БЕЛ Ł РУС

Караль Наўроцкі збіраецца паехаць ва Украіну і сустрэцца з Зяленскім

1.07.2025 / 16:57

Nashaniva.com

Абраны прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі заявіў, што мае намер неўзабаве наведаць Украіну і сустрэцца з Уладзімірам Зяленскім. Дакладная дата сустрэчы пакуль невядомая.

Караль Наўроцкі. Фота: Andrzej Iwanczuk/NurPhoto via Getty Images

У інтэрв’ю польскаму тэлеканалу Polsat News Наўроцкі адзначыў, што плануе наведаць усіх суседзяў Польшчы, і сустрэча з прэзідэнтам Украіны стане часткай гэтага працэсу. Ён падкрэсліў, што паміж Украінай і Польшчай існуе шмат агульных інтарэсаў і мэтаў.

У той жа час Наўроцкі прызнаў, што ёсць і спрэчныя пытанні, якія застаюцца невырашанымі. У прыватнасці, ён узгадаў праблему з польскімі фермерамі і пытанне эксгумацыі ахвяр Валынскай трагедыі часоў Другой сусветнай вайны.

Пазіцыя Наўроцкага адносна Украіны застаецца супярэчлівай. Падчас перадвыбарчай кампаніі ён заяўляў, што не дапусціць уступлення Украіны ў НАТА, каб атрымаць падтрымку выбарцаў іншага кандыдата. Аднак пасля перамогі ён змякчыў сваю пазіцыю, заявіўшы, што цяпер уступленне Украіны ў НАТА немагчымае, пакуль краіна знаходзіцца ў стане вайны з Расіяй.

Таксама ён адзначыў, што Украіна не павінна далучацца да Еўрасаюза, пакуль не выканае ўсе патрабаванні для сяброўства.

Чытайце таксама:

Анджэй Дуда паабяцаў Ціханоўскай арганізаваць ёй сустрэчу з Наўроцкім

Як дачка новага прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага стала зоркай і скрала ўвагу ўсёй краіны

Дуда: Расія выдыхаецца, а мы мацнеем. А наконт Украіны ў НАТА я з Наўроцкім пагавару

Зянон Пазняк адправіў сардэчныя віншаванні Каралю Наўроцкаму

Каментары да артыкула