Здароўе66

Нечаканая пагроза: ад змены клімату ў рысе становіцца больш мыш’яку

Мыш'як — канцэраген. Аказалася, што з ростам сярэдняй тэмпературы анаэробныя бактэрыі ў глебе рысавых палёў актыўней пераводзяць мыш'як у форму, якая спрыяе пераходу яго ў зерне. У найменшай ступені мыш'як набірае рыс басмаці, але ў цэлым, як выглядае, праблему вырашыць няпроста. І гэты працэс можа выклікаць дзясяткі мільёнаў дадатковых выпадкаў раку.

Навукоўцы з усяго свету працуюць над спосабамі зніжэння ўзроўню мыш’яку ў рысе. Фота: Getty Images

Рыс — асноўны прадукт харчавання для больш чым паловы насельніцтва планеты. Яго штодня ўжываюць у ежу больш людзей, чым пшаніцу ці кукурузу (якую таксама называюць маісам).

Таму з пэўнай трывогай навукоўцы абвясцілі нядаўняе адкрыццё: па меры таго як павялічваюцца выкіды вугляроду і планета працягвае цяплець, узровень мыш’яку ў рысе таксама будзе расці, пiша Бі-бі-сі.

Наяўнасць мыш’яку ў рысе даўно вядомая як праблема. Амаль усякі рыс утрымлівае мыш’як. Гэта шкоднае, натуральным чынам прысутнае хімічнае рэчыва можа назапашвацца ў глебе рысавых палёў і пранікаць у зерне, якое там вырошчваецца. Аднак колькасць мыш’яку ў рысе можа істотна адрознівацца — ад ніжэйшай за рэкамендаваную норму, устаноўленую рэгулятарнымі органамі, да ў некалькі разоў вышэйшую.

Аднак ужыванне нават невялікіх колькасцяў неарганічнага мыш’яку з ежай або пітной вадой можа прывесці да раку і шэрагу іншых праблем са здароўем, такіх як сардэчна-сасудзістыя захворванні і дыябет.

Навукоўцы з усяго свету працуюць над тым, каб знізіць узровень мыш’яку ў рысе — і ў той жа час існуюць спосабы прыгатавання, якія дазваляюць выдаліць частку гэтага шкоднага элемента з зерня (глядзі ніжэй у тэксце).

Аднак новае даследаванне назапашвання неарганічнага мыш’яку паказала, што гэта можа стаць яшчэ больш сур’ёзнай праблемай з-за змены клімату.

Даследчыкі вырошчвалі 28 розных гатункаў рысу на заліўных палях у чатырох рэгіёнах Кітая ва ўмовах эксперыменту на працягу 10 гадоў.

Яны выявілі, што ўзровень мыш’яку ў рысе павялічваецца па меры росту канцэнтрацыі вуглякіслага газу (CO₂) у атмасферы і павышэння тэмператур.

Затым эпідэміёлагі мадэлявалі, як гэтыя ўзроўні мыш’яку могуць паўплываць на здароўе людзей пры захаванні цяперашняга ўзроўню спажывання рысу. Яны ацанілі, што адпаведнае павелічэнне колькасці мыш’яку ў рысе можа прывесці да прыкладна 19,3 мільёна дадатковых выпадкаў раку толькі ў Кітаі.

Утрыманне мыш’яку ў рысе можа павялічвацца па меры росту ўзроўню CO₂ і тэмператур. Фота: Getty Images

«Неарганічны мыш’як з’яўляецца канцерагенам, ён шкодна ўплывае на дыхальную сістэму, на сардэчна-сасудзістую сістэму — спіс вельмі доўгі, — кажа Льюіс Зіска, дацэнт гігіены навакольнага асяроддзя Калумбійскага ўніверсітэта ў Нью-Ёрку, адзін з аўтараў даследавання. — І два паказчыкі кліматычных змен — павелічэнне ўзроўню CO₂ і рост тэмператур — прыводзяць да большага яго назапашвання».

Хоць даследчыкі праводзілі эксперыменты на тэрыторыі Кітая, яны сцвярджаюць, што падобныя наступствы, хутчэй за ўсё, будуць назірацца і ў рысе, які вырошчваецца ў іншых рэгіёнах, уключаючы Еўропу і ЗША, бо неарганічны мыш’як з’яўляецца звычайнай з’явай у рысе, вырашчаным па ўсім свеце.

