне сэрца».
Каментары
Таму становішча Беларусі значна горшае за Мелітопаль (не фактычнае, а з гледжаньня перспектывы): звонку ў нас няма ані разуменьня акупацыі, ані імкненьня да стварэньня інструменту вызваленьня.