Ці можна будаваць Беларусь па-за межамі Беларусі? Дыскутавалі Ягораў, Гарбацкі, Югася Каляда
У рамках фестывалю «Тутака» абмеркавалі магчымасці беларусаў замежжа захоўваць беларускую культуры і сувязі з радзімай. Але не толькі гэта. Перакладчык Уладзіслаў Гарбацкі казаў, што для яго радзіма — гэта беларуская мова, а Андрэй Ягораў заявіў пра спрэчны статус Офіса Ціханоўскай.
Дыскусія на фестывалі «Тутака». Скрыншот: FundacjaTutaka / YouTube
У дыскусіі прынялі ўдзел прадстаўнік Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў, даследчык і адзін з рэдактараў выдавецтва «Скарына Прэс» Уладзіслаў Гарбацкі, пісьменніца Югася Каляда, і заснавальніца лагістычнай кампаніі ў Польшчы Васіліса Дзегцярэнка.
Удзельнікі дыскусіі былі аднадушнымі ў поглядзе, што 2020 год дакладна акрэсліў, што беларуская нацыя існуе не толькі ў краіне, але за яе межамі. У іншых краінах беларусы не асіміляваліся, а захоўваюць беларускую ідэнтычнасць.
У той жа час, як адзначыў Андрэй Ягораў, дзяржава для беларусаў застаецца адна. Тыя палітычныя інстытуты, што створаны беларусамі ў замежжы, на яго думку, маюць спрэчны статус.
«Такія структуры граюць вялікую ролю, калі яны з'яўляюцца аб'яднаўчымі для беларусаў, якія знаходзяцца ў сённяшняй сітуацыі па-за межамі. (…) На сённяшні час гэта не зусім так, я б сказаў. Легітымнасць Каардынацыйнай рады з колькасцю прагаласаваўшых выбаршчыкаў хісткая. Структуры кшталту Офісу і Кабінету маюць спрэчны статус».
Па словах Ягорава, «не трэба з палітычных структур, якія мы будуем, рабіць каргакульт».
«Не трэба рабіць з іх уражанне таго, што гэта нібыта сапраўдныя дзяржаўныя інстытуты. Яны не ёсць сапраўднымі дзяржаўнымі інстытутамі. Калі вы думаеце, што Аб'яднаны пераходны кабінет — гэта ўрад у выгнанні, гэта карга-культ. Калі вы думаеце, што Офіс Святланы Ціханоўскай і сама Святлана Ціханоўская — гэта прэзідэнт, гэта карга-культ.
Калі вы думаеце, што Каардынацыйная рада — гэта парламент, гэта карга-культ. Трэба глядзець на гэта як на рэальнасць. Яны з'яўляюцца палітычнымі інстытутамі, яны важныя, яны важныя для рэпрэзентацыі беларусаў, для палітычнага прызнання, для прызнання альтэрнатыўнага шляху развіцця Беларусі, але не трэба рабіць уражанне, што ў нас тут ёсць нейкая іншая ад беларускай дзяржавы дзяржава».
Андрэй Ягораў. Фота: «Наша Ніва»
Як адзначыў Ягораў, часткова гэтыя структуры прадстаўляюць і беларусаў, якія пражываюць у Беларусі.
«Яны прадстаўляюць пэўную палітычную, альтэрнатыўную візію той палітыкі, якая ёсць сёння ў Беларусі. Калі Лукашэнка рэпрэзентуе такі прарасійскі, хутчэй, антынацыянальны шлях развіцця Беларусі, антыдэмакратычны, то гэтыя структуры прэзентуюць прабеларускі, праеўрапейскі, дэмакратычны шлях развіцця Беларусі».
У той жа час палітык падкрэсліў, што «беларускія палітычныя інстытуты, у тым ліку Святлана Ціханоўская, вядуць даволі эфектыўную дыпламатычную працу па падтрыманні іміджу Беларусі».
Гуманітарная місія беларусаў замежжа
Рэдактар Уладзіслаў Гарбацкі звярнуў увагу на тое, што ў культурным плане беларускія ініцыятывы за мяжою пасля 2020 года рэалізуюць гуманітарную місію, традыцыі якой былі закладзены яшчэ пасляваеннай эміграцыяй. У прыватнасці, выдавецтва «Скарына Прэс» выдае кнігі, якія б ніколі не пабачылі свет у Беларусі, нягледзячы на тое, што яны не прыносяць ніякага прыбытку.
Югася Каляда. Фота: juhasiakalada / Facebook
Пісьменніца Югася Каляда ў сваю чаргу адзначыла, што «пісьменніцтва на беларускай мове проста банкруціць» аўтара.
«Не тое, што ты трымаешся на нулі і гэтак далей, ты сыходзіш у мінус глыбокі. Таму гэта таксама гуманітарная місія яшчэ і ў квадраце, абсалютна. Вечная інвестыцыя самога пісьменніка, які не атрымлівае назад, не вяртае нават тое, што аддаў», — даводзіць Каляда.
На погляд пісьменніцы, «у нас увогуле ніколі не было нацыянальнай дзяржавы, і тая Беларусь, якая існуе, гэта квазінацыянальная, гэта назва «Беларусь», а насамрэч там зусім іншыя каштоўнасці».
Па словах пісьменніцы, у тых, хто цяпер жыве за межамі краіны, не застаецца іншага выбару, як фарміраваць Беларусь па-за яе межамі.
«Нельга стварыць Беларусь нейкую іншую па-за межамі гэтай Беларусі, бо яна адна»
З поглядам пісьменніцы аб тым, што Беларусь не з'яўляецца нацыянальнай дзяржавай, не пагадзіўся Андрэй Ягораў.
«Калі мы разумеем нацыянальнае як культурнае, як беларускую культуру, беларускую мову, асабліва беларускую незалежную культуру, якая ствараецца па-за дзяржаўным кантролем і наглядам, то так, канешне, гэтая дзяржава не нацыянальная.
Але калі мы разважаем у тэрмінах палітыкі і паліталогіі, то Беларусь, сённяшняя Беларусь, якая рэальна існуе ў рэальным свеце, ёсць нацыянальнай дзяржавай. Таму што ў свеце больш ніякіх формаў не існуе. Ёсць нацыянальныя дзяржавы і ўсё, nation states.
(…) У нас няма дэмакратычнага кіравання, што не дазваляе беларускай нацыі быць уладальнікам свайго лёсу. І гэта ёсць для нас праблема. І вось гэта з'яўляецца тым, з чым мы мусім працаваць і на што мусім адказваць», — даводзіў палітык.
Другі момант, у якім Ягораў выказаў нязгоду з Калядою, сталі яе словы пра фарміраванне Беларусі за яе межамі.
«Мы можам фармаваць нешта ў Беларусі, у беларускай культуры, у беларускай палітыцы, у беларускім бізнэсе і гэтак далей. Але мы не можам ствараць Беларусь. Мы не можам ствараць Беларусь, таму што яна ёсць, і яна ёсць адна.
(…) Нельга стварыць Андрэя Ягорава па-за межамі Андрэя Ягорава. Нельга стварыць Беларусь нейкую іншую па-за межамі гэтай Беларусі, бо яна адна».
Што рабіць беларусам замежжа
Погляд Ягорава падтрымала Васіліса Дзегцярэнка, якая адзначыла, што «два нацыянальныя праекты сапраўды не могуць існаваць, таму што нацыянальная дзяржава як бы дзяржава-абалонка для існавання нацыі, у якой яна рэалізуецца».
Васіліса Дзегцярэнка. Скрын відэа: FundacjaTutaka / YouTube
Аднак, як адзначыла бізнэсвумэн, працэс фарміравання беларускай нацыі яшчэ працягваецца, таму яна, як беларуска замежжа, бачыць сэнс сваёй дзейнасці за мяжою ў тым, каб гэтаму спрыяць, зрабіць свой унёсак у фарміраванне сапраўднай нацыянальнай дзяржавы, заснаванай на беларускай культуры.
«Калі палякі мне кажуць: «Мы жадаем вам хутчэй вярнуцца дадому, мы жадаем вам хутчэйшых пераменаў», — я кажу: «Пачакайце, мы яшчэ не гатовыя. Дайце нам трошкі часу».
Беларусь Дзегцярэнка ўспрымае як радавое гняздо, і задача беларусаў замежжа пра яго клапаціцца.
«Калісьці я думала, што, каб дапамагаць Беларусі, трэба вярнуцца дадому як мага хутчэй. (…) Зараз я зразумела, што гэта ўсё можна рабіць за яе межамі, што можна ўплываць, што можна вучыцца, што можна развіваць сябе, што можна развіваць сваю супольнасць, свой бізнес, свае арганізацыі», — кажа жанчына.
З такім поглядам пагадзіўся і Андрэй Ягораў, які згадаў словы філосафа Уладзіміра Мацкевіча, аб тым, што для стварэння Беларусі нам неабходна «думаць Беларусь».
На погляд Гарбацкага, беларусы, якія апынуліся за мяжою, сталі праваднікамі культурнай дыпламатыі:
«У нас з'явілася першая цудоўная перакладчыца з грузінскай на беларускую мову. У нас былі [перакладчыкі] за савецкім часам, але яны карысталіся рускай мовай. А цяпер вось дзякуючы гэтай жудаснай сітуацыі (…) мы кантакты наладжваем ужо самі, не афіцыйны рэжым лукашэнкаўскі, а мы праз гэтае альтэрнатыўнае поле».
Уладзіслаў Гарбацкі. Фота з асабістага архіва
«Для мяне мая радзіма — гэта беларуская мова», — даводзіць даследчык і тлумачыць, што гэтую думку ён запазычыў у франка-бельгійскай пісьменніцы Маргерыт Юрсенар, якія сказала «мая радзіма — гэта французская мова».
У сваю чаргу Андрэй Ягораў заўважыў, што «не ўсё тое, што можна зрабіць знутры Беларусі, можна зрабіць звонку». Сярод такіх аспектаў, напрыклад, змест адукацыі, судова-прававая сістэма, адаптацыя да змены клімату ўнутры краіны.
На погляд Дзегцярэнкі, беларусы замежжа — тыл для тых, хто жыве на радзіме, які дапамагае ў яе дэмакратызацыі, нягледзячы на тое, што сувязі і разуменне працэсаў, якія там адбываюцца, слабеюць:
«Адна справа — рабіць усё тут для тут. І іншая справа — рабіць усё тут, каб паднасіць цэглу тым, хто там. І вось я лічу, што мы такі тыл, які гэтую цэглу падносіць».