Інфармацыю знайшлі на камп'ютары чалавека з Беларусі. Стала вядома, што за праблема з бяспекай была ў «Байхэлп»
Ініцыятыва «Байхэлп» ведала пра затрыманне ў Беларусі летам 2024 года свайго валанцёра, які валодаў адчувальнай інфармацыяй, але не папярэдзіла пра гэта ні атрымальнікаў дапамогі, ні сваіх валанцёраў, ні іншых членаў Міжнароднага гуманітарнага фонду (МГФ), у які ўваходзіць шэраг праваабарончых арганізацый і фондаў. Пра гэта «Еўрарадыё» даведалася, правяраючы інфармацыю з атрыманай справаздачы ад Нарвежскага Хельсінскага камітэта (НХК), аператара МГФ. «За пяць гадоў матэрыялу на крымінальныя справы змаглі накапаць на трох чалавек з 18 тысяч», — пярэчыць Аляксей Лявончык.

Сузаснавальнік ініцыятывы «Байхэлп» Аляксей Лявончык. Фота: LookByMedia
Пэўныя акалічнасці і імёны асоб у тэксце адсутнічаюць, дзеля захавання бяспекі. Таксама праз складанасць гісторыі «Еўрарадыё» не мела магчымасці пацвердзіць усе дэталі, але гэта, як сцвярджаецца, не паўплывала на асноўную інфармацыю.
10 месяцаў маўчання
У справаздачы, атрыманай ад НХК у пачатку ліпеня, без падрабязнасцяў узгадваўся «сур’ёзны інцыдэнт» у жніўні 2024 года, які нібыта парушыў пратаколы бяспекі «Байхэлпа». Ён мог быць звязаны нібыта з узломам базы ініцыятывы, пра які 20 снежня 2024 года расказваў прапагандыст АНТ Ігар Тур у сваёй перадачы «Будзе дапоўнена».
Па інфармацыі крыніц «Еўрарадыё», сітуацыя выглядала наступным чынам.
Крыніцы кажуць, што ў жніўні 2024 года ў Беларусі сілавікі затрымалі валанцёра «Байхэлпа», які займаўся размеркаваннем дапамогі сярод вызваленых палітвязняў і іх сем’яў. На яго камп’ютары яны знайшлі ўсю інфармацыю пра атрымальнікаў дапамогі.
Сілавікі, атрымаўшы з камп’ютара базу даных, з кастрычніка па снежань нібыта правялі вобшукі і допыты ў больш як 50 чалавек, што атрымалі дапамогу. Гэта былі пераважна экс-палітвязні і іх сваякі. Людзей прымусілі вяртаць атрыманыя грошы і плаціць дадатковы штраф. Усе яны праходзілі па адміністрацыйных артыкулах.
Па крымінальнай справе праходзілі тры чалавекі, звязаныя з «Байхэлп». Пра гэта ў каментарыі выданню Reform.news паведаміў сустваральнік арганізацыі Аляксей Лявончык. Па звестках праваабаронцаў, гаворка ідзе пра Любоў Драгель, якая згадвалася ў рэпартажы Тура, а таксама Аляксандра Якушкова і Яўгена Бойку. Ім прысудзілі ад дзвюх да пяці гадоў калоніі за «ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні» і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».
Па інфармацыі «Еўрарадыё», па гэтай справе праходзяць дадаткова яшчэ два чалавекі, суды над якімі яшчэ не адбыліся. То-бок колькасць пацярпелых складае як мінімум пяць чалавек.
Крыніцы сцвярджаюць, што табліцы са спісам людзей, што публікаваў Тур у сваім выпуску, з вялікай доляй верагоднасці, былі сапраўдныя. Па інфармацыі, змешчанай на скрыншотах яго рэпартажу, можна адшукаць людзей праз пашукавік ці сацсеткі.
Вось толькі прапагандыст хлусіць, што «Байхэлп» узламалі невядомыя хакеры. Сілавікі проста атрымалі фізічны доступ да інфармацыі, якая была на камп'ютары.
