Прыгарад Стакгольма, дзе арудуюць бандыты-падлеткі з ліку мігрантаў, стаў адным з самых небяспечных месцаў Еўропы
Статыстыка выкарыстання зброі ў Швецыі пераўзышла краіны Усходняй Еўропы і Італію.
Станцыя метро Рынкебю. Фота: Wikimedia Commons
Як піша Die Welt, рэкордным па ўзроўні злачынстваў з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі для Швецыі стаў 2022 год, калі яна па гэтым паказчыку ў пераліку на душу насельніцтва стала другой у Еўрасаюзе пасля Харватыі. Тады ў краіне быў зарэгістраваны 391 выпадак страляніны. Вынікам стала смерць 62 чалавек. Яшчэ 107 былі параненыя. Гвалт усё часцей закранае выпадковых людзей, не звязаных з крымінальнымі структурамі. Нават выбухі каля жылых дамоў перасталі быць рэдкасцю.
Станцыя метро Рынкебю (Rinkeby), што на поўначы Стакгольма, адкрывае доступ да мікракосму мігранцкага жыцця: каля яе прадаюць гародніну, гатуюць кебабы, тут працуюць цырульні і кавярні, якія пераважна трымаюць выхадцы з Самалі. Жанчыны ў хіджабах, мужчыны ў халатах — гэта, бадай, самы сумнавядомы раён Швецыі, назву якога часта згадваюць, калі СМІ і палітыкі абмяркоўваюць бандытызм і правал інтэграцыі мігрантаў.
У гэтым раёне, дзе жыло многа самалійцаў, і ўтварылася група падлеткаў, якія спачатку разам прагульвалі школу, а потым уцягнуліся ў злачынную дзейнасць, жорсткасць якой з кожным годам нарастала.
Пік наступіў у 2015 годзе, пасля сур'ёзнага крадзяжу, у якім людзі ў масках скралі каля 180 тысяч еўра з пункта абмену валют. У Рынкебю хутка разышлася інфармацыя пра тое, хто быў да гэтага датычны. Малодшыя члены групоўкі раззлаваліся, што іх не ўзялі на справу.
Аднаго са злачынцаў пабілі, а калі ён спрабаваў уцячы, — смяротна паранілі ў спіну. Далей пайшла ланцуговая рэакцыя. Праз два дні застрэлілі аднаго з меркаваных удзельнікаў забойства.
Ніхто не панёс адказнасці за гэтыя забойствы. З варагуючых груп хутка ўтварыліся дзве групоўкі — Shottaz і Dödspatrullen. Іх супрацьстаянне цягам некалькіх гадоў прывяло да вялікай колькасці смерцяў.
Гэтыя банды, мяркуюць эксперты, сталі зыходным пунктам некантраляванага выбуху злачыннасці, які дагэтуль трымае Швецыю ў стане няспыннай напружанасці.
Прычыны канфліктаў: барацьба за кантроль над прыбытковым рынкам наркотыкаў, імкненне ўзняцца ў гангстарскай іерархіі ці нават простая абраза.
У Швецыі лёгка здабыць зброю, якую кантрабандай прывозяць з Усходняй Еўропы. У кліпах гангста-рэпераў і сацыяльных сетках можна ўбачыць, як маладыя людзі пазіруюць з аўтаматамі. Але гэтая зброя выкарыстоўваецца не толькі перад камерай, але і ў рэальным жыцці — і даволі часта.
Першыя забойствы ў Рынкебю шакавалі акругу. Маці падлеткаў, што пражываюць у гэтым раёне, заснавалі групу «Nattvandring» («Начная прагулка»). Кожныя выхадныя паўтара дзясятка жанчын збіраюцца ў цэнтры Рынкебю, каардынуюць дзеянні з мясцовай паліцыяй і патрулююць наваколле.
Некаторы час пасля першых забойстваў у Рынкебю захоўваўся адносны спакой. Але праз паўтара года адбылося чарговае забойства: у піцэрыі застрэлілі мужчыну. І гэтае забойства зноў стала вынікам канкурэнцыі мясцовых банд.
Але да таго часу гвалт выплеснуўся на іншыя часткі краіны: Мальмё, Гётэборг, меншыя гарады. Паводле даных паліцыі, у 2022 годзе кожная другая ахвяра страляніны пражывала па-за межамі трох найбуйнейшых гарадоў краіны. Раней гэты паказчык складаў толькі каля 35%. Банды пашырылі сваю дзейнасць на ўсю тэрыторыю краіны.
Скрын відэа: Euronews.com
У чым прычына росту злачыннасці?
Нягледзячы на ўзмацненне заканадаўства аб кантролі над зброяй і павелічэнне фінансавання паліцыі, тагачасны ўрад, большасць у якім складалі сацыял-дэмакраты, не змог спыніць рост злачыннасці. Правыя нацыяналісты з партыі «Шведскія дэмакраты» здолелі выкарыстаць гэта ў перадвыбарчай кампаніі, звёўшы ўсю праблему да міграцыі і няўдалай інтэграцыі.
Да 2015 года Швецыя мела адзін з самых ліберальных міграцыйных рэжымаў у свеце, але крызіс вымусіў перагледзець гэтую палітыку. «Шведскія дэмакраты» сталі другой па сіле партыяй у краіне, а цяпер падтрымліваюць правацэнтрысцкі ўрад і ўплываюць, перш за ўсё, на міграцыйную палітыку.
Аднак органы бяспекі разглядаюць праблему шырэй. Яны бачаць прычыны росту гвалту ў спалучэнні сацыяльнай ізаляцыі, адсутнасці інтэграцыі, павелічэння разрыву паміж багатымі і беднымі і рэзкага росту спажывання наркотыкаў.
Так лічыць і Дыямант Салігу (Diamant Salihu) — адзін з самых вядомых шведскіх крымінальных рэпарцёраў, які ўжо больш за дзесяць гадоў даследуе гвалт у краіне. Ён аўтар некалькіх кніг пра шведскія банды, у тым ліку пра канфлікт у Рынкебю.
Як сцвярджае Салігу, ён размаўляў з дзясяткамі людзей, якія так ці інакш былі ўцягнутыя ў бандыцкія разборкі ў Рынкебю, у тым ліку з сем'ямі забітых або асуджаных членаў банд. На яго думку, прычына гвалту ў спалучэнні сацыяльных праблем і палітычных няўдач.
Жыллёвая палітыка Швецыі прывяла да таго, што людзі з мігранцкім паходжаннем амаль не маюць шанцаў выехаць з сацыяльна праблемных раёнаў. Жыллё ў цэнтрах гарадоў дарагое, а чарга на атрыманне лепшага сацыяльнага жытла можа доўжыцца дзесяцігоддзямі. Тыя ж, хто мае сродкі — найперш этнічныя шведы — даўно пакінулі гэтыя раёны.
Салігу, які з сям’ёй уцёк з Косава ў Швецыю ў 1991 годзе, можа пацвердзіць гэта з уласнага досведу. Ён лічыць сацыяльную сегрэгацыю найбольшай перашкодай у інтэграцыі мігрантаў.
«Я сам вырас у раёне накшталт Рынкебю, але тады там яшчэ жылі шведскія сем’і, з якімі можна было камунікаваць. Школы былі змяшанымі. Я хутка вывучыў шведскую і завёў новыя кантакты», — тлумачыць ён.
Але з таго часу сацыяльны разрыў павялічыўся, а прыватызацыя сістэмы адукацыі Швецыі прыводзіць да таго, што моладзь з пераважна мігранцкіх раёнаў мае нізкія стартавыя магчымасці.
У дадатак — у мусульманскіх сем’ях дзяцей часта аддаюць у рэлігійныя школы або бяруць з сабой у доўгія паездкі на радзіму. У выніку яны павольней вывучаюць шведскую мову, многія не заканчваюць школы, трапляюць на вуліцу, дзе прадаюць наркотыкі — і, урэшце, альбо сядаюць у турму, альбо гінуць.
Што рабіць?
На працягу доўгага часу шведская дзяржава амаль не прысутнічала ў такіх уразлівых раёнах, як Рынкебю. З пачатку 2000-х як сацыял-дэмакраты, так і кансерватары скарацілі фінансаванне, скасавалі сацыяльныя паслугі, а за два гады да пачатку смяротных гангстарскіх канфліктаў нават закрылі мясцовы апорнік паліцыі.
Асабліва турбуе тое, што як ахвяры, так і злачынцы становяцца ўсё маладзейшымі. Пасля пасадкі старэйшых бандытаў утварыўся вакуум улады, які занялі маладыя злачынцы. Яны цяпер вядуць крывавую вайну за дамінаванне.
Забойствы на замову і атакі на супернікаў — хуткі спосаб падняцца ў бандыцкай іерархіі.
Раскрывальнасць забойстваў сярод непаўналетніх складае ад 20 да 25 працэнтаў, і непаўналетнія правапарушальнікі звычайна трапляюць у турму толькі на два-тры гады. Для многіх гэта прывабная рызыка.
Яшчэ пры сацыял-дэмакратах былі прыняты меры па ўзмацненні барацьбы з гвалтам. Цяперашні правацэнтрысцкі ўрад і саюзныя з ім «Шведскія дэмакраты» працягваюць гэты курс. Акрамя мер па ўмацаванні паліцыі, абмяркоўваецца закон, падобны да таго, што быў прыняты ў суседняй Даніі, які падвойвае пакаранні за злачынствы, звязаныя з дзейнасцю ў бандыцкім асяроддзі.
Праз пяць гадоў пасля першай эскалацыі ў Рынкебю адкрыўся новы паліцэйскі ўчастак. Ён пабудаваны як крэпасць: уваход праз некалькі ахоўных брам, вокны куленепрабівальныя, сцены пакрыты жалезнымі пласцінамі.
У раёне таксама актывізаваліся сацыяльныя службы. У выніку ўсіх гэтых захадаў узровень злачыннасці ў некаторых найбольш гарачых месцах сапраўды знізіўся. Аднак жанчыны працягваюць збірацца на свае начныя патрулі.
«Калі мы пакінем гэта пакаленне сам-насам з праблемамі, гвалт ніколі не скончыцца», — кажа адна з іх.
Чытайце таксама:
Як самыя небяспечныя наркакартэлі свету захопліваюць Еўропу
У Швецыі анлайн-сэкс прыраўнялі да прастытуцыі: карыстальнікам OnlyFans пагражае турма
У Швецыі ўсе разлічваюцца безнаяўнымі, але ўрад заклікае запасціся папяровымі грашыма