«Мы не першыя, хто вывучаў уплыў CO₂, не першыя, хто аналізаваў тэмпературу — але мы першыя, хто аб’яднаў абодва фактары ў палявых умовах. І гэта нас шакавала», — кажа Зіска.

Вядома, гэта даследаванне мае свае абмежаванні, акрамя паказчыкаў, абраных для сцэнара 2050 года. Па-першае, у ім меркавалася, што людзі будуць працягваць ужываць такую ж колькасць рысу на чалавека ў 2050 годзе, як і ў 2021-м, хоць, паводле тэндэнцыі, з ростам дабрабыту спажыванне рысу звычайна скарачаецца. З іншага боку, таксама было прынята, што людзі будуць і надалей ужываць значна больш белага рысу, чым бурага, як гэта адбываецца цяпер. Аднак праз асаблівасці апрацоўкі белы рыс утрымлівае менш неарганічнага мыш’яку, чым буры — таму змена ў процілеглы бок можа яшчэ пагоршыць сітуацыю.

Тым не менш, гэта «адно з найбольш усеабдымных даследаванняў», праведзеных на гэтую тэму, кажа Эндру Мехарг, прафесар школы біялагічных навук Белфасцкага ўніверсітэта Квінз і даўні даследчык рысу і мыш’яку, які не ўдзельнічаў у гэтым даследаванні. «Гэта настолькі надзейна, наколькі ўвогуле магчыма».

На затопленых рысавых палетках анаэрабныя бактэрыі ў глебе пераходзяць на мыш’як з-за недахопу кіслароду. Фота: Getty Images

Людзі ведаюць пра таксічнасць мыш’яку ўжо сотні гадоў. Мыш’як — рэчыва без смаку, колеру і паху — нават стаў папулярным сродкам пазбаўлення ад ворагаў пры дварах Старажытнага Рыму і ў сярэднявечнай Еўропе. 

За апошнія некалькі дзесяцігоддзяў навукоўцы выявілі, што нават малыя дозы мыш’яку могуць негатыўна ўплываць на здароўе, калі ўздзеянне адбываецца хранічна на працягу ўсяго жыцця.

Асабліва гэта тычыцца неарганічнага мыш’яку, які лягчэй злучаецца з біямалекуламi ў чалавечым арганізме, дзе можа выклікаць шкоду. Хоць ён натуральна сустракаецца ў пародах і глебах, неарганічны мыш’як можа таксама быць пабочным прадуктам дзейнасці чалавека — напрыклад, здабычы карысных выкапняў, спальвання вуглю і іншых прамысловых працэсаў.

Гэта азначае, што неарганічны мыш’як асабліва шырока распаўсюджаны ў падземных водах шэрагу рэгіёнаў, уключаючы Паўднёвую Амерыку і часткі Паўднёвай і Цэнтральнай Азіі. Але і жыхары іншых рэгіёнаў таксама ўразлівыя: напрыклад, у ЗША больш за 7% уладальнікаў прыватных свідравін — гэта каля 2,1 мільёна чалавек — ужываюць ваду з небяспечна высокім узроўнем неарганічнага мыш’яку. Па ўсім свеце каля 140 мільёнаў чалавек п’юць ваду, у якой узровень мыш’яку перавышае рэкамендаваную норму Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

І акрамя пітной вады, галоўная крыніца дыетычнага ўздзеяння мыш’яку ў свеце — гэта рыс. У рэгіёнах, дзе падземныя воды звычайна не ўтрымліваюць мыш’яку, напрыклад у Еўропе, рыс з’яўляецца асноўнай крыніцай дыетычнага ўздзеяння неарганічнага мыш’яку.