Са жніўня 2024-га па лета 2025 года «Байхэлп», як сцвярджаюць крыніцы, не папярэджваў ні атрымальнікаў дапамогі, ні ўласных валанцёраў, ні іншых членаў МГФ пра тое, што сілавікі атрымалі доступ да баз даных арганізацыі. Камунікацыя ішла ў рэчышчы, што сілавікі хлусяць і ніякай праблемы не існуе.
Прызнанне, што праблемы былі, прагучалі пасля апублікаванай справаздачы НХК у ліпені 2025 года, перад публікацыяй якой «Байхэлп» афіцыйна выйшаў са складу МГФ.
«Аляксей Лявончык разам са сваёй камандай кожны раз адмаўляў наяўнасць уцечкі»
Каб пацвердзіць інфармацыю пра парушэнне пратаколу бяспекі, «Еўрарадыё» на ўмовах ананімнасці паразмаўляла з валанцёркай, якая супрацоўнічала з некалькімі ініцыятывамі, што дапамагаюць палітвязням.
Дзяўчына пацвердзіла, што пасля арышту валанцёра «Байхэлп» яе не папярэджвалі пра магчымыя пагрозы з боку сілавікоў, яна пра ўсё даведалася самастойна.
Таксама суразмоўца расказала, што даныя людзей, якім перасылалі грошы на замежныя карткі, згаданыя ў перадачы Тура, былі сапраўдныя, але палітвязні пра гэта не ведалі.
«Мой знаёмы пакадрава праглядзеў гэты фільм і кажа, што там 100% ёсць даныя яго і яго сяброў».
Валанцёрка лічыць, што затрыманне чалавека з «Байхэлп» адбылося праз яго асабістую халатнасць.
«Хутчэй за ўсё не прапрацавалі метады перадачы грошай ці расслабіліся. Самы галоўны правал, што там быў ноўт з данымі людзей, і ён знаходзіўся ў Беларусі», — кажа яна.
Жанчына кажа, што праз адсутнасць інфармацыі былыя палітвязні на допытах не ведалі, як сябе паводзіць і што казаць.
«Я ведаю ад палітвязня, што іх выклікалі ў КДБ, і першы не ведаў што казаць, таму яму прысудзілі штраф. […] Пасля таго, як я даведалася, якія пытанні задавалі, то папярэдзіла, каб казалі, што даныя палітвязня фонды ўзялі з анкет верыфікацый і адмывалі такім чынам грошы.
Таму можна сказаць, што я сама вінная, што выйшаў той фільм Тура, дзе сцвярджалі, што фонды крадуць грошы людзей. Але ў той момант я разумела, што трэба палітвязняў абараніць. А што імя фондаў пацярпела, а з імі і маё імя, я нават і не думала.
Трэба было вырашаць праблему ў адну хвіліну, бо пісалі мне хлопцы з чаргі ў КДБ», — прызнаецца суразмоўца.
Таксама «Еўрарадыё» запытала ў членаў МГФ, ці інфармаваў іх «Байхэлп» пра затрыманні і палітычную справу лета-зімы 2024 года і ці былі яны ў курсе сітуацыі.
Прадстаўнікі арганізацый «Вольныя» і «Байсол» адмовіліся ад дадатковых каментароў, спаслаўшыся, што каментар ад «Байхэлпа» «Еўрарадыё» па выніках публікацыі справаздачы ад НХК быў сумесна ўзгодненым.
У фондзе «Краіна для жыцця» расказалі, што ўпершыню пачулі, што «Байхэлп» прызнаў праблемы з бяспекай толькі ў чэрвені 2025 года, у межах абмеркавання расследавання НХК.
«Падчас затрыманняў у кастрычніку—снежні 2024 года мы спрабавалі высветліць прычыны, шукалі магчымую ўцечку інфармацыі. Ускосна, на падставе апытання затрыманых, з’явіліся падазрэнні пра ўцечку з ByHelp. Яшчэ адно ўскоснае пацвярджэнне мы атрымалі з прапагандысцкага рэпартажу на АНТ, дзе была паказаная табліца з інфармацыяй пра дапамогу, аказаную ByHelp. Аляксей Лявончык разам са сваёй камандай кожны раз адмаўляў наяўнасць уцечкі, калі мы спрабавалі высветліць абставіны», — адказаў прадстаўнік арганізацыі.
Арганізацыя Dissidentby таксама азнаёмілася з агучанай «Еўрарадыё» версіяй падзей і пацвердзіла, што яна адпавядае рэчаіснасці.
Аляксей Лявончык пракаментаваў сітуацыю з інцыдэнтам. Яго пазіцыя прыводзіцца тут без зменаў.
«Байхэлп» не можа і не будзе каментаваць інфармацыю ад ананімных крыніцаў, якія сцвярджаюць, што быццам бы працавалі з намі (тут гаворка пра валанцёрку), як і ананімныя сцвярджэнні ад арганізацый у полі.
«Байхэлп» заўсёды інфармаваў тых, з кім абменьваецца інфармацыяй, аб новых выкліках у тракце нашай працы.
Што да «баз, знойдзеных на камп’ютары валанцёркі» — гэта інфармацыя базуецца на роліках прапаганды і абсалютна не адпавядае рэчаіснасці.
Пра нашы пратаколы абароны інфармацыі і менеджменту рызыкаў гавораць факты. Як я ўжо згадаў у каментары для «Рэформ», мы дапамаглі больш чым 18 тысячам чалавек. Мы адзіная арганізацыя, якая дасягнула такога маштабу, і да апошняга прысутнічала (і працягвае прысутнічаць) у полі ў Беларусі.
Той факт, што за дапамогу ад «Байхэлп» крымінальныя справы атрымалі 3 чалавекі — гэта на тры чалавекі болей, чым дапушчальна. Але калі ўзяць у кантэксце таго, што супраць нас працуюць спецслужбы цэлай дзяржавы, гэта зусім някепскі вынік для ініцыятывы, якая пачынала як валанцёрская і стала прафесійнай, адказваючы на выклікі.
Супраць сектару салідарнасці, як, зрэшты, і іншых арганізацый дэмакратычнай апазіцыі, ідзе вайна, дзе з аднаго боку стаіць дзяржава з усімі яе рэсурсамі, а з іншага — групы яшчэ ўчора валанцёраў. Ніводная сістэма фізычнай абароны доступу да інфармацыі пры такой раскладцы (калі супраць цябе працуе рэпрэсіўны апарат цэлай дзяржавы) не пратрымаецца доўга, калі не будзе суправаджацца адэкватнай сістэмай кіравання рызыкамі: што рабіць, калі нейкія даныя трапілі не туды, куды трэба. І слова «калі» я тут ужываю ў расійскім сэнсе «когда», а не «если».
Праблемы з бяспекай атрымальнікаў заўжды будуць ва ўсіх, хто працуе сур'ёзна, асабліва калі гэта праца «ў полі» на тэрыторыі Беларусі. Менавіта таму мінімізацыя рызыкаў мусіць быць дваістай: з аднаго боку фізічная сістэма абароны доступу да даных, з іншага — сістэма кіравання рызыкамі, калі нейкія даныя трапілі туды, куды не трэба. І пад калі, яшчэ раз, я маю на ўвазе «когда».
Есць і іншы спосаб мінімізаваць рызыкі. Можна пачынаць завужаць поле дзейнасці, дапамагаць усё меншай і меншай колькасці атрымальнікаў, выключаць асабліва рызыкоўныя кірункі, зыходзіць з поля, у рэшце рэшт. Так зрабіла большасць арганізацый поля. Нехта сышоў з Беларусі і застаўся дапамагаць толькі за мяжой. Нехта максімальна звузіў дапамогу ўнутры краіны. Нехта проста спыніў дзейнасць ці дапамагае пары чалавек на тыдзень.
Ці ідзе гэта на карысць атрымальнікам — пытанне рытарычнае. Мы ж абралі іншы шлях — прысутнічаць у полі да канца, у Беларусі і за мяжой, і дапамагаць кожным магчымым чынам.
Той факт, што за пяць гадоў матэрыялу на крымінальныя справы змаглі накапаць на трох чалавек з 18 тысяч, кажа шмат пра эфектыўнасць нашай сістэмы кіравання рызыкамі», — рэзюмуе суразмоўца.
Каментары
Калі так, навошта было пра гэта расказваць зараз публічна. Бо да іх могуць вярнуцца за штрафамі.
Калі ўсё роўна плацілі штрафы, або тыя людзі ў бяспецы, пытанне здымаецца.