З беларускіх вадаёмаў знікаюць залатыя карасі
Спрадвеку залаты карась быў шырока распаўсюджаны ў рэках і азёрах Беларусі, але ў апошнія дзесяцігоддзі ягоная колькасць катастрафічна змяншаецца, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».
Залаты карась
Прычына праблемы — у канкурэнцыі з боку срэбнага карася, якога завезлі ў Беларусь у канцы 1940-х гадоў з басейна ракі Амур для рыбнай гаспадаркі. Гэты від хутка рос, актыўна міграваў і ў выніку захапіў большасць вадаёмаў краіны.
Срэбны карась
Срэбны карась лепш за залатога пераносіць дэфіцыт кіслароду і забруджванне вады. А самкі срэбнага карася паспяхова размнажаюцца нават без сваіх самцоў — іх ікрынкі могуць апладняць іншыя віды рыб.
Эколагі просяць рыбаловаў з увагай ставіцца да гэтай праблемы і раяць пры вылоўліванні адпускаць залатых карасёў назад у вадаём, а таксама не выкарыстоўваць срэбнага карася як жыўца там, дзе жыве залаты.
Акрамя гэтага, рэкамендуецца не падсяляць срэбнага карася ў вадаёмы, дзе жыве залаты, і фіксаваць наяўнасць залатога карася ў прамысловых уловах, адрозніваючы яго ад срэбнага, пры напісанні справаздачы.
Чытайце таксама:
У Беларусь зноў прыляцела нільская гусь. Але радавацца тут няма чаму
У Беларусь прыйшоў лясны кот — такога не бачылі амаль 100 гадоў
У Навагрудскім раёне мор рыбы: калгас зліваў гной у раку
У сацсетках завірусіўся ролік з канём, які чакае аўтобуса на Магілёў ВІДЭА