Усевалад Сцебурака. Што сніцца старому сабаку? Верш
Усевалад Сцебурака апублікаваў у фэйсбуку новы верш.
***
Што сніцца старому сабаку? —
Шчанячая маладосць —
дзе ў лапах бясконцая сіла,
і зноў шаўкавіцца поўсць.
Яго абдымае вецер
і пах веснавой травы,
і крочыць з ім па планеце
яго гаспадар малады.
У пашчы — бліскучыя іклы,
танчэйшыя нюх і слых —
ён лепшы сабака ў свеце
і самы адважны з усіх!
І ўсё яшчэ ў самым пачатку —
дарогі, лугі і лясы,
шпацыр да салодкае стомы
і смачны скрылёк кілбасы.
Усё мроіцца гэта старэчы
і ён пасміхаецца ў сне…
сабачыя простыя рэчы
Дай Бог зразумець і мне.
Чытайце таксама:
Усевалад Сцебурака. Робіш працу заўжды як хутчэй… Верш
Усевалад Сцебурака. А памяць падкідае толькі добрае… Верш