Як знізіць утрыманне мыш’яку ў рысе

Калі вы хочаце скараціць уздзеянне мыш’яку з рысу, ёсць некалькі спосабаў гэта зрабіць:

  • Па-першае, некаторыя гатункі рысу ўтрымліваюць больш неарганічнага мыш’яку, чым іншыя. Белы рыс утрымлівае менш неарганічнага мыш’яку, чым буры, але і харчовая каштоўнасць у яго ніжэйшая. Рыс басмаці змяшчае менш неарганічнага мыш’яку, чым іншыя гатункі. Акрамя таго, рыс з некаторых рэгіёнаў, уключаючы Усходнюю Афрыку, утрымлівае менш мыш’яку, чым рыс з іншых рэгіёнаў, напрыклад з асобных частак ЗША, Еўропы і Паўднёва-Усходняй Азіі.
  • Даследчыкі з Універсітэта Шэфілда ў Вялікабрытаніі нядаўна знайшлі спосаб прыгатавання рысу, які дазваляе выдаліць 50% мыш’яку з бурага рысу і 74% — з белага. Яны раяць спачатку адварыць рыс на працягу пяці хвілін у загадзя закіпячанай вадзе, затым зліць ваду. Пасля гэтага дадаць свежую ваду і варыць рыс на слабым агні, пакуль вада цалкам не ўбярэцца.
  • Упраўленне па стандартах харчавання Вялікабрытаніі таксама рэкамендуе прамываць рыс перад прыгатаваннем, а затым варыць яго ў прапорцыі шэсць частак вады на адну частку рысу, пасля чаго зліць ваду і зноў прамыць.
Папярэдняя варка рысу ў загадзя кіпячонай вадзе на працягу пяці хвілін перад зліваннем вады можа дапамагчы знізіць узровень мыш’яку. Фота: Getty Images

Што непакоіць спецыялістаў у галіне грамадскага здароўя, дык гэта тое, што чым больш праводзіцца даследаванняў пра неарганічны мыш’як, тым горшым выглядае яго ўплыў на чалавека.

У студзені 2025 года Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША абнавіла сваю ацэнку так званага «фактару канцэрагеннай актыўнасці» неарганічнага мыш’яку, улічыўшы ўсе новыя даследаванні пра яго сувязь з хваробамі.

Паводле апошняй ацэнкі, «мыш’як значна мацнейшы канцераген, чым мы лічылі раней», — кажа Кіў Нахман, прафесар гігіены навакольнага асяроддзя і інжынерыі ў Школе грамадскага здароўя імя Блумберга пры Універсітэце Джонса Хопкінса і суаўтар даследавання аб утрыманні мыш’яку ў рысе. У прыватнасці, цяпер маюцца пераканаўчыя доказы таго, што мыш’як павышае рызыку не толькі раку скуры, але і раку лёгкіх і мачавога пузыра.

Акрамя раку, неарганічны мыш’як павышае рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў і дыябету. Калі яго ўжывае цяжарная жанчына, павялічваецца верагоднасць смерці плода або немаўляці, а таксама рызыка таго, што дзіця нарадзіцца з нізкай масай цела — што можа мець наступствы на ўсё жыццё — або з парушэннямі неўраразвіцця і кагнітыўных функцый.

Для асобнага чалавека гэтыя рызыкі нязначныя. Напрыклад, паводле апошняга агляду Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя ЗША, штодзённае ўжыванне 0,13 мікраграма неарганічнага мыш’яку на кілаграм масы цела — або 7,8 мікраграмаў для чалавека вагой 60 кг — павышае рызыку развіцця раку мачавога пузыра прыкладна на 3% і дыябету — на 1%.

Аднак на ўзроўні насельніцтва, асабліва ў тых краінах, дзе шмат ядуць рысу, гэтыя малыя рызыкі могуць назапашвацца. І калі прагнозы, зробленыя Зіска і ягонымі калегамі, спраўдзяцца, гэта можа істотна паўплываць на захворвальнасць у тых рэгіёнах, дзе рыс застаецца асноўным прадуктам харчавання на дзесяцігоддзі наперад.

Дык што ж можна зрабіць, акрамя скарачэння выкідаў і стрымлівання росту тэмпературы да мінімуму?

«Мы не можам прыкідвацца, што проста выключым рыс з рацыёну. Гэта нерэальна», — кажа Нахман. Рыс — гэта не толькі важная частка харчовай традыцыі, але і асноўны прадукт харчавання для людзей, што жывуць у беднасці, некаторыя з якіх атрымліваюць да паловы дзённых калорый выключна з рысу. «Але нам трэба нешта змяняць».

