Літаратура33

Паваліла моцная літаратура! «Перамена месцаў» Югасі Каляды

Новая кніга пісьменніцы з Гомеля — захапляльная, псіхалагічная і дорыць надзею людзям, якія ўнутры сістэмы, расказвае Зося Лугавая. 

2017 год. У новым «Штадлеры» Мінск—Гомель мяняюцца месцамі — вы ведаеце, як гэта бывае — 40-гадовая суддзя Альбіна Багадзевіч з Гомеля і 24-гадовая беспрацоўная Маня Каваленка з вёскі Алешнікі Ельскага раёна. На раніцу аказваецца, што яны памяняліся і целамі.

Складана ўявіць дзвюх больш адрозных жанчын. Альбіна — высокая, хударлявая, прытрымліваецца здаровага ладу жыцця і мінімалізму ў гардэробе. Яна да рэшты адданая юрыспрудэнцыі, яе галава здольная сістэматызаваць гіганцкія памеры разрозненай інфармацыі. Ейны позні шлюб пабудаваны на інтэлектуальнай блізкасці: яны з мужам ажаніліся, каб размаўляць. 

Маня — вясковая дзеўка, якой бацькі купілі кватэру ў Гомелі. Яна з усёй моцы трымаецца за няўклюду-мужа, які ніяк не можа знайсці працу і даволі грэбліва ставіцца да жонкі. Маня гаспадарлівая, дома ў яе чыста і пахне ежай. Яна працавала ў кавярні, але тая зачынілася, таму Маня часова без працы.

17 гадоў таму «Галоўная памылка Афанасія» гамяльчанкі Югасі Каляды стала свежым словам у беларускай літаратуры. Новая кніга — тонкая і псіхалагічная проза. У ёй яркія персанажы з прапрацаванымі характарамі, пры гэтым яна закранае балючыя і актуальныя беларускія пытанні.

«Перамену месцаў» ужо кваліфікавалі як камедыю становішчаў, якая пакрысе ператвараецца ў… штосьці іншае. Напрыклад, у псіхалагічную драму.

Гераіні Югасі Каляды змяняюцца самі і змяняюць прастору вакол сябе. 

Больш увагі аўтарка надае Альбіне, якая як старэйшая мусіць разабрацца, з якой мэтай іх памянялі целамі. Што трэба змяніць, што зразумець? Пачынае Альбіна са знешняга (гардэроб, вага, лад жыцця), але яна занадта разумная, каб не ўсвядоміць (і даволі хутка): не гэта стала прычынай пераўтварэння. У Альбіны мозг-камп’ютар, але пры гэтым ёй уласцівае пазітыўнае мысленне: «Гэта закляцце са зваротным дзеяннем… Зваротным дзеяннем!» — сцвярджае яна. І на гэтым шмат што ў гісторыі трымаецца.

Паступова Альбіна пачынае заглыбляцца ў іншае, паралельнае жыццё, якое заўсёды адбывалася побач з ёй, але якога яна не заўважала, толькі зрэдчас сутыкалася ў судзе. Часам яна літаральна прымушае сябе глядзець на яго, і тады пытае сябе: «А ці змагу я наагул жыць у рэальнасці? Убачыць свет, які ён ёсць, і не крычаць пры гэтым бесперапынна ад ягонай жахлівасці?»

Альбіну чакаюць не толькі агульначалавечыя, але і прафесійныя адкрыцці. Ніколі не сутыкаючыся з беларускай міліцыяй не ў статусе суддзі, яна не ўсведамляла, якое беззаконне там пануе. Не разумела, за што міліцыю так ненавідзяць. У целе Мані яна сутыкаецца з міліцэйскім самавольствам і прызнаецца сабе: «…усе мянты — бандыты. І наш цудоўны суд тады нічым не лепшы, бо мы проста прыкрываем іхную злачынную дзейнасць».

