БЕЛ Ł РУС

Пры Брэсцкай крэпасці ўжо два тыдні гараць вогнішчы. Людзі скардзяцца на дым і смурод

17.07.2025 / 17:42

Nashaniva.com

У Брэсце жыхары скардзяцца на тое, што ўжо два тыдні на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці паляць дрэвы. Людзі, чые дамы знаходзяцца побач, кажуць, што немагчыма адчыніць вокны або вывесіць бялізну — у паветры вісіць дым і стаіць смурод. Адна з жыхарак нават зняла відэа і выклала яго ў тыкток, дзе ролік хутка набраў больш за 30 тысяч праглядаў, піша BG.Media.

Паваленыя дрэвы на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ў маі 2025 года. Фота: Брэсцкі гарвыканкам

Паводле слоў жанчыны, супрацоўнікі, якія займаюцца спальваннем, на пытанне пра дазвол адказалі, што гэта «распараджэнне мэра». Людзі некалькі разоў выклікалі МНС і міліцыю, аднойчы нават быў выпісаны штраф. Аднак гарэнне працягваецца, і, як адзначаюць сведкі, «месца гарэння перамяшчаецца злева направа» і цягнецца ўжо нават не два тыдні, а амаль паўтара месяца.

@user6268431071299

♬ Danger - SoundAudio

Пакуль гарадскія ўлады не далі афіцыйных тлумачэнняў, аднак вядома, што з мая 2025 года ў Брэсцкай крэпасці праходзяць маштабныя работы па ўпарадкаванні. Сярод іншага там расчышчаюць тэрыторыі, дзе рэдка бываюць турысты: прыбіраюць паваленыя дрэвы, прарэджваюць кроны, а таксама наводзяць парадак на Пагранічным і Шпітальным астравах.

Упарадкаванне Брэсцкай крэпасці ў маі 2025 года. Фота: Брэсцкі гарвыканкам

Раней паведамлялася, што работы ахопліваюць шэсць участкаў, уключаючы насыпы і валы па перыметры, а таксама зоны каля Кобрынскага ўмацавання, галоўнага ўваходу і Тэрэспальскіх варот. Часткай гэтых работ можа быць і спальванне залішняй расліннасці, аднак дакладнага пацвярджэння гэтаму пакуль няма.

Мясцовыя жыхары заклікаюць улады прыняць меры, бо дым шкодзіць здароўю, асабліва дзецям і пажылым людзям. Некаторыя прапануюць замест спальвання аддаваць дровы грамадскім установам, напрыклад, лазням.

Чытайце таксама:

Для гараджан — перамога, для вяскоўцаў — трагедыя. Што паказала дзяржаўнае апытанне пра Другую сусветную вайну

Стала вядома, колькі атрымаюць беларускія артысты за выступленне на начным канцэрце ў Брэсцкай крэпасці

Брэсцкую крэпасць прапануюць унесці ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА

У Беларусі склалі «мабільны» рэйтынг славутасцяў. Самая папулярная трохі нечаканая

Каментары да артыкула