Даследчыкі таксама праводзяць эксперыменты, каб зразумець, ці могуць розныя спосабы кіравання водным рэжымам знізіць узровень мыш’яку. Адзін з метадаў — калі замест пастаяннага затаплення палёў іх перыядычна заліваюць, затым зліваюць ваду і зноў затапляюць — сапраўды, здаецца, зніжае колькасць неарганічнага мыш’яку. «Але гэта проста павялічвае колькасць кадмію, — кажа Мархам. — А кадмій лічыцца яшчэ большай пагрозай». Кадмій можа выклікаць рак грудзей, лёгкіх, падстраўнікавай залозы, а таксама захворванні печані і нырак.

Рыс — асноўны прадукт харчавання для мільярдаў людзей па ўсім свеце. Фота: Getty Images

Таксама ёсць цікавасць да вываду гатункаў рысу, якія назапашваюць менш неарганічнага мыш’яку, але, як адзначаюць даследчыкі, пакуль што гэта не дало вынікаў.

Каментары6

  • Gorliwy Litwin
    20.04.2025
    Што такое неарганічны і арганічны мыш’як? Ці перакладчык ведае значэнне гэтых слоў?
  • .
    20.04.2025
    Даволі бесталкова складзены артыкул (у арыгінале на BBC). Ёсць спасылкі на іншыя даследаванні і няма на тое "галоўнае", пра якое навіна. Не тлумачыцца, наколькі вырасце канцэнтрацыя мыш'яку пры зменах клімату. Не тлумачыцца, чаму гэта адбудзецца (механізм).

    Артыкул на Lancet з назваю "Impact of climate change on arsenic concentrations..."
    З таго, што зразумеў, канцэнтрацыя мыш'яку ўзрасце ў 6 разоў, пры росце сярэдняй тэмпературы на 2°C і канцэнтрацыі CO2 на 200 ppm.
    (+2°C не так шмат для 2050-га. Напрыклад, 2024 год у Еўропе ўжо быў на +1.5°C цяплей за сярэдняе перыяду 1991-2020 гадоў. Так што рэальна к 2050-му можа быць больш).
    Прычынай - рост мікробаў у глебе.

    Даследаванне фінансавалася кітайскімі арганізацыямі.
    Тое, што кітайцы заўважаюць кліматычныя праблемы і даследуюць іх, значна ламае карціну сусвету трампістаў, для якіх змены клімату ёсць фікцыя. Кітайскі палітычны ландшафт зусім іншы, там няма аналагаў тых рэспубліканцаў, "назло" якім "левакі" маглі б прыдумаць павестку пра змены клімату. Да таго ж яны па большасці вырашаюць свае ўнутраныя праблемы, на якія клімат значна ўплывае.
    У той час калі ЗША абрынаецца ў новае цемрашальства з адмаўленнем навуковых ісцін (і ёсць рызыкі для Еўропы таксама).
  • Vik
    20.04.2025
    ., Казалось бы, рис выращивается где угодно, но только не в США. Но и тут всем нагадил Трамп.,

Цяпер чытаюць

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў23

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў

Усе навіны →
Усе навіны

«Далей будзе засуха». На Палессі перасыхаюць балоты, і гэта можа мець кепскія наступствы2

Першыя «калючыя» агуркі, буякі па 120 рублёў і маладая бульба. Што і па колькі цяпер на Камароўцы?

Пуцін пра ўдары па Крывым Рогу з Сумамі і 56 загінулых: Так, мірныя аб‘екты. Але цэль вайсковая29

Лукашысцкі блогер, чый кантэнт прызналі «экстрэмісцкім», працягвае здымаць ролікі2

Леснікам дазволяць прыватызаваць арэнднае жыллё1

Маск гатовы пакінуць пасаду, бо «стаміўся ад нападак левых»16

Таямнічае гняздо знайшлі ў лесе пад Старымі Дарогамі. Што гэта можа быць?6

Расія можа напасці на Еўропу ўжо ў 2027 годзе18

Колькі зарабіла кампанія Баскава на мерчы Лукашэнкі11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў23

«Яны чамусьці думаюць, што іх зараз згвалцяць». Прапаганда кінулася тушыць абурэнне беларусаў 150 тысячамі пакістанцаў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць