Лявончык: На 18 тысяч тых, хто атрымаў дапамогу, было тры крымінальныя справы
Кіраўнік фонду «Байхэлп» Аляксей Лявончык у фэйсбуку вельмі рэзка адрэагаваў на публікацыю «Еўрарадыё», у якой расказвалася, з-за якіх праблем з бяспекай з ягонага фонду адбылася ўцечка даных.
Аляксей Лявончык
«Я так разумею, некаторым нашым журналістам не знаёмыя словы «па версіі», «па словах», «у інтэрпрэтацыі». Гэта слоўныя абароты, якія адрозніваюць facts beyond reasonable doubt ад АБС. Ну ці тое, што адрознівае The Guardian ад, даруй Госпадзе, Daily Express, — абураецца Аляксей Лявончык. —
Возьмем Лібера. Версія сілавікоў падавалася як асноўная, вартая даверу і не падвяргалася крытыцы. Потым, праўда, «Наша Ніва» напісала добры разбор, але праблема ў тым, што спакойныя разборы чытае меншасць, а хайп і высер — большасць.
Возьмем Матольку. Расказвалася пра «велізарную колькасць пацярпелых ад уцечкі», але пацверджаных выпадкаў было 26. На сорак тысяч на піку працы Гаюна. Антон, дружа, я здымаю капялюш, ты лепшы за Пентагон. Адзінае, за што хочацца табе даць падсрачнік — гэта закрыццё праекта. Ты нікому не зрабіў ад гэтага лепш.
Не, вядома, як сцвярджае «Вясна», «у рэальнасці выпадкаў куды больш», але мы ж нібыта аперуем дадзенасцямі, а не здагадкамі? Калі іх больш, то дзе доказы? Ці гэта абы ляпнуць, дарагія сябры праваабаронцы, для якіх мы, гуманітаршчыкі, проста шынамантаж? Ці вы нешта забываеце?
Цяпер возьмем нас. Матэрыял «Еўрарадыё», заснаваны на меркаванні адной ананімнай валанцёркі незразумела адкуль і некалькіх «ананімных крыніц», расказаў, як у нас выцяклі базы. Так выцеклі, што на 18 тысяч тых, хто атрымаў дапамогу, было тры крымінальныя справы. Я нават не магу палічыць працэнт. А я ўнук і сын матэматыкаў, не апошніх у Акадэміі гэта няшчаснай краіны.
Так, я лічу працэнт. Таму што ідзе вайна. Таму мы застаемся донарам апошняга шанцу, і людзі, прыходзячы да нас, ведаюць, чым рызыкуюць. У свеце, дзе ўцечкі ёсць з Пентагона, дзіўна патрабаваць стопрацэнтнай устойлівасці сістэм ад тых, хто вучыўся на каленцы. І нармальна вывучыўся.
Усе, хто да нас прыходзіў, ведалі пра рызыкі. І ўсё роўна прыходзілі. Таму што акрамя нас нікога не засталося, хто быў гатовы да нефармальных рашэнняў.
Я ведаю, колькі мы перавезлі людзей праз мяжу. Колькі выйшлі дзякуючы нам раней. Колькі змаглі захаваць сваю маёмасць. Антон ведае, колькі жыццяў было выратавана дзякуючы «Гаюну». Але гэта не мая гісторыя, а яго. Не мне яе расказваць.
Мяне замілаваў каментар ад цэлага фонду «Краіна для жыцця», зроблены для «Еўрарадыё» ананімна. Бо сапраўды, гэта ж як трэба добра працаваць, каб праз пяць гадоў рабіць каментары ананімна. Ці не праўда, спадар ПЖ? Прабачце, СП. Або ВЖ?»