Метадычна і не шкадуючы сябе, суддзя Альбіна Багадзевіч у целе Мані Каваленка працягвае задаваць сабе пытанні: «Але як з імі можна наагул мець справы, калі незаконнасць — гэта іхная галоўная ўласцівасць? Кваліфікацыйная прыкмета!» І адчувае, што вось тут акурат набліжаецца да сутнасці таго, што мусіла зразумець.

Мані ў тэксце менш, але яна не менш важная гераіня. Яна раскрывае тэму жаночага патэнцыялу, які часта бывае пахаваны пад патрыярхальным выхаваннем, няўпэўненасцю ў сабе, адсутнасцю якаснай адукацыі. Альбіна, якая першапачаткова грэбліва ставіцца да суседкі ў цягніку, адкрывае і камунікатыўныя здольнасці дзяўчыны, і яе інтэлектуальны патэнцыял. Маня вучыцца імкліва, пачынае разважаць і прымаць самастойныя рашэнні, абапіраючыся на юрыдычны базіс, які паспявае ў яе закласці Альбіна.

Дзякуючы Мані, мы зазіраем у свет людзей сістэмы. Аўтарка паказвае, як людзі, якія быццам бы проста робяць сваю працу, у пэўны момант аказваюцца перад выбарам. Выбарам сумлення. І ён не такі просты, як можа падацца таму, хто па-за сістэмай.

«Быццам за звычайным, звыклым жыццём раптам нараджаецца нешта чорнае, як прорва, і зацягвае цябе. І ты нават ня можаш з гэтым змагацца, бо не ведаеш як. Гэтае чорнае жыве сваім чорным жыццём, і яно дакладна мацнейшае за кожнага з людзей…»

Тэкст завалодвае табой спакваля, не адразу, але пасля тузіна старонак адарвацца ўжо немагчыма. У Югасі Каляды стрыманая інтанацыя і прыгожая лаканічная мова. Аднак да рытму гэтай прозы трэба прызвычаіцца, бо сказы сканструяваныя не самым простым спосабам. 

Фінал кнігі мне спачатку падаўся нечаканым, але праз пэўны час я разумела, што ён адпавядае духу кнігі. Уся гэтая гісторыя — пра чалавечы патэнцыял, пра змены на ўзроўні асобнага чалавека, пра тое, што кожны мусіць пачынаць з сябе. Чорная субстанцыя, якую адчувала Маня, ужо стала вісіць над усімі намі, але мы і цяпер можам ёй супрацьстаяць, кожны — па-свойму. Таму «Перамена месцаў» — гэта найперш кніга пра надзею.

Югася Каляда. Перамена месцаў. — Вільня: Пфляўмбаўм, 2024

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары3

  • Тсой
    08.02.2025
    Як той казаў: "Перамен трэбуют нашы цяла!" :)
  • Ідучы да ракі
    09.02.2025
    Дзякуй за рацэнзію, з апошняга вельмі спадабаліся і Сабакі Еўропы з гэтай кнігарні
  • Думау
    09.02.2025
    пра японца нейкага

Цяпер чытаюць

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі11

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Усе навіны →
Усе навіны

З-за чэргаў на мяжы з Польшчай «Мінсктранс» арганізуе бясплатную перасадку пасажыраў

У Германіі забілі аўтарку бестсэлераў пра рускіх, кіяўлянку Аляксандру Фроліх

Паглядзіце, якімі моднымі лакацыямі абзавёўся Парк Горкага16

На Паліну Шарэнду-Панасюк завялі дзве крымінальныя справы2

33-гадовы беларускі кікбаксёр-чэмпіён памёр ад рэдкай анкалогіі7

Аўтобус з беларусамі перакуліўся пад Варшавай1

Які прыгожы трэнд: людзі ператвараюць свае газоны ў някошаныя лугі10

Уначы па усёй тэрыторыі Беларусі былі замаразкі, апроч аднаго горада4

Сёння Радаўніца — дзень, калі наведваюць магілы продкаў2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі11

«Прачытайце яе гісторыю». Лукашэнку давялося апраўдвацца перад Пуціным за георгіеўскія стужкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць