Дуда: Расія выдыхаецца, а мы мацнеем. А наконт Украіны ў НАТА я з Наўроцкім пагавару
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў інтэрв'ю літоўскаму тэлебачанню супакоіў наконт стаўлення новаабранага прэзідэнта Караля Наўроцкага да Украіны. Ён таксама расказаў, што думае рабіць пасля прэзідэнцтва.

2 чэрвеня прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ўзяў удзел у сустрэчы «Бухарэсцкай дзявяткі» — саміта дзяржаў усходняга фланга НАТА. Сустрэча адбылася ў Вільні, і ў ёй удзельнічалі таксама прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.
Дуда быў у выдатным настроі: напярэдадні, 1 чэрвеня, на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы перамог ягоны палітычны саюзнік Караль Наўроцкі.
У інтэрв'ю літоўскаму грамадскаму тэлебачанню LRT Дуда супакойваў наконт замежнапалітычных установак Наўроцкага.
Наўроцкі-прэзідэнт будзе ўспрымаць рэчы інакш, чым Наўроцкі-кандыдат
«Спадар Наўроцкі заяўляў, што не падтрымлівае ўступлення Украіны ў НАТА і Еўрапейскі саюз. Ці азначае гэта, што мы ўбачым новую дынаміку ў адносінах паміж Польшчай і Украінай?» — запытала літоўская журналістка.
«Я перагавару з ім пра гэта, бо, як вы ведаеце, мая пазіцыя па гэтым пытанні іншая. Яна вынікае з майго прэзідэнцкага досведу — амаль дзесяці гадоў на пасадзе прэзідэнта Польшчы, яна вынікае з усіх ведаў, назапашаных за гэтыя гады, — адказаў Дуда.
— Упэўнены, што ён таксама ўважліва прааналізуе міжнародную сітуацыю, становішча Украіны і польска-ўкраінскія адносіны, калі заступіць на пасаду. Як мы кажам у Польшчы: punkt widzenia zależy od punktu siedzenia, твая пазіцыя залежыць ад таго, дзе ты сядзіш — а крэсла прэзідэнта Рэспублікі Польшча вельмі спецыфічнае месца, і з яго свет выглядае трохі інакшым».
Прэзідэнт Польшчы таксама заклікаў не драматызаваць пагрозы з усходу.
Расія выдыхаецца
«Восенню каля нашых межаў пройдуць вайсковыя вучэнні «Захад». Пасля аналагічных вучэнняў у 2021 годзе Расія напала на Украіну. Як вы думаеце, наколькі імаверна, што Расія вырашыць атакаваць Польшчу ці Літву падчас гэтых вучэнняў ці ў найбліжэйшы час?» — спытала журналістка.
«Не думаю, што так, — супакоіў Дуда. — Вядома, нехта скажа: «Ніколі не кажы ніколі», але мы рыхтуемся, умацоўваем патэнцыял стрымлівання, мадэрнізуем армію, каб быць у бяспецы. Але найважнейшае — гэта быць упэўненымі, што на нас ніхто не нападзе, што гэты патэнцыял будзе настолькі магутны, што ні ў каго не будзе спакусы яго выпрабаваць».
Мы, сказаў Дуда, «становімся мацнейшымі, а Расія слабее, бо штодня страчвае свае ўзброеныя сілы ў баях з Украінай, у апошнія дні яна таксама панесла вялікія страты ў вайсковай тэхніцы і людзях».
«Калі гаварыць пра напад на Украіну, Расія выдыхаецца як у плане вайсковай інфраструктуры, так і чалавечага фактару — гэта вельмі сур’ёзна», — адзначыў прэзідэнт Польшчы.
«Таму я не думаю, што сёння Расія здольная атакаваць якую-небудзь іншую краіну», — падсумаваў ён.
Ён таксама адзначыў, што спакойна глядзіць на пытанне захавання амерыканскай прысутнасці ў Еўропе і гаварыў з прэзідэнтам Трампам пра стварэнне моцнай амерыканскай вайсковай базы ў Польшчы, якая б стала плацдармам і для абароны балтыйскіх краін.
Цяпер мігранцкі крызіс 2021-га ўспрымаецца падрыхтоўкай да вайны
У той жа час ён прызнаў, што «Расія сапраўды ажыццяўляе розныя гібрыдныя атакі — умела і ў самых разнастайных формах».
«На маю думку, да гэтага можна аднесці і атаку на нашы межы, якую тэарэтычна ажыццяўляе Беларусь, але насамрэч мы цудоўна ведаем, хто за ёй стаіць. Хачу вам нагадаць, што яна цягнецца ўжо шмат гадоў — фактычна з канца лета 2021 года, і з пазіцыі сённяшняга дня тыя падзеі ўспрымаюцца як падрыхтоўка Расіяй глебы перад шырокамаштабнай агрэсіяй супраць Украіны», — сказаў ён.

«Я ў самым росквіце сіл як палітык»
Прэзідэнтам Польшчы нельга быць больш за два тэрміны: «Канстытуцыя Рэспублікі Польшча ў гэтым пытанні адназначная». «Таму я спакойна перадам прэзідэнцкія паўнамоцтвы свайму пераемніку», — кажа ён.
Што Дуда будзе рабіць пасля прэзідэнцтва? Ён стаў кіраўніком Польшчы маладым.
«Мне 53 гады, і, калі гаварыць пра палітыку, я ўсё яшчэ малады. Скажам так, у самым росквіце сіл як палітык, я насамрэч дасведчаны палітык, — сказаў Дуда і не выключыў, што застанецца ў палітыцы. — Я заўсёды адкрыты, калі нейкім разумным чынам Польшча захоча і надалей скарыстацца маімі ведамі і маёй гатоўнасцю працаваць на Рэспубліку Польшчу, на нашу нацыю, на наша грамадства».
У той жа час ён не выключыў і вяртання ў акадэмічную сферу.
«Я шмат гадоў адпрацаваў у Ягелонскім універсітэце, маю ступень доктара права са спецыялізацыяй у адміністрацыйным праве, добра знаёмы з пытаннямі дзяржаўнага права. Шмат гадоў працаваў у Канстытуцыйным судзе Польшчы, маю досвед выкладання ва ўніверсітэце. Так што маю шмат розных навыкаў», — усміхаецца прэзідэнт.

У Вільні чакаюць, што Наўроцкі працягне курс Дуды
У Вільні перамогу кандыдата, падтрыманага партыяй «Права і справядлівасць», успрынялі без драматызму.
Польскі правакансерватыўны лагер, да якога належыць Караль Наўроцкі, традыцыйна надае больш увагі сваім суседзям па Усходняй Еўропе. «Нарадоўцы» лічацца прыхільнікамі так званай «ягелонскай канцэпцыі», згодна з якой Польшча мае абапірацца на саюз з народамі, што пражываюць між Расіяй і Нямеччынай. Таму ў Вільні разлічваюць, што асабліва цесныя адносіны, якія склаліся між Анджэем Дудам і прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам, захаваюцца і пры новым гаспадару Бельведэра.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Хаця, можа яны за антырасейскасць яго так не любілі?
[Зрэдагавана]