Глабальнае пацяпленне зробіць расійскія падводныя лодкі больш нябачнымі
Паводле новага даследавання, па меры награвання мораў мяняюцца паводзіны гуку пад вадой. У выніку падводныя лодкі стане цяжэй выявіць. Ваенна-марскія сілы краін апынуцца ў новай стратэгічнай рэальнасці.
Фота: Stocktrek Images / Getty Images
Галоўны спосаб выяўлення падводных лодак у моры — гэта гук. Звычайна для гэтага выкарыстоўваюць гідралакатар, які аналізуе гукавыя хвалі і дазваляе адсочваць рух падводных лодак. Але, як піша The New York Times, новае даследаванне, праведзенае ў Каледжы абароны НАТА ў Рыме, паказала: кліматычныя змены могуць істотна паўплываць на магчымасці выяўлення субмарын.
Яшчэ да Другой сусветнай вайны вучоныя высветлілі, што гук, які хутка распаўсюджваецца ў цёплай вадзе, мае тэндэнцыю адхілення ў бок больш халодных водных пластоў, дзе яго рух становіцца больш павольным.
Якія прагнозы?
Як тлумачаць даследчыкі, цяпер, калі паверхня акіяна награваецца праз кліматычныя змены, гэты эфект узмацняецца. У далейшым з ростам тэмпературы паверхневых вод гук пачне больш рэзка адхіляцца ўніз — у халаднейшыя пласты. Таму аператары гідралакатараў могуць проста не пачуць шумы, якія рэгенерыруюцца падводнымі лодкамі.
Мадэлі, якія выкарыстоўвалі даследчыкі, параўноўвалі распаўсюджанне гукавых хваль у перыяд з 1970 па 1999 год з прагнозам на 2070—2099. Атрыманыя вынікі ўражвалі.
Як адзначаюць, аўтары, у большасці абласцей, якія яны разглядалі, прагназуецца зніжэнне дальнасці выяўлення. Так у Паўночнай Атлантыцы, дзе расійскія падводныя лодкі гуляюць у хованкі з НАТА, радыус іх выяўлення можа скараціцца амаль удвая. У заходняй частцы Ціхага акіяна, дзе дзейнічаюць амерыканскія і кітайскія субмарыны, зона выяўлення можа скараціцца на 20%.
Якія наступствы?
Паводле аднаго з аўтараў даследавання, ваеннага тэхнолага Маура Джылі (Mauro Gilli), гэты эфект можа мець важныя стратэгічныя наступствы. Па яго словах, такія краіны, як Кітай і Расія, змогуць размяшчаць падлодкі ў раёнах з найбольшай кліматычнай зменлівасцю.
Эксперт тлумачыць, што акрамя гукавога маніторынгу існуюць і іншыя спосабы выяўлення падводных лодак. Адзін з іх — фіксацыя вельмі нязначных змен у магнітным полі Зямлі, якія ўзнікаюць, калі металічная падлодка рухаецца праз ваду.
Праблема ў тым, што гэтыя змены — надзвычай слабыя, і іх можна заўважыць толькі на невялікай адлегласці ад аб’екта.
«Калі выяўленне падлодкі стане больш складаным, то ваенна-марскія сілы, якія абараняюцца, апынуцца ў горшай пазіцыі», — адзначае Джылі.
Могуць быць наступствы і з пункту гледжання ядзернага стрымлівання.
Падводныя лодкі з міжкантынентальнымі ядзернымі ракетамі — адзін з ключавых элементаў стратэгічнага стрымлівання. Іх галоўная перавага — няўлоўнасць. Калі ж кліматычныя змены робяць іх яшчэ менш заўважнымі, то пагроза, якую яны нясуць, робіцца больш рэальнай, а значыць — больш эфектыўнай у ролі стрымліваючага фактара.
Фота: Getty Images
Не ўсё так проста
Іншыя эксперты заклікаюць не перабольшваць уплыў глабальнага пацяплення. Паводле Тома Стэфаніка (Tom Stefanick) з Інстытута Брукінгса, аператары падводных лодак павінны ўлічваць шмат іншых фактараў — ад шуму суднаходства да патрэсквання арктычных ільдоў. Таму пры складанні доўгатэрміновых прагнозаў немэтазгодна канцэнтраваць увагу толькі на змене клімату.
Акрамя таго, у некаторых рэгіёнах, напрыклад у мелкаводдзі Японскага мора, выяўленне паўночнакарэйскіх падводных лодак можа нават стаць прасцейшым.
Галоўнае, да чаго прыводзяць гэтыя змены, — рост стратэгічнай нявызначанасці. Паводле Браяна Кларка (Bryan Clark) з Інстытута Хадсана, ваенным цяпер давядзецца часцей праводзіць замеры, каб актуалізаваць свае мадэлі і знізіць верагоднасць памылкі і стратэгічных пралікаў.
Навукоўцы, што супрацоўнічаюць з НАТА, папярэджваюць: кліматычныя змены ўжо цяпер ствараюць сур’ёзныя праблемы для ваенна-марскіх сіл, і ў будучыні гэтыя праблемы будуць толькі нарастаць.
Навукоўцы, якія працуюць з НАТА, папярэджваюць: кліматычныя змены ствараюць усё больш праблем для ваеннага флоту. Падымаецца ўзровень мора, разбураецца прыбярэжная інфраструктура, больш салёная і кіслотная вада паскарае знос караблёў, а масавае размнажэнне медуз прывяло да таго, што яны ўсё часцей забіваюць сістэмы ахаладжэння і механізмы рухавіка, што прыводзіць да іх перагрэву.
Усё гэта сведчыць пра тое, што ваенны флот мусіць рыхтавацца да новай рэальнасці — дзе кліматычныя змены становяцца не фонам, а прамым фактарам аператыўнай дзейнасці.
Чытайце таксама:
Нечаканая пагроза: ад змены клімату ў рысе становіцца больш мыш’яку
Ці можа змена клімату выклікаць грыбковы апакаліпсіс?
Як гарачая ванна. Сусветны акіян пабіў тэмпературны рэкорд усіх часоў, і гэта толькі пачатак