У Польшчы скасоўваюць тэрміны разгляду заяў на міжнародную абарону
У Польшчы падрыхтавалі законапраект, паводле якога плануецца часова скасаваць тэрміны разгляду заяў на міжнародную абарону. Цяпер такія справы павінны разглядацца па працягу 6 месяцаў, а ў складаных выпадках — да 15 месяцаў. Але праз вялікую колькасць заяў, асабліва ад украінцаў, гэтыя тэрміны ўсё часцей зацягваюцца, піша Most.
Фота: Most
Цяпер прапануецца зусім адмяніць абавязак разгледзець справу ў пэўны тэрмін, а таксама інфармаванне заяўнікаў пра затрымкі. Адказнасці за парушэнне тэрмінаў ведамства таксама не панясе.
Паводле праекта, новыя правілы будуць дзейнічаць да 4 сакавіка 2026 года, але падобныя меры раней ужо працягваліся на нявызначаны тэрмін — напрыклад, тэрміны разгляду спраў адносна дазволу на жыхарства адмянілі яшчэ ў 2022 годзе.
Нягледзячы на затрымкі, калі заяўнік не вінаваты ў тым, што яго справа не разгледжаная за 6 месяцаў, то ён усё адно зможа атрымаць дазвол на працу.
Прычына змяненняў — вялікая нагрузка на польскае Упраўленне па справах замежнікаў. У першай палове 2025 года з заявамі на міжнародную абарону звярнуліся 8,5 тысячы чалавек, з якіх 5 тысяч — грамадзяне Украіны. Гэта амаль удвая больш, чым за такі ж перыяд у 2024 годзе. Колькасць беларусаў, што звярталіся па абарону, зменшылася з 2 тысяч да 1,6 тысячы.
Прадстаўнік упраўлення Якуб Дудзяк адзначыў, што многія заяўнікі злоўжываюць працэдурай, каб хутчэй легалізавацца ў Польшчы, а некаторыя ўкраінскія мужчыны такім чынам імкнуцца пазбегнуць мабілізацыі.
Чытайце таксама:
У Польшчы ў дзясятках гарадоў прайшлі дэманстрацыі супраць міграцыі
За паўгода колькасць беларусаў, якія атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы, павялічылася на